Бульба ў дэфіцыце. «ЛВ» ацаніў агароднінны асартымент у гандлёвых аб’ектах Ляхавічаў

Днямі ў рэдакцыю патэлефанаваў ляхавічанін Сяргей і расказаў наступнае:
– Жывём у шматкватэрніку, сваёй дачы і агарода няма. Агародніну-садавіну купляем на рынку ці ў магазінах побач з домам. Нядаўна спатрэбілася бульба, зайшоў у магазін «ProЗапас» і там яе не знайшоў. У «Еўраопце» купіў, але яна аказалася нясмачнай – салодкай. Дайшоў да рынку, але і там бульбы не аказалася… А гэта ж, без перабольшання, ці не галоўны прадукт на стале…

Як аказалася, гэта не адзінкавы выпадак. У мінулую суботу знаёмая аббегала, па яе словах, увесь рынак і так і не знайшла патрэбныя ёй моркву і цыбулю. Купіла ўвесь камплект толькі ў магазіне «Усходні».
«ЛВ» на мінулым тыдні адправіўся на маніторынг сітуацыі, карэспандэнты аб’ехалі гандлёвыя кропкі райцэнтра ў пошуку найбольш запатрабаванай агародніны: бульбы, морквы, цыбулі, памідораў, агуркоў, садавіны, зяленіва.
У магазіне «Санта» купіць можна што заўгодна. Не выключэнне і садавінна-агароднінны асартымент. Бульба мінулагодняя і ўраджаю-2021, рэпчатая цыбуля некалькіх сартоў, капуста, морква, буракі, перац, агуркі, яблыкі і фрукты заморскія – выгляд прэзентабельны. Што датычыць кошту, то толькі адзін прыклад: кілаграм бульбы, выкапанай летась, – 1,14 рубля, сёлетняй – 2,28 рубля.
Наступны аб’ект – магазін «Родны кут» райпо па вуліцы Інтэрнацыянальнай.
У продажы прысутнічалі агуркі, памідоры, капуста, яблыкі, апельсіны. А вось цыбулі, морквы, буракоў і бульбы ў наяўнасці не было. Аналагічная карціна назіралася і ў яшчэ адным «Родным куце» па адрасе Леніна, 28.
Калі гаварыць пра райпоўскі гандаль, то толькі ў «Шчары» бульба была ў продажы – раскладзена па сетках, па 0,95 рубля за кілаграм.
На выгляд, здавалася б, нічога. А вось, па словах аднаго з пакупнікоў, па смаку не самая лепшая. Але, як гаворыцца,на колер і смак таварышаў няма.
Дарэчы, яшчэ адна істотная заўвага наконт асартыменту. З году ў год
вясной назіраецца адна і тая ж сітуацыя. Засумаваўшы па вітамінах, як толькі з’яўляецца першае зяленіва, людзі імкнуцца адвесці душу смачным халадніком. Чырвоныя буракі варацца доўга, куды зручней купіць кансерваваныя. Але ж такая  кансервацыя з’яўляецца дэфіцытам.
У Ляхавічах давялося яе знайсці толькі ў «Хіце». У адным з «Родных кутоў» прапанавалі купіць бурачкі па 0,60 рубля за кілаграм.
Агароднінны інтарэс можна задаволіць у магазіне «Усходні»: ёсць і морква, і цыбуля, і бульба, буракі, агуркі, памідоры, перац, капуста і шмат чаго іншага – усё разважана-раскладзена па поліэтыленавых пакетах. Апошні пакет бульбы забралі, лічы, з-пад рук.
Усяго вышэйпералічанага хапае і ў «Еўраопце», праўда бульба каштуе 1,79 рубля за кілаграм. Магазін «Хіт» нездарма папулярны сярод пакупнікоў. Тут не толькі цэны ніжэйшыя, але і самае неабходнае заўжды ў наяўнасці. Агародніна-садавіна – на любы густ.
А што прапануе рынак? Усё, акрамя бульбы, цыбулі і морквы. Дзеля праўды трэба адзначыць, што бульба на рынку ўсё ж прысутнічала – яе прадавала адна дбайная гаспадыня. Прасіла нядорага –
за вядзерца вагой чатыры кілаграмы пяць рублёў.
Атрымліваецца, асноўная агародніна, што вырошчваецца ў Беларусі, у Ляхавічах у дэфіцыце. Пытанне да райпо, якое нарыхтоўвае гэтую прадукцыю для яе далейшай рэалізацыі праз гандлёвую сетку. Значыць, нешта недалічылі ці мала закупілі. А пакуль нічога іншага, як зазірнуць у магазіны прыватнай формы ўласнасці, землякам, якія не маюць сваіх агароднінных запасаў, параіць, на жаль, не можам.

Галіна КАНЬКО.
Фота аўтара.