Ляхавічане гасцявалі ў Іванава

Творчыя калектывы Брэстчыны 18 мая сабраліся ў Іванава на V абласны адкрыты фестываль фальклорнага мастацтва «Радавод». Праводзіцца ён раз у два гады з мэтай захавання самабытнай культуры і традыцый вобласці, але па прадстаўніцтве ўдзельнікаў выйшаў ужо далёка за яе межы — гасцінна прымае дзіцячыя калектывы з Расіі, Украіны, Польшчы.
Па словах дырэктара цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Людмілы Юнік, прадстаўленыя сёлета конкурсныя нумары былі высока ацэнены арганізатарамі фестывалю. Фальклорны гурт «Кужалёк» СШ №1 (кіраўнік Наталля Сідор) за высокае выканальніцкае майстэрства ў стылі фолк-мадэрн узнагароджаны дыпломам III ступені. Анастасія Свянтэцкая, якая прадстаўляла цэнтр дадатковай адукацыі, па выніках фестывалю ўдастоена дыплома II ступені ў намінацыі «фолк-мадэрн». Жарт «Дзед», расказаны «кужалёўцам» Глебам Сідорам, прынёс яму дыплом I ступені.
Праграма фестывалю ўключае шмат конкурсаў, нямала прыхільнікаў збіраюць выставы. Напрыклад, «Бабуліна кухня», дзе панавала асаблівае ажыўленне і шматлікім наведвальнікам педагогі з цэнтра дадатковай адукацыі прапа ноўвалі традыцыйныя беларускія стравы: салёнае сала, агуркі, капусту, піражкі, самаробную каўбасу, дранікі, грузды з кадушкі. Выстава народнай творчасці «Горад майстроў » уражвала арыгінальнымі вырабамі, запрашала на майстар-класы. За лепшую выставу ў конкурсе дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва педагогі і выхаванцы ЦДАДзіМ удастоены дыплома ІІІ ступені. Яны паказвалі вырабы народнай творчасці з прыроднага матэрыялу: саломы, гліны, ільну, дрэва і нават з лямца. Дыпломы фіналістаў атрымалі аркестр шумавых інструментаў «Конькаўскія музыкі» (кіраўнік Аліна Болтуць) з Конькаўскага дзіцячага сада-сярэдняй школы і фальклорны гурт «Весялушкі» (кіраўнік Святлана Дыдышка) з Ліпскай СШ.
Адным словам, пафестывалілі ўдала!
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота з сайта http://cmt.brest.by/

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *