Салодкі напой сакавіка.У лясах Ляхавіцкага раёна пачалася падсочка

У гэтым годзе вясна прыйшла па раскладзе: ужо з першага сакавіка на тэрмометры плюсавая тэмпература. А гэта значыць, прыйшоў час збіраць ураджай: у лясах Ляхавіцкага раёна пачалася падсочка. У гэтым годзе зборам бярозавага соку займаюцца шэсць нарыхтоўшчыкаў.

Як расказалі ў Ляхавіцкім лясгасе, усе нарыхтоўшчыкі ўжо атрымалі лясныя квіткі, і бярозавік вельмі павольна, але пачынае цячы. Дарэчы, для нарыхтоўкі соку ў Ляхавіцкім раёне выдзелена 254,7 гектара лесу з беластволымі прыгажунямі.

Нарыхтаваны бярозавік, як і ў мінулыя гады, пойдзе на рэалізацыю насельніцтву і для кансервавага завода. Дарэчы, летась на перапрацоўку яго адправілі больш за 900 тон.
А калі вы хочаце назапасіць сок самастойна, дастаткова звярнуцца ў лясніцтва ці ў лясгас.

Ірына КУЗЬМІЧ.Ф