Па закліку сэрца. Менавіта з прафсаюзным рухам непарыўна звязана свята Першамая

Прафсаюзныя лідары Ляхавіцкага кансервавага завода Вольга Бурак, Эдуард Трысцень, Вольга Матуліс.

І нездарма, бо гэта грамадскае аб’яднанне стаіць на варце нашых працоўных інтарэсаў, клапоціцца пра захаванне правоў работнікаў. Заўсёды побач – менавіта так можна ахарактарызаваць пазіцыю прафсаюзаў. Прафсаюзныя актывісты ўваходзяць у склад выбарчых камісій і з’яўляюцца наглядальнікамі на выбарах, удзельнічаюць у дабрачынных акцыях і аказваюць дапамогу мнагадзетным і малазабяспечаным сем’ям у падрыхтоўцы да новага навучальнага года. Прафсаюзы выдзяляюць сродкі на патанненне дзіцячых пуцёвак у аздараўленчыя лагеры і арганізуюць спартыўныя мерапрыемствы, праводзяць маніторынг цэн і прававыя прыёмы… А яшчэ беларускія прафсаюзы займаюцца заканатворчасцю, напрыклад, распрацавалі і ўнеслі на разгляд Урада прапановы па змяненні Працоўнага кодэкса, многія з якіх нядаўна ўступілі ў дзеянне.

Расказвае старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Тамара Пракап’юк:
– У Ляхавіцкім раёне каля 7,5 тысячы землякоў аб’яднаны ў 79 прафсаюзных пярвічак. Іх клопат –
забеспячэнне сацыяльных гарантый, абарона правоў работнікаў, стварэнне ўмоў для бяспечнай працы і актыўнага адпачынку. У працоўных калектывах заключаны 72 калектыўныя дагаворы паміж наймальнікам і прафсаюзам. На прававыя прыёмы грамадзян,
якія вядуць прававыя інспектары ФПБ, у мінулым годзе звярнуліся больш за паўсотні жыхароў раёна.
У гушчыні грамадскіх, спартыўных, культурных падзей заўжды прафсаюзныя лідары. І не толькі таму, што пасада абавязвае, але і па закліку сэрца.
– Ганарымся вопытнымі старшынямі пярвічак, такімі як Людміла Мікуліч з ААТ «Жарабковічы», Уладзімір Грыгаровіч з райпо, Іна Смаршчок з камунгаса, Вольга Анікей з малочнага завода, Таццяна Абражэвіч з СШ № 1, Анжэла Івановіч з гімназіі. Але і сярод навічкоў нямала актыўных і ініцыятыўных, напрыклад, Вольга Матуліс з кансервавага завода, Крысціна Маслоўская з ільнозавода, Вольга Курловіч са СДЮШАР, – зазначае Тамара Пракап’юк.
Крыху больш чым год, як вядучы спецыяліст па маркетынгу ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод»  Вольга Матуліс узначаліла тутэйшую прафсаюзную арганізацыю:
– Лічу, што задача старшыні прафкама не ў тым, каб паставіць подпіс пад дакументам, а сачыць, як ён працуе, абараняць інтарэсы работнікаў, кантраляваць выкананне службовых абавязкаў.
Спачатку хвалявалася, каб усё атрымалася. Мне вельмі дапамагала парадамі, арганізавала вучобу старшыня раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК Ірына Чура, наогул, магу звярнуцца да яе па любым пытанні.
У тым, што са 149 работнікаў завода 140 – члены прафсаюза, заслуга і дырэктара прадпрыемства Аляксандра Вашчука. Аляксандр Мікалаевіч дапамагае словам і справай, жыве інтарэсамі калектыву, за што яго паважаюць завадчане.
Наш прафкам – дружная і згуртаваная каманда. Колькі цікавых ідэй падказваюць галоўны эканаміст Віталій Якавец і вядучы эканаміст Валянціна Славута. Пільна сочаць, каб выконвалася тэхніка бяспекі грамадскія інспектары па ахове працы Уладзімір Бакун, Алена Бушэйка, Эдуард Трысцень.
Пытанні аплаты працы, умовы і ахова працы ва ўсіх падраздзяленнях, выкананне тэхнікі бяспекі, урэгуляванне працоўных адносін, аказанне матэрыяльнай дапамогі на аздараўленне, культурна-масавая і спартыўная работа, навагоднія падарункі для працаўнікоў і іх дзяцей – толькі частка надзённых спраў і клопатаў заводскага прафсаюза.
Вольга Матуліс удзячна сваім папярэднікам, якія заклалі важкі падмурак, – былым старшыням прафсаюзнай пярвічкі завода Вользе Бурак і Эдуарду Трысценю.

Вольга Бурак узначальвала прафкам амаль 18 гадоў. Узгадвае:
– 90-я гады мінулага стагоддзя сталі сапраўдным выпрабаваннем і для прафсаюзаў. Людзі выхо-дзілі з іх. На той момант на кансервавым заводзе пярвічка не налічвала нават і дзясятка чалавек. Сярод тых, хто не здрадзіў прафсаюзу, – і колішні дырэктар прадпрыемства Леанід Лейчанка. Менавіта пры яго падтрымцы і дапамозе адраджалі пярвічку. Умовы працы паляпшаліся, прадпрыемства працавала стабільна, работнікі мелі дастойную зарплату, з энтузіязмам згаджаліся на любыя цікавыя прапановы.
На грамадскай рабоце асабліва шчыравалі Галіна Патоцкая, Іван Станіславовіч, Наталля Тарасевіч.
– Прафсаюзны старшыня – пасада выбарная, значыць, неабходна апраўдваць давер, які табе аказалі ў калектыве. Паверце, гэта зрабіць няпроста, абараняць інтарэсы працаўнікоў – надзвычай адказная задача. Ад яе вырашэння іншы раз залежыць лёс чалавека, – перакананы Эдуард Трысцень.
А яшчэ ён і яго калегі ведаюць, што калектыў іх падтрымае ў любой справе. І такая падтрымка – лепшая ацэнка работы прафсаюза.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.