Мірны забег. У апошнюю суботу лютага ў аграгарадку Мір Баранавіцкага раёна прайшло абласное спартыўнае свята «Брэсцкая лыжня-2021»


БОЛЬШ ФОТА ТУТ

На апошнюю зімовую лыжную гонку з’ехаліся 32 каманды з усіх раёнаў Брэстчыны. На лыжы ў гэты дзень усталі тыя, каго называюць уладнай вертыкаллю, а таксама сілавікі: міліцыянеры, ваенныя, выратавальнікі, работнікі пракуратуры і Следчага камітэта, судмедэксперты, мытнікі і іншыя.


Нягледзячы на яўныя вясновыя прыкметы і, адпаведна, не самую лёгкую лыжню, лыжаролерная траса выглядала аптымістычна і святочна. Варта прыгадаць, што гэты спартыўны аб’ект нядаўна атрымаў, у прамым сэнсе, другое жыццё: пасля таго, як Кіраўнік дзяржавы два гады назад яго наведаў, тут была праведзена сур’ёзная рэканструкцыя. Цяпер спартыўна-біятлонны комплекс не пустуе ні ўзімку, ні летам, тут займаюцца юныя спартсмены і дарослыя аматары актыўнага адпачынку. І такі падыход не выпадковы, адзначыў старшыня абласнога выканаўчага камітэта Юрый Шулейка. Менавіта на падобных маленькіх пляцоўках і «нараджаюцца» спартыўныя зорачкі, тыя, хто ў будучым, магчыма, будзе абараняць гонар Беларусі на міжнародных спаборніцтвах.
– Спорту надаецца значная ўвага з боку дзяржавы. Учора Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў Алімпійскі сход  Нацыянальнага алімпійскага камітэта краіны. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што нам ёсць кім ганарыцца. Абсалютная большасць спартсменаў – сапраўдныя патрыёты, якія без астатку аддаюць свой талент, сілы, энергію для перамог у імя Айчыны, – сказаў старшыня аблвыканкама, адкрываючы спартыўнае свята.
Урачыста, патрыятычна, святочна, бадзёра і са спартыўным запалам – у такой атмасферы спартсмены-аматары мераліся лыжным ходам, трываласцю і азартам.
Па выніках эстафеты ляхавічане аказаліся ў першай частцы турнірнай табліцы: занялі дзявятае месца з  20 магчымых. Пераможцамі, як і летась, аказаліся лыжнікі з Брэсцкага аблвыканкама, на другім месцы – прадстаўнікі Баранавіцкага раёна, на трэцім – ганцаўчане.


Што датычыць спаборніцтваў сілавікоў, то ў іх з істотнай перавагай перамаглі супрацоўнікі абласнога ўпраўлення МНС. На другой прыступцы п’едэстала – каманда абласнога ўпраўлення дэпартамента аховы МУС, на трэцяй – упраўлення ўнутраных спраў аблвыканкама.
Узнагароды пераможцам і прызёрам уручылі старшыня аблвыканкама Юрый Шулейка і начальнік УУС Аляксандр Астрэйка.
Але і тыя, хто не заваяваў медалёў, дыпломаў і пераможных кубкаў, атрымалі на спартыўным свяце каштоўныя падарункі – зарад бадзёрасці і добры настрой, а таксама стымул і жаданне ўдасканальвацца ў спартыўным майстэрстве, каб у наступным лыжным сезоне паказаць сапраўдны майстар-клас.
Дарэчы, на зімовым свяце ляхавіцкую каманду заўважылі не толькі дзякуючы імкненню да спартыўнай перамогі і яркай амуніцыі з мясцовым каларытам. Такой актыўнай групе падтрымкі, як у нашых лыжнікаў, пазайздросціла не адна спартыўная дружына. Далёка не апошнюю скрыпку ў хоры балельшчыкаў ігралі самадзейныя артысты з Дараўскага СДК.

Святлана БЕЛЬМАЧ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.