Прыёмны эпікрыз. Ляхавіцкія школы і садкі да навучальнага года гатовыя

Усё па плане: цякучыя і капітальныя рамонты, энергазберагальныя (рамонт сантэхнічнага абсталявання, прыбораў уліку цяпла і вады) і супрацьпажарныя мерапрыемствы, добраўпарадкаванне тэрыторый, удасканаленне матэрыяльна-тэхнічнай базы. Так ахарактарызавалі падрыхтоўку школ, дашкольных і пазашкольных устаноў да новага навучальнага года ў аддзеле па адукацыі райвыканкама.

– У мінулым навучальным годзе за кошт сродкаў раённага бюджэту адрамантаваны душавыя кабінкі спартыўнай залы Падлескага ВПК, падлогавае пакрыццё спартыўнай залы СШ № 2, сістэма ацяплення ў Навасёлкаўскім ДС, франтоны ў Жарабковіцкім ДС, заменены аконныя блокі ў Задворскім ДС, устаноўлены міжлесвічныя дзвярныя блокі ў гімназіі. За кошт сродкаў Сусветнага банка развіцця пачаўся капітальны рамонт спартыўнай залы ў Начаўскай СШ, распрацавана праектна-каштарысная дакументацыя па капітальным рамонце харчаблока СШ № 1, выконваюцца перадпраект-ныя работы па капрамонце спартзалы і харчаблока СШ № 2.

Акрамя таго, у рамках праграмы мадэрнізацыі сістэмы адукацыі набыта абсталяванне для кабінетаў хіміі ў Начаўскую школу і гімназію. Рэспубліканскі бюджэт прафінансаваў закупку абсталявання ў кабінет біялогіі СШ № 2, – расказала начальнік аддзела па адукацыі Святлана Якубоўская.

Па-ранейшаму, значная ўвага падчас падрыхтоўчых работ да 1 верасня надаецца мерапрыемствам, накі-раваным на забеспячэнне бяспекі жыццядзейнасці.

27 устаноў адукацыі абсталяваны сістэмамі аўтаномнай пажарнай сігналізацыі і апавяшчэння пра пажар. Сёлета зманціравана пажарная сігналізацыя ў Тухавіцкім ДС.

У Дараўскім ВПК адрамантавана пажарная сігналізацыя. Рыхтуецца праектна-каштарысная дакументацыя на мантаж сістэмы апавяшчэння пажараў у Начаўскай СШ.

– З году ў год значную ўвагу надаём аснашчанасці харчаблокаў. Вось і цяпер паўсюдна зроблены касметычныя рамонты, па выніках спецабследавання электрапліт падпісаны акты на іх эксплуатацыю, праведзена пашпартызацыя выцяжных вентыляцый – важны момант бяспекі. Па неабходнасці абнаўляем кухонны інвентар, халадзільнае, цеплавое, вагавое абсталяванне, – удакладняе Святлана Якубоўская. – За апошнія сем гадоў капітальна адрамантаваны харчаблокі Крывошынскай, Навасёлкаўскай СШ, Конькаўскага ВПК, гімназіі. Такія ж пераўтварэнні чакаюць Тухавіцкія школа і садок, Задворскі і Навасёлкаўскі ДС.

Раённы бюджэт таксама выдаткаваў 54 тысячы рублёў на будаўнічыя матэрыялы для касметычных і цякучых рамонтаў кабінетаў, харчаблокаў, гульнёвых і спальных пакояў, дваровых тэрыторый.

Але, як гаворыцца, лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць. У мінулую сераду «ЛВ» паўдзельнічаў у традыцыйнай жнівеньскай праверцы гатоўнасці ўстаноў адукацыі да пачатку навучальнага года. Сёлета рэйд праводзіўся дзвюма групамі па двух маршрутах. У складзе камісіі, як заўжды, спецыялісты аддзела па адукацыі, супрацоўнікі райЦГіЭ, цэнтра забеспячэння дзейнасці бюджэтных арганізацый. Свае рэзюмэ падчас ведамаснага агляду зрабілі і работнікі РАНС, энерганагляду.

Першы прыпынак – СШ № 1. Тэрыторыя (агульная плошча – больш за пяць гектараў) на выдатна – заслуга тутэйшых работнікаў. Дапамагаюць і вучні, вось і цяпер некаторыя падчас практыкі шчыруюць над клумбавым уборам. Ва ўнутраным дворыку вядзецца падрыхтоўка да асфальтавання дарожак. У школе адчуваецца пах фарбы. Бляскам свецяцца на сонцы абноўленая падлога, лесвічныя пляцоўкі, спартыўная зала – касметычны рамонт прайшоў паўсюдна.

А некаторыя кабінеты і ўвогуле змянілі аблічча. Напрыклад, кабінет № 34 рускай мовы і літаратуры, класны пакой 9 «Б» класа. 

Гаспадыня – настаўніца Інэса Маневіч расказвае:

– Поўнасцю адмовіліся ад папяровых шпалераў, замест іх на сценах – спецыяльны ламінат, памяняла аблічча падлога. У кабінеце новыя жалюзі, часткова заменена мэбля. З рамонтам дапамог і бацькоўскі камітэт.

У СШ № 1 штогод прыемныя пераўтварэнні атрымліваюцца, у тым ліку, дзякуючы дапамозе бацькоў вучняў. Рамонт у калідорах і іншых памяшканнях – пераважна справа рук тэхработнікаў.

СШ № 1.

Пасля таго, як кожная служба высветліла свае пытанні, прайшла нарада, дзе падво-дзяцца вынікі: што зроблена і над чым яшчэ трэба папрацаваць. Намеснік старшыні райвыканкама Святлана Юрлевіч уважліва выслухала ўсе высновы і рэзюмавала, што, акрамя наладжанага вучэбна-выхаваўчага працэсу, важная ўвага павінна надавацца пытанням бяспекі. Як адзначыла памочнік урача-гігіеніста райЦГіЭ Вольга Шчарбакова, ёсць нязначныя недапрацоўкі (накшталт, непаўсюдна заменена арматура на ліхтарах каля класных дошак, закрытыя ацяпляльныя прыборы). Самыя актуальныя задачы для СШ № 1 у плане добраўпарадкавання – абнаўленне фасада, уладкаванне дарожак, замена свяцільняў.
Наступны аб’ект – цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Утульна, прыгожа, камфортна – менавіта так сустракае выха-ванцаў ЦКРНіР. І чарговы навучальны год не абыдзецца без падарункаў. ТАА «Фермент» у якасці спонсарскай дапамогі выдаткаваў 1200 рублёў на набыццё тэлевізара, які неабходны для правядзення спецыяльных заняткаў. Дырэктар цэнтра Наталля Маслоўская расказвае, што ў тутэйшых выхаванцаў нямала сяброў сярод дарослых. Актыўна дапамагаюць кафэ «Калі ласка», малочны завод, ДРБУ-200. Чыста і на тэрыторыі. Праўда, яўна патрабуе замены агароджа.

Далей прыёмная камісія завітала ў дзіцячы сад № 1.

ДС № 1.

І калі тэрыторыя каля ЦКРНіР не выклікала надзвычайнага захаплення – звычайна акуратна, то вось карціну з цэнт-ральнага ўвахода садка можна ахарактарызаваць адным словам – супер. Ганак новенькі, устаноўлены пандус. Што ні пляцоўка – абавязкова свая адметнасць. Веласіпеды, цягнікі, фігуркі казачных персанажаў і цэлая пляцоўка па бяспецы – з пажарнай машынай і хуткай медыцынскай дапамогай. Выдатна і ўнутры памяшкання. Каб малышы ў кожнай з 10 груп адчувалі сябе ў садку, як дома, тут створаны ўсе ўмовы: шмат цацак, пакоі аформлены ў вясёлкавых тонах, мноства нагляднага і дыдактычнага матэрыялу – стараюцца работнікі. Цесныя сувязі наладжаны і з бацькамі.

Выключна са станоўчага боку ўразіла Навасёлкаўская СШ. Вялікая тэрыторыя пачынаецца з сімвалічнага знака «Я люблю школу», вакол арыгінальныя клумбы, шмат зялёных насаджэнняў, з’явіўся і новы арт-аб’ект «Беларусь», паўсюдна чыста і акуратна. «Выдатна!» – неаднойчы такую характарыстыку зробленаму ў школе даваў інжынер па ахове працы цэнтра абслугоўвання бюджэтных арганізацый Анатолій Салата, які курыруе пытанні бяспекі.

Навасёлкаўская СШ.

– Адразу пасля заканчэння мінулага навучальнага года пачалі падрыхтоўку да новага. Дастойна папрацавалі і настаўнікі, і тэхнічныя работнікі. Фарбавалі, рамантавалі, пры-біралі. Тынкавалі пяць вучэбных кабінетаў, устаноўлены ахоўныя экраны на батарэях.

Дзякуючы ТАА «Фермент», які, у якасці спонсарскай дапамогі, выдзеліў 1600 рублёў, поў-насцю абнавілі мэблю ў настаўніцкай, – расказвае пра падрыхтоўчыя клопаты дырэктар школы Святлана Шпак. На школьных стэндах, а таксама ў класных пакоях шмат цікавай і змястоўнай інфармацыі і нямала цікавых задумак у афармленні. Напрыклад, у кабінеце фізікі дзверы занавешаны спецыяльнай шырмай, на якой – фізічныя формулы: вось і наглядны матэрыял. А ў кабінеце матэматыкі настаўніца Святлана Царык разгарнула міні-музей матэматыкі.

Навасёлкаўскі дзіцячы садок ветліва сустракае дагледжанай тэрыторыяй, якая за апошні час істотна папрыгажэла. Тут у дзвюх групах ёсць усё неабходнае для 30 выхаванцаў.

Марафетам былі ахоплены літаральна ўсе памяшканні – школьныя і садаўскія ў Дараў-скім ВПК. Ніякіх пытанняў з боку прыёмнай камісіі не было. У гэтай навучальнай установе, як заўжды, эстэтычна, змястоўна, бяспечна, акуратна і прыгожа.

PS. Усе навучальныя ўстановы Ляхавіччыны атрымалі пашпарты гатоўнасці і, адпаведна, дазвол пачаць новы навучальны год.

Галіна КАНЬКО.
Фота аўтара.