Ахвяра адпачынку. У Ляхавіцкім раёне патануў чалавек

Фота з архіва «ЛВ»


На рацэ Шчара ў Дараве 24 чэрвеня патануў чалавек. Папярэдне ўстаноўлена, што кампанія прыкладна з 23 гадзін адпачывала ў альтанцы на тэрыторыі пляжа, скакалі з моста і ныралі ў ваду. Каля трох гадзін убачылі, што адсутнічае іх таварыш.
Вадалазы Баранавіцкай выратавальнай станцыі знайшлі цела мужчыны на глыбіні  трох метраў у дзесяці метрах ад берага. Загінулым аказаўся жыхар г. Баранавічы 1980 г.н.


Асвод нагадвае, што ныранне з моста, гідратэхнічных збудаванняў, дамбаў і шлюзаў забаронена. Такі адпачынак можа прывесці да трагедыі. Супрацоўнікі Асвода пастаянна папярэджваюць аматараў экстрыму, якія на шлюзе на рацэ Ведзьма ныраюць з моста – там вельмі небяспечнае для купання месца.
Часта да бяды вядзе і жаданне акунуцца ў нецвярозым стане. Асвод разам з іншымі зацікаўленымі службамі пастаянна праводзіць рэйды па забароненых для купання месцах. Звычайна, адпачываючыя там незадаволены ўмяшаннем і аргументуюць, што шыльды пра забарону купання, маўляў, тут няма. Яшчэ раз нагадваю: афіцыйны статус зон адпачынку ў раёне маюць пляж на рацэ Ведзьме ў райцэнтры, пляж на рацэ Шчары (аг. Дарава), пляж на вадаёме для аздараўленчага лагера «Чайка». Купанне дазволена толькі там. 

З пачатку года на Брэстчыне патанула 30 чалавек, з іх тры — непаўналетнія.
Віктар ПРЫХАЧ, старшыня раённага савета Асвода.