Восеньская дата нараджэння. На Ляхавіччыне ў кастрычніку зарэгістравана па пяць нараджэнняў хлопчыкаў і дзяўчынак

На Ляхавіччыне ў кастрычніку зарэгістравана па пяць нараджэнняў хлопчыкаў і дзяўчынак. Па адным нованароджаным зафіксавана ў дакументах Жарабковіцкага, Ганчароўскага, Конькаўскага, Навасёлкаўскага і Альхоўскага сельвыканкамаў, яшчэ пяцёра – у аддзеле загса.
У кастрычніку бацькі назвалі сваіх сыноў Давідам, Цімафеем, Маркам, Арсеніем, Дзмітрыем, дачушкам выбралі імёны Дзіяна, Кацярына, Варвара, Сафія, Вікторыя, расказала «ЛВ» галоўны спецыяліст аддзела загса райвыканкама Святлана Сталярчук.
Першае дзіця нарадзілася ў шасці сем’ях, другое – у дзвюх. У другі месяц восені дзве сям’і сталі мнагадзетнымі. Сярод хлопчыкаў статус малыша-здаравячка заваяваў Дзмітрый, які нарадзіўся вагой 3950 грамаў і ростам 56 сантыметраў. У дзяўчынак у лідарах Дзіяна – яе вага пры нараджэнні 4430 грамаў і рост 57 сантыметраў.
У аддзеле загса ў кастрычніку выдадзена чатыры пасведчанні аб рэгістрацыі шлюбу, у сельвыканкамах – два. Сярэдні ўзрост восеньскіх нявест – 33 гады, жаніхоў – 36. Самай маладой нашай зямлячцы, якая стала жонкай, 19 гадоў, мужу 20.
Другі месяц восені стаў датай нараджэння сям’і, дзе мужу і жонцы на дваіх… 167 гадоў: шлюб зарэгістраваны паміж 87-гадовым жыхаром раёна і яго 80-гадовай спадарожніцай жыцця.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.