За чысціню паветра. З 16 па 22 верасня праходзіць міжнародная кампанія «Еўрапейскі тыдзень мабільнасці»

Райінспекцыя  прыродных рэсурсаў 
і аховы навакольнага асяроддзя сумесна з АДАІ РАУС правялі 
агітацыйную  кампанію  ў межах Еўрапейскага тыдня мабільнасці пад назвай «Пакінь аўтамабіль дома».

З 16 па 22 верасня праходзіць міжнародная кампанія «Еўрапейскі тыдзень мабільнасці», часткай якога з’яўляецца экалагічная акцыя «Дзень без аўтамабіля». Летась да тыдня мабільнасці далучыліся больш як паўсотні краін, у тым ліку і Беларусь.

Мэта тыдня – прыцягнуць увагу насельніцтва да праблемы залішняга выкарыстання асабістых аўтамабіляў і іх шкоднага ўплыву на стан навакольнага асяроддзя, да неабходнасці фарміравання здаровага ладу жыцця.
Даказана, што пры выкарыстанні аўтатранспарту ў атмасферу выкідваюцца з адпрацаванымі газамі таксічныя кампаненты, якія наносяць экасістэме пэўную шкоду. На гэтыя праблемы звяртае ўвагу на працягу тыдня Ляхавіцкая раённая інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя сумесна с АДАІ падчас агітацыйных акцый «Пакінь аўтамабіль дома», «Падвязі суседа». 22 верасня на Ляхавіччыне пройдзе традыцыйная акцыя «Дзень без аўтамабіля».
Падлічана, што падчас такой акцыі толькі за адзін дзень у краіне прадухіляецца выкід забруджвальных рэчываў у паветра ў аб’ёме ад 250 тон і больш.

Райінспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя прапануе 22 верасня падтрымаць акцыю ўсім уладальнікам аўтамабіляў і перасесці з асабістага транспарту на грамадскі (тым больш, для тых, хто   прад’явіць вадзіцельскае пасведчанне і тэхпашпарт на аўто, праезд у гарадскім транспарце будзе бясплатным) ці ўвогуле перайсці на пешыя прагулкі.

Іна ТРАЯНОЎСКАЯ,  начальнік райінспекцыі прыродных рэсурсаў
і аховы навакольнага асяроддзя.