Заўсёдны сімвал

Што такое вайна? Вайна – гэта гора, бяда, слёзы, расставанне, смерць. Больш за дваццаць мільёнаў загінулых: салдатаў і афіцэраў, мірных жыхароў… Няма сям’і, у якую вайна не прынесла б смерць і гора.

Беларусь багатая на памятныя месцы, звязаныя з Вялікай Айчыннай вайной. Вечны агонь, вялікія мемарыялы ёсць і ў Мінску, і ў Брэсце, і ў Віцебску, і ў іншых гарадах. Па ўсёй краіне стаяць у вёсках сціплыя помнікі аднавяскоўцам, якія не вярнуліся з вайны. Ёсць такі помнік і ў нас у Навасёлках.

Прама ў цэнтры аграгарадка стаіць помнік загінулым салдатам, якія абаранялі наш край ад фашысцкіх захопнікаў. Пад гранітнай плітой – брацкая магіла, у якой пахаваны 30 чалавек. Усе яны загінулі ў дзень вызвалення вёскі – 7 ліпеня 1944 года. На жаль, прозвішчы пахаваных салдатаў невядомыя.

На бетонным пастаменце – скульптура воіна з аўтаматам і каскай у руках, шыльда са словамі «Вечная памяць і слава загінулым у барацьбе за вызваленне нашай Радзімы». Вечны агонь сімвалізуе памяць пра ўсіх салдатаў і мірных жыхароў, што загінулі на вайне.
Усталяваны помнік быў у 1975 годзе. У першыя дні мая каля яго заўсёды шматлюдна. Мы, школьнікі, разам з настаўнікамі і аднавяскоўцамі кожны год прыносім да падножжа помніка кветкі, заміраем у хвіліне маўчання.

Ульяна ЯКУБОВІЧ,школьная газета «Голас моладзі» Навасёлкаўскай СШ.