Веснавыя палявыя тэзісы

Вызначэнні тыпу “лёгка”, “проста” і ім падобныя не маюць з пасяўной кампаніяй абсалютна ніякага стасунку. Сяўба ніколі не давалася лёгка, не была простай: і ў плане працоўных намаганняў, і што тычыцца якаснай дакладнасці яе вядзення. Доказ гэтаму правілу знойдзены даўным-даўно. Аднак, нават і на фоне сказанага, сёлетняя яравая гісторыя бачыцца асабліва напружанай, абцяжаранай зусім не абавязковымі момантамі і акалічнасцямі. Дастаткова запознены выхад глебы ў стадыю пасяўной спеласці ніякім чынам не павінен адбіцца на тэрмінах завяршэння работ.
Пакуль жа гаворку можна весці пра пачатак: абсалютная большасць сельгаспрадпрыемстваў раёна да сяўбы зерневых хоць і прыступіла – знахо-дзіцца на стартавым адрэзку дыстанцыі. Калі за арыенцір узяць дзень учарашні, з планавых 8210 яравых зерневых гектараў у раёне пасеяна нямногім больш за 500. Авёс, як правіла, але не толькі: ЗАТ “Белпрампрыбор” часткова, СВК “Тальмінавічы” адзіна сеюць толькі ячмень, прычым – піваварны. Пераадолена ўжо 100-гектарная мяжа. Хоць і не без асаблівасцяў. Па сведчанні галоўнага агранома “Тальмінавічаў” Мікалая Герасімовіча, сяўбу аўса давялося адкласці. Папярэдне і ў адпаведнасці з правіламі севазвароту вызначаныя пад культуры ўчасткі палёў яшчэ не скінулі вільгаць, нагадваюць хутчэй балота, не гатовы прыняць зерне яравы палетак. Але і ячменнае поле не абсалютна “гладкае”: даводзіцца прапускаць некаторыя асабліва пераўвільготненыя ўчасткі. Яны пакуль недаступныя нават для трактароў, “пастаўленых” на спараныя колы. Па падліках галоўнага агранома, на 40-гектарным полі з гэтай прычыны застаецца пуставаць некалькі гектараў. Канешне, пазней давядзецца вярнуцца і дасеяць. Гэтай жа культурай ці, у выпадку больш доўгага чакання спрыяльнасці, аднагадовымі травамі. Стрымлівае пасяўны тэмп і той факт, што часта механізатар вымушаны рабіць паўзу, каб пракантраляваць працаздольнасць рабочага органа і пры неабходнасці выправіць сітуацыю.
Увогуле ж, тальмінавіцкі яравы клін з’яўляецца адным з самых вялікіх сярод прадпрыемстваў АПК раёна. Зерневая група, напрыклад, размесціцца на плошчах у 740 гектараў. Больш толькі ў СВК “Жарабковічы” і ААТ “Ляхавіцкі райаграсервіс” – 1385 і 1000 гектараў, адпаведна. Найбольш ячменю: да 180 гектараў піваварнага дабаўляецца 320 “звычайнага”. Плюс паўтары сотні гектараў аўса, каля сотні зерневага лубіну. Ну і іншае дабро, сярод якога і150-гектарны кавалак грэчкі. Гаспадарка з’яўляецца ці не прыярытэтным сейбітам крупяной культуры ў раёне. Аднак, на чарзе пакуль не яна – асабліва цеплалюбівая. Засяроджанасць – на зерневых.
Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *