Фермер – не заўсёды гаспадар. Фермерству на Ляхавіччыне асаблівая ўвага

Развіццю фермерскіх гаспадарак у нашай краіне надаецца значная ўвага. Прычым, дзяржава рознымі спосабамі і прэферэнцыямі стараецца падтрымліваць тых, хто жадае працаваць на зямлі і мець аддачу ад такой нялёгкай, але важнай справы. Прынятая на VI Усебеларускім народным сходзе Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2021–2025 гады прадугледжвае пэўныя напрамкі менавіта для далейшага развіцця сваёй справы. У падраздзеле «Эфектыўная сельская гаспадарка» адзначана, што дзяржаўная падтрымка сельгасарганізацый і фермерскіх гаспадарак будзе стымуляваць развіццё арганічнай сельскай гаспадаркі. Найбольшая ўвага – перспектыўным напрамкам – авечкагадоўлі, пчалярству, садоўніцтву, вырошчванню ягадных і бахчавых культур.

На Брэстчыне фермерства актыўна распаўсюджана і ў раслінаводстве, і ў жывёлагадоўлі. За апошнюю пяцігодку колькасць прыватных аграрных арганізацый павялічылася на
18 працэнтаў і складае 766 адзінак. Сёлета ў жніўні на базе Ляхавіцкага раёна прайшла выязная сесія Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў, дзе прааналізавана развіццё ФГ вобласці. Зразумела, асаблівая ўвага – на фермерства Ляхавіччыны.
– Адназначна, у нас нямала станоўчых прыкладаў, калі фермерскія гаспадаркі працуюць паспяхова і стабільна. Дбайныя гаспадары арандуюць сельгасугоддзі і ашчадна іх выкарыстоўваюць, атрымліваюць добрыя ўраджаі, удасканальваюць культуру земляробства. Напрыклад, ФГ «Уладзімір плюс» летась атрымала выручкі больш за іншых фермераў – амаль тры мільёны рублёў. Эфектыўна выкарыстоўваюць выдзеленыя землі ФГ «Фартуна», «Фораланд», СФГ «Панфіла А.П.», «Улазавічы». Сёлета фермерскія плошчы пад зерневыя культуры былі павялічаны на 800 гек-
тараў, дзякуючы «Фораланду». Таксама за кошт гэтай ФГ павялічаны на 150 гектараў і плошчы пад бульбу. На 540 гектараў стала больш рапсавых палёў, дзякуючы «Фартуне», «Фораланду», «ЛагуЦіну», – адзначае першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік райсельгасхарчу Васілій Пыжык.
Усяго некалькі гадоў, як на Ляхавіччыне арганізаваны ФГ «Фартуна» і «Фораланд», якія ўзначальвае Галіна Матус. Цяпер агульная плошча арандуемых земляў – 3270 гектараў. Асноўны від дзейнасці – раслінаводства, у прыватнасці – збожжавыя, рапс, бульба, цукровыя буракі. Яшчэ адна адметнасць гэтых ФГ – яны не толькі належным чынам, з высокім эфектам, у поўным аб’ёме выкарыстоўваюць прадастаўленыя сельгасугоддзі, але і ўводзяць у севазварот ачышчаныя ад кустоўя ўчасткі.
– Ужо знесена 50 разваленых хутароў, у севазварот уведзена больш за 5600 гектараў земляў. Набылі новую тэхніку для сельгасработ. Больш за 500 тысяч рублёў выдаткавана на культуру земляробства. Агульны аб’ём інвестыцый на дзве ФГ склаў больш за мільён еўра. Спыняцца пакуль не збіраемся, – расказала кіраўнік «Фартуны» і «Фораланда» на абласной сесіі.
Сярод найбольш хвалюючых праблем Галіна Матус называе недахоп кваліфікаваных кадраў, у прыватнасці механізатараў, а таксама квот на мінеральныя ўдабрэнні.
Але, на жаль, ёсць прыклады супрацьлеглых адносін да зямельнай справы.
– Недастаткова эфектыўна выкарыстоўваюць землі ФГ «МітДАСон»,
