Ашчадна ставіцца да энергетычных і іншых рэсурсаў трэба не толькі ў Год беражлівасці

Кожны, напэўна, знаёмы з сітуацыяй, калі пры прыкладна аднолькавых даходах у адной гаспадыні сямейны бюджэт штомесяц трашчыць па швах, а ў другой эканомяцца сродкі. Гэтак жа і ў прадпрыемствах і арганізацыях: сэканоміш — прымножыш.
Як наладзіць гаспадаранне, каб быў відавочны эканамічны эфект, — пытанне ўжо іншае. І адказ на яго патрэбна шукаць паўсюдна: у службовых кабінетах, на вытворчасці, у арганізацыі працы, тэхналогіях. На СААТ «Ляхавіцкі малочны завод» замянілі цеплаабменнікі на новыя, устанавілі кацёл, які замяніў 2 старыя, аўтаматызавалі і мадэрнізавалі некаторыя тэхналагічныя працэсы — і эканамічны эфект не прымусіў сябе чакаць. Гэтак жа і на ТБЗ «Ляхавіцкі», дзе летась мадэрнізавалі ўчастак цепласеткі з укараненнем эфектыўнай тэхналогіі: пракладзены ізаляваныя трубы і пастаўлена новае помпавае абсталяванне. На прадпрыемстве заменены ўсе лямпы напальвання на светладыёдныя. Іменна гэты накірунак у плане эканоміі электраэнергіі апраўдвае сябе даволі хутка. За год і 2 месяцы работы светладыёдных свяцільняў эканамічны эфект склаў (у пераводзе на ўмоўнае паліва) 40 тон, іншымі словамі сэканомлена 63 мільёны рублёў. На мерапрыемствы было зрасходавана 74 мільёны рублёў. Такім чынам, яшчэ некалькі месяцаў — і ўсе затраты акупяцца спаўна.
У сельскагаспадарчай вытворчасці сэканомлены значныя сродкі дзякуючы ўкараненню тэхналогіі беспрывязнага ўтрымання жывёлы на глыбокай падсцілцы. Дарэчы, у раёне і ў гэтай сферы вытворчасці заменена 238 свяцільняў на энергазберагальныя, хоць першапачаткова планавалася ўстанавіць усяго 134 штукі. У даным накірунку актыўна працуе КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ». Значная ўвага эканоміі электраэнергіі ўдзяляецца на малочным заводзе. Летась прамыя энергазатраты ў параўнанні з 2011 годам зменшыліся на 2,482 тысячы тон умоўнага паліва (або на 5,6 працэнта). У асноўным выкананы ўсе мерапрыемствы, прадугледжаныя раённай праграмай па энергазберажэнні. Прычым, найбольшую эканомію энергарэсурсаў далі ўкараненне ў вытворчасць сучасных энергаэфектыўных тэхналогій, працэсаў, абсталявання. Больш эфектыўна працавалі кацельні і цепласеткі (сэканомлена 433 тысячы тон умоўнага паліва). Дало станоўчы эканамічны вынік і ўкараненне энергаэфектыўных асвятляльных прыбораў і аўтаматычных сістэм кіравання.
Разам з тым, летась не выкананы заданні раённай праграмы па энергазберажэнні — па павелічэнні долі мясцовых відаў паліва ў балансе кацельна-пячнога (пры заданні 67 працэнтаў выканана на 65). Недастаткова актыўна выкарыстоўвалі мясцовыя віды паліва сельскагаспадарчыя прадпрыемствы раёна і жылкамунгас. Але прычыны таму аб’ектыўныя: з-за спякотнага надвор’я сельгаспрадпрыемствы амаль не дасушвалі зерне. Што датычыць жыллёва-камунальнай гаспадаркі, на МВП даўно працуюць усе магчымыя кацельні. А вось жыхары раёна сталі менш купляць дроў і торфу.
Як адзначыла загадчыца сектара ЖКГ аддзела архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама Ірына Грынялевіч, планавы аб’ём фінансавання мерапрыемстваў па энергазберажэнні (за кошт усіх крыніц) быў вызначаны ў суме 10,912 мільярдаў рублёў. Зрасходавана 140 працэнтаў ад запланаванага — 15,223 мільярда. У асноўным гэта ўласныя сродкі арганізацый і крэдытныя рэсурсы банкаў, удзельная вага якіх у агульным аб’ёме фінансавання склала 50 працэнтаў, а таксама сродкі мясцовага бюджэту — 31,6 працэнта.
Раённая праграма па энергазберажэнні сёлета паставіла перад прадпрыемствамі, арганізацыямі, установамі новыя заданні.
Як паведаміла Ірына Грынялевіч, за 2 месяцы прамыя абагульненыя затраты ў параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года знізіліся на 12 працэнтаў — 1245 тысяч тон умоўнага паліва. Мэтавы паказчык па энергазберажэнні склаў мінус 4,5 працэнта пры даведзеным заданні на першы квартал мінус 2,5 працэнта. Доля мясцовых відаў паліва пры заданні 65,7 працэнта склала 55. Зноў відавочнае зніжэнне спажывання дроў і торфу — у асноўным за кошт змяншэння ў насельніцтва раёна попыту на гэтыя віды паліва.
2013 год аб’яўлены ў Беларусі Годам беражлівасці. А гэта значыць, што эканомія і ашчаднае стаўленне да рэсурсаў павінны ўвайсці ў звычку кожнага. Не апошняе значэнне тут мае збор другаснай сыравіны для далейшай перапрацоўкі: пластыкавыя бутэлькі, шкло, папера.
КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» заклікае ўсіх жыхароў горада і вёсак не быць раўнадушнымі, уключыцца ў паасобны збор другаснай сыравіны.
Дарэчы, кожнаму работніку камунальнай службы даведзена індывідуальнае заданне сабраць пэўную колькасць пластыку, шкла, тэкстылю, паперы. Але сіламі толькі камунальнікаў праблему не вырашыш. Далучыцца да гэтага варта кожнаму. Напэўна ж, справа актывізавалася б, калі б за здадзеную другасную сыравіну людзі атрымлівалі нейкую плату. Пакуль што райпо — адзіная арганізацыя, якая закупляе яе ў насельніцтва. Да гэтай праблемы «ЛВ» звяртаўся неаднойчы, свой пункт гледжання на яе выказвалі і чытачы.
Сёлета прадпрыемствы, арганізацыі, установы раёна павінны здаць 480 тон макулатуры, 240 — шкла, 20 — пластыку, 10 тон тэкстылю, 7 тон шынаў. Выканаць гэтае заданне ўпаўне магчыма, калі праявіць гаспадарлівасць, узмацніць рэжым эканоміі матэрыяльных, энергетычных і фінансавых рэсурсаў.

Аліна ЛАПІЧ.

фота з сайта http://www.krasotulya.ru/

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *