Начаўскі маршрут. У апошні дзень верасня дэпутаты Ляхавіцкага раённага Савета дэпутатаў дваццаць восьмага склікання «здавалі» сваю чарговую сесію

Сапраўдным экзаменам яна стала для старшыні Начаўскага сельскага Савета дэпутатаў Вячаслава Новіка, кіраўнікоў размешчаных на тэрыторыі сельсавета арганізацый і ўстаноў, мясцовых жыхароў.
На разгляд сесіі было вынесена пытанне аб рабоце, што праводзіцца Начаўскім сельскім Саветам дэпутатаў сумесна з зацікаўленымі службамі па павышэнні ўзроўню жыццезабеспячэння насельніцтва, добраўпарадкаванні населеных пунктаў і навядзенні парадку на зямлі.
Акрамя дэпутатаў, удзел у рабоце сесіі прынялі члены райвыканкама на чале са старшынёй Аляксандрам Камінскім, старшыні сельвыканкамаў, кіраўнікі аддзелаў і ўпраўленняў райвыканкама, раённых службаў і арганізацый.

Яе нумар – 20
Для дэпутатаў цяперашняга склікання гэта сесія была ўжо дваццатай. І другой, што прайшла ў фармаце выязнога пасяджэння. Сесію адкрыў старшыня райсавета дэпутатаў Леанід Калбаса. І перш чым адправіцца па начаўскім маршруце, дэпутаты разгледзелі і вызначыліся з рашэннямі па шэрагу пытанняў парадку дня. Большасць з іх тычылася ўнясення змяненняў у дэпутацкія рашэнні мінулых гадоў.

Начаўская акруга
У дзесяці населеных пунктах Начаўскага сельсавета пражывае
1582 чалавекі. 249 з іх яшчэ не дасягнулі працаздольнага ўзросту, а 449 гэты ўзрост ужо перасягнулі. Астатнія вяскоўцы і аграгараджане знаходзяцца ва ўзросце працаздольнасці. Два населеныя пункты новага тыпу – аграгарадкі Нача і Русінавічы – прыкладна аднолькавыя па колькасці жыхароў: у першым пражывае 476 чалавек, у другім – 474. Размешчаныя на тэрыторыі акругі ДП «Нача» і СВК «Ляхавіцкі» ўваходзяць у лік лепшых сельгасвытворцаў раёна, па шэрагу вытворчых пазіцый гатовы канкурыраваць з вядучымі аграарганізацыямі вобласці.
Жыхарам сельсавета прапанавана сетка ўстаноў аховы здароўя, адукацыі, культуры, гандлю, сувязі, у Русінавічах працуе фізкультурна-аздараўленчы комплекс. Дарэчы, падчас яго наведвання дэпутатам і запрошаным да ўдзелу ў сесіі ў якасці відовішча прапанавалі тэніс. Не пінг-понг, сталы для якога дзе толькі не «раскіданы», а так званы вялікі.
У працяг «здаровай» тэмы адзначым наяўнасць у сельсавеце Начаўскай урачэбнай амбулаторыі, Русінавіцкага і Рачканскага фельчарска-акушэрскіх пунктаў. У амбулаторыі і Рачканах прыём ажыццяўляе ўрач, у жыхароў ёсць магчымасць наведаць зубнога фельчара, прыняць фізіятэрапеўтычныя працэдуры, адзін ложак аддадзены пад дзённы стацыянар. У якасці рэзюмэ да тэмы можна прывесці словы старшыні сельвыканкама Вячаслава Новіка, сказаныя падчас пленарнага пасяджэння, пра тое, што нараканняў на работу медыцынскіх устаноў у насельніцтва няма.
Начаўскую сярэднюю школу наведваюць 94 навучэнцы, мясцовы дзіцячы садок – 30 дашкольнікаў і 8 першакласнікаў. Дашкольная ўстанова працуе і ў аграгарадку Русінавічы – для 28 выхаванцаў.
– Ва ўстановах адукацыі створаны добрыя ўмовы для дзяцей. Яны з’яўляюцца ўзорам з пункта гледжання падтрымання парадку і добраўпарадкавання, – адзначыў у адрас школы і дзіцячых садкоў старшыня сельвыканкама.
Дамамі культуры ў кожным з аграгарадкоў, дзвюма сельскімі бібліятэкамі і Мыслабажскім Домам народнай творчасці прадстаўлена сетка ўстаноў культуры сельсавета. Сваю пазіцыю ў іх адрас Вячаслаў Новік абазначыў прыкладна такімі словамі: хацелася б бачыць больш актыўную работу Начаўскага СДК,
Мыслабажскі ДНТ апошнім часам застаўся без работніка і можа быць зачынены. А вось пра Русінавіцкі СДК, яго работу і кіраўніка Людмілу Сідорскую – выключна станоўчыя словы-характарыстыкі.

Маршрут пройдзены
Пленарнае пасяджэнне адбылося ў Русінавіцкім СДК. А да гэтага быў маршрут з немалой колькасцю экскурсійна-пазнавальных і, безумоўна, рэвізійна-ацэначных «піт-стопаў». Пачалі з Грушаўкі і яе палацава-паркавага ансамбля, прадоўжылі ў Начы і, як было адзначана, завяршылі ў Русінавічах.
Выступаючы з дакладам па сутнасці вынесенага на сесію пытання, Вячаслаў Новік адзначыў, што апошнім часам выгляд тэрыторыі змяняецца ў лепшы бок. Асфальтуюцца дарогі, газавая труба «прыйшла» ў Русінавічы і Гаслаўшчыну, ажыццяўляецца збор даных для распрацоўкі праекта па пракладцы такой жа да аграгарадка Нача. Але, прызнаў старшыня сельскага Савета, ёсць і праблемныя месцы.
На іх жа, у значнай частцы, «выбудавана» прынятае па выніках сесіі рашэнне райсавета. Разам з тым адзначаецца станоўчы вопыт работы сельскага Савета па прыцягненні беспрацоўных грамадзян да ўдзелу ў грамадскіх аплачваемых работах і працаўладкаванні не занятых у эканоміцы грамадзян. Яго работа па павышэнні ўзроўню жыццезабеспячэння насельніцтва прызнана здавальняючай. Неабходна актывізавацца з добраўпарадкаваннем аб’ектаў і тэрыторый, паскорыцца з упарадкаваннем пустуючых дамоў, больш пільна паглядзець на некаторыя іншыя моманты. А ў прынцыпе, як канстатаваў старшыня райсавета дэпутатаў Леанід Калбаса, сельскі Савет працуе.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара.