«Читать» человека как открытую книгу умеет ляховичанин Александр Литвиненко

…Сям’я маладых урачоў чвэрць стагоддзя назад прыехала па размеркаванні ў Ляхавіцкую райбальніцу. З таго часу Аляксандр і Таццяна Літвіненкі — нашы землякі. Аляксандр, дарэчы, як і належыць сапраўднаму мужчыне, 2 гады служыў у арміі начальнікам медслужбы асобнага батальёна ў Брэсце. Ён з тых людзей, хто не шукае лёгкіх шляхоў, пастаянна ўдасканальваецца ў прафесіі і спрабуе сябе ў новых медыцынскіх ролях. Многія пацыенты памятаюць яго маладым доктарам-рэаніматолагам, які не толькі прафесійна спраўляўся са сваімі абавязкамі, але і знаходзіў словы, каб супакоіць, падбадзёрыць, абнадзеіць.
Атрымлівалася ў Аляксандра Мікалаевіча быць нядрэнным адміністратарам — пэўны час працаваў загадчыкам паліклінікі. Аднак, цяга да практычнай работы ўзяла сваё. І калі ў 1993 годзе ў райбальніцы з’явіўся сучасны ультрагукавы апарат, Аляксандр Літвіненка асвоіў яго першым.
Ультрагукавы апарат — тое, што сур’ёзна дапамагае медыкам у пастаноўцы дыягназу і прызначэнні лячэння. З яго дапамогай спецыяліст «чытае» ўнутраныя органы, як адкрытую кнігу, бачыць нават самыя маленькія змяненні ў іх рабоце. Такая апаратура ў некаторых выпадках проста незаменная. Як і спецыялісты, якія ёй валодаюць.
Прафесіяналізм — адна з адметных рыс сям’і Літвіненкаў (Таццяна Міхайлаўна — загадчыца кабінета функцыянальнай дыягностыкі ЦРБ). Не дзіўна, што і дома, па-за работай, часцяком вядуцца размовы, а іншы раз і спрэчкі на медыцынскія тэмы. Перамагаюць у іх разважлівасць і ўзаемапавага, якія пануюць у сям’і. На такіх прыкладах выхаваны і дзеці. Яны ўжо дарослыя, але па-ранейшаму раяцца з бацькамі і пры любой магчымасці спяшаюцца дамоў.
— Я шчаслівы чалавек: у мяне ёсць цікавая і патрэбная людзям работа. Заўсёды з радасцю вяртаюся дадому, побач любімыя людзі — жонка, сын, дачка. Як у любога чалавека, ёсць мары. І гэта здорава, — так Аляксандр Літвіненка адказаў на пытанне, што для яго шчасце.
Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *