Рэчы, непадуладныя часу. Каля двух дзясяткаў аўтааматараў на сваіх рэтрааўто з усіх абласцей краіны завіталі ў Ляхавічы

Усё ідзе да таго, што ў недалёкім часе ў нашы Ляхавічы паспяшаюцца турысты.  І для гэта ёсць рэальная нагода.
Больш за дзесяцігоддзе дырэктар ПУП «Аўтацэнтр «Вікторыя» Віктар Шчука ўвасабляў у жыццё мару стварыць на базе прадпрыемства музей тэхнікі. Экспанаты збіраў ашчадна, куды толькі ні ездзіў за запчасткамі, рухавікамі, кабінамі, кузавамі. Як сам расказвае, гадзінамі сядзеў за камп’ютарам на розных гандлёвых інтэрнэт-пляцоўках, каб купіць той ці іншы тавар…

Такая апантанасць музейнай ідэяй дорага каштуе – у прамым і пераносным сэнсе. Але дастаткова ўбачыць хаця б частку сабранага матэрыялу, і нават чалавек далёкі ад тэхнікі зразумее – справа таго вартая.
Зазірнём у адну з імправізаваных залаў. Кола да кола, руль да руля –
у цеснаце ды не ў крыўдзе – больш за сто адзінак веласіпедаў і матацыклаў. Сярод іх і легендарныя, выпушчаныя ў Мінску, Каўрове, Іжэўску – сэрцах мотатэхнікі.
А вось памяшканні, дзе размясціліся трактары. Далей – аўтамабілі розных мадэляў, прызначэння і гадоў выпуску, таксама больш за сотню.


Захапленне тэхнікай у Віктара Шчукі з дзяцінства. Першы трактар ён сабраў у дзявятым класе, як мог, эканоміў на абедах, каб купіць розныя дэталі, запчасткі.
Вось асаблівы гонар дырэктара «Вікторыі», яго першая рэтрапакупка, набытая 14 гадоў назад, – аўтамабіль «МАЗ» 1947 года выпуску. Адразу і не заўважыш – кабіна ў аўто… драўляная.
– Ляхавіччына – гэта прыгожыя краявіды, багатая гісторыя. І хочацца, каб пра тутэйшы гасцінны край ведала як мага больш людзей. Стварэнне музея рэтратэхнікі дазволіць прыцягнуць сюды турыстаў. Напэўна, нямала сучаснікаў, каму цікава, які транспарт быў папулярны раней, па якіх гадзінніках адсочвалі час, на якой апаратуры слухалі радыё і песні, якімі фотаапаратамі здымалі. Усё пералічанае плануецца размясціць у музейных экспазіцыях. Гэта не толькі турыстычны патэнцыял, але і напрамак у патрыятычным выхаванні падрастаючага пакалення – пазнаёміць дзяцей з развіццём беларускай тэхнікі, – раскрывае ідэю Віктар Шчука.
Каб выдзеліць неабходныя плошчы пад тэхнамузей, Віктар Іванавіч вырашыў перанесці вытворчыя памяшканні. І, канешне ж, шукаў і знайшоў такіх жа аднадумцаў, якія займаюцца рэтратэхнікай і гатовы падзяліцца экспанатамі для будучага музея.
У мінулыя выхадныя каля двух дзясяткаў аўтааматараў на сваіх рэтрааўто з усіх абласцей краіны завіталі ў Ляхавічы, дакладней у «Вікторыю».
– Магу пахваліцца сваім рэтрапаркам, які збіраў доўга і ашчадна. Цяпер маю каля  40 экзэмпляраў. Удзельнічаю ў разнастайных аўтапрабегах, з задавальненнем займаюся прапагандай рэтраруху на аўтамабілях, лічу важным заахвоціць такім заняткам і іншых, у тым ліку і моладзь, усё гэта павінна аб’ядноўваць нас. Вось і ў Ляхавічы многія прыехалі сем’ямі, – адзначае Уладзімір Пратасеня са Слуцка.
З Пухавіцкага раёна штурман Вольга Жос завітала на вясёленькім чырвона-малінавага колеру аўтамабілі «ЗАЗ»  (ці, як яго пяшчотна называюць, «Зёма»), адпаліраваным так, нібы толькі з салона.
– Мы з бацькам, які з’яўляецца старшынёй клуба аматараў «ЗАЗ», актыўна ўдзельнічаем у разнастайных ралі, у тым ліку і міжнароднага ўзроўню. Напрыклад, у 2019-м сталі пераможцамі «Олдтаймер-ралі-Мінск». Сёння вось прыехалі ў Ляхавічы паглядзець на экспанаты для будучага музея. Экспазіцыя ўражвае, усё спадабалася, – дзеліцца Вольга.
Не толькі асартымент на колах папоўніць скарбонку рарытэтаў. Радыёпрыёмнікі, магнітафоны, прайгравальнікі, патэфоны, грампластынкі – чаго толькі няма ў памяшканні з музычным ухілам. Тутэйшыя прадметы захопяць не толькі аматараў музыкі і радыётэхнікі, але і ўсіх, хто цікавіцца гісторыяй краіны. Тое ж самае можна  сказаць і пра шматлікую экспазіцыю фотатэхнікі – ад стацыянарнага фотаапарата да знаёмай многім пакаленням «лейкі». Гадзіннікі – яшчэ адна тэма для будучага музея. Кожны ўдар – сваё адценне мелодыі – так гучыць гадзіннік, якому ўжо больш за 150 гадоў.
Будзем спадзявацца, што наш зямляк Віктар Шчука ўвасобіць сваю мару ў жыццё, і на турыстычнай карце Беларусі з’явіцца новы адрас з тэхнічным ухілам.

Галіна КАНЬКО.
Фота аўтара.