«У Мікалая», СФГ «Пліпава», «ЛагуЦін». У іх узровень культуры земляробства патрабуе павышэння, не заўсёды своечасова вядзецца догляд за культурамі, не прымаюцца належныя меры па папярэджанні зарастання пустазеллем. Адпаведна, ураджайнасць у раслінаводстве ў такіх гаспадарках вельмі нізкая, – падкрэслівае Васілій Пыжык.
І ў якасці прыкладу нядбайных адносін да справы вядучы спецыяліст упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Ігар Яварчук называе СФГ «Свяціца ЭКА».
– Карціна, убачаная камісіяй напрыканцы жніўня, уразіла з адмоўнага боку: на засеяным полі з-за пустазелля нічога не відаць. Які тут можна чакаць ураджай? Але нават тое, што і ўзышло, поўнасцю не здолелі ўбраць своечасова. Размова пра яравыя і азімыя.
Зразумела, што ўраджайнасць тут нізкая, – гаворыць Ігар Яварчук.
Каб акрэсліць стан спраў у «Свяціцы ЭКА», дастаткова звярнуцца да статыстыкі. У мінулым годзе пасяўныя плошчы займалі 252 гектары з 764 гектараў ворыўных угоддзяў. Усяго гаспадарка арандавала 1640 гектараў. Прычым, на 130 гектарах пасевы загінулі. А вось і статыстыка па ўраджаі, прадастаўленая райсельгасхарчам: валавы збор грэчкі склаў  75 тон пры ўраджайнасці 15 цэнтнераў з гектара (сярэднераённая больш  за 20), віка – 19 тон (ураджайнасць
15,4 цэнтнера, у раёне – 30 цэнтнераў з гектара), рапс – 62,5 тоны (ураджайнасць  10,4 цэнтнера на круг пры сярэднераённай 25 цэнтнераў з гектара).
Ёсць пытанні па якасці ўборкі і да ФГ «АграМітКрышталь».
Нерацыянальнае, а іншы раз і ўвогуле невыкарыстанне выдзеленых у арэнду земляў сельскагаспадарчага прызначэння прыводзіць да таго, што ўчасткі ў фермераў адбіраюцца. Так, за мінулую пяцігодку ў трох ФГ землі адабраны. Сёлета да гэтага спісу далучылася яшчэ адна.
– Даводзіцца канстатаваць, што летась у сакавіку з-за фармальнага падыходу без вывучэння наяўнасці ў фермера неабходнай тэхнікі і спецыялістаў было выдзелена дзве тысячы гектараў меліяраваных земляў КСУП «Ліпнянка» фермерскай гаспадарцы «Свяціца ЭКА». Сёлета ФГ асвоіла і апрацавала толькі 15 працэнтаў земляў. Як адзначыў старшыня Брэсцкага аблвыканкама Юрый Шулейка, зямля патрабуе,  у першую чаргу, беражлівых адносін. Было выдадзена прадпісанне з указаннем тэрміну ўхілення парушэнняў. Аднак СФГ так і не выканала законнае патрабаванне, таму рашэннем райвыканкама ад 17 мая гэтага года зямельны ўчастак у СФГ «Свяціца ЭКА» быў адабраны і вернуты ранейшаму ўладальніку – КСУП «Ліпнянка». «Свяціцы ЭКА» было дазволена ўбраць вырашчаны сёлета ўраджай, але і гэта яны не спяшаліся зрабіць, – расказвае начальнік райсельгасхарчу.
Важны і наступны аспект. Некаторым фермерскім гаспадаркам даводзіцца дзяржзаказ.
– У Ляхавіцкім раёне ў гэтай адказнейшай кампаніі актыўна ўдзельнічаюць толькі «Фартуна» і «Фораланд».  А, напрыклад, «Вялікае Падлессе-агра» з запланаваных да продажу дзяржаве  350 тон збожжа на пачатак верасня выканала толькі 21 працэнт. Што тычыцца перспектывы, то ФГ, якія маюць плошчу сельгасугоддзяў больш за 200 гектараў, павінны ўдзельнічаць у дзяржзаказе – «Гашчын», «Вялікае Падлессе-агра», «Даманскае», «ЖарСк», «АграМітКрышталь». Будзе даведзены план  па дзяржзаказе і па цукровых  бураках, грэчцы, піваварным ячмені і іншых культурах, – падкрэсліў Ігар Яварчук.

Галіна КАНЬКО.