В Ивацевичах состоялась пресс-конференция губернатора Брестской области Константина Андреевича Сумара

Старшыня Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта Канстанцін Андрэевіч Сумар

У мінулую сераду традыцыя прадоўжана, але — у новай форме. Была пабудавана ў фармаце «два ў адным», калі прэс-канферэнцыі папярэднічаў прэс-тур па зямлі івацэвіцкай. Дзвюма групамі журналісты наведалі знакамітыя мясціны, пазнаёміліся з работай сельскагаспадарчага сектара, прамысловых прадпрыемстваў.
Урочышча Марачоўшчына не без падстаў лічыцца жамчужынай краю. Менавіта тут нарадзіўся Андрэй Тадэвуш Банавентура Касцюшка. У 2005 годзе было завершана аднаўленне і адбылося адкрыццё дома-сядзібы Касцюшкаў. Дзейнічае музей, наведаць які едуць многія і здалёк. За пару сотняў метраў ад мемарыялу знаходзіцца палац Пуслоўскіх, што з’яўляецца часткай узведзенага ў XVII-XIX стагоддзях Косаўскага палацава-паркавага ансамбля. Палац ці, як часта гучыць, Косаўскі замак уключаны ў спіс прыярытэтных аб’ектаў рэстаўрацыі гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь.
Наведалі таксама СВК «Квасевічы». Даволі моцны сельгаскааператыў. Пры бальнасці ворыва ў сярэднім крыху большай за 32, з кожнага зерневага гектара ў мінулы сезон сабрана амаль 55 цэнтнераў ураджаю, рапсавы гектар заважыў на 22,9 цэнтнера. Займаюцца вытворчасцю мяса, канешне ж, — малака. Нядаўна рэканструяваную МТФ гаспадаркі наведалі непасрэдна. Сістэма даення паказалася новай: па замацаванай на вышыні манарэйцы даільны апарат перасоўваецца да каровы.
Першая чарга Івацэвіцкага кукурузакалібровачнага завода ТАА «Брэст-травы» уведзена ў 2009 годзе па праграме імпартазамяшчэння. У бягучым годзе перапрацавана 25 тысяч тон пачаткаў, падрыхтавана ўжо 10,5 тысячы тон кукурузнага насення. З пасеяных у гэтым годзе ў краіне 23 тысяч тон кукурузы, 15 тысяч — беларускай вытворчасці.
Цэх па вытворчасці драўняна-стружкавых і ламініраваных пліт ААТ «Івацэвічдрэў» першую пліту выпусціў у сёлетнім маі. Цэх-аўтамат вырабляе прадукцыю розных тыпа-размераў, 60 працэнтаў якой адгружаецца на экспарт.
На пачатку прэс-канферэнцыі Канстанцін Сумар спыніўся на найбольш значных выніках работы гаспадарчага комплексу Брэстчыны ў 2012 годзе. «Год у эканамічным плане быў няпростым. Па сутнасці, эканоміка пачала развівацца ў новых макраэканамічных умовах. На першы план выйшлі задачы па мадэрнізацыі прадпрыемстваў рэальнага сектара, актывізацыі знешняга попыту, павышэнні прадукцыйнасці працы і за кошт гэтых фактараў забеспячэнні росту заработнай платы…», — адзначыў старшыня аблвыканкама.
Нягледзячы на ўсё, тым не менш, эканоміка вобласці выйшла на ўзровень мінулага года, і валавы рэгіянальны прадукт за 11 месяцаў года бягучага перавысіў ВРП усяго мінулага года. «Асабліва хачу адзначыць работу сельскай гаспадаркі», — на рабоце аграрыяў губернатар зрабіў асаблівы акцэнт.
Што да года 2013, то, па словах кіраўніка вобласці, адной з асноўных задач з’яўляецца мадэрнізацыя вытворчасці: «Мы для сябе паставілі задачу, каб кожнае прадпрыемства не засталося без увагі».
Пытанняў было многа і самых розных. Журналістаў цікавілі перспектывы газіфікацыі населеных пунктаў, лёс малакамплектных школ, магчымасці будаўніцтва спортаб’ектаў, дзіцячых устаноў у некаторых з райцэнтраў вобласці. Былі пытанні эканоміка-вытворчага характару і іншыя. Увогуле, больш як за 2 гадзіны стасункаў журналісты даведаліся аб многім, што можна будзе яшчэ не аднойчы выкарыстаць у сваіх публікацыях ці тэлепраграмах.
У сваю чаргу Канстанцін Сумар заўважыў, што хацеў бы чуць ад журналістаў больш канструктыўных прапаноў.
Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *