Натхненне на казку. Ляхавіцкі дзіцячы садок №4 радуе сваіх наведвальнікаў абноўкамі

Часам дзіву даешся, колькі ў некаторых землякоў фантазіі і творчага натхнення. Чаго варты, напрыклад, падыход да афармлення тэрыторыі ў дзіцячым садзе №4 райцэнтра – прыгажосць і толькі! Маленькія гарэзы прывыклі бачыць вакол сябе казку, створаную дарослымі, і быць яе непасрэднымі ўдзельнікамі.

Хлопчыкі і дзяўчынкі могуць уявіць сябе мараплаўцамі, якія падарожнічаюць на караблі, ці пасажырамі трамвая, які па ўсіх правілах рухаецца па імправізаванай праезнай частцы, а яшчэ пракаціцца на… карэце. Такі казачны падарунак падрыхтавалі тутэйшым выхаванцам да новага навучальнага года рабочы па комплексным абслугоўванні будынка дзіцячага сада Дзмітрый Смаль і выхавальнік Наталля Петравец.

Сёлета на тэрыторыі садка з’явілася яшчэ адна абноўка –
веласіпед з указальнікамі адлегласці да сталіцы і абласнога цэнтра. Цікава і пазнавальна! І, канешне, эстэтычна.

У вас таксама ёсць чым пахваліцца? «ЛВ» будзе рады наведацца ў госці!

Фота Сяргея Варановіча.