Вакцынацыя! Дадзім адпор COVID-19

Ляхавічане ўсё актыўней прышчапляюцца ад каранавіруснай інфекцыі. Сем тысяч землякоў ужо зрабілі выбар на карысць вакцыны

У адзін голас медыкі сцвярджаюць, што самы дзейсны сродак спыніць каранавірусную хвалю і паставіць кропку гэтаму вірусу – сфарміраваны калектыўны імунітэт, а значыць, вакцынацыя. Зрабіць прышчэпку і праявіць грамадзянскую свядомасць – вось што сёння дыктуюць умовы часу. Менавіта такімі правіламі кіруюцца кіраўнікі арганізацый і прадпрыемстваў Ляхавіччыны, калі запрашаюць на адкрытыя размовы прадстаўнікоў райбальніцы і райЦГіЭ. Галоўнае – абараніць сваё здароўе і тых, хто штодня побач, – родных і блізкіх,  калег па працы.

На гэтым тыдні брыгады медыкаў завіталі ў многія працоўныя калектывы Ляхавіччыны. Дзіцячая школа мастацтваў выключэннем  не стала. Сярод першых, хто зрабіў  прышчэпку, – дырэктар ДШМ Марыя Лутавінава.
– Мы працуем з дзеткамі – самым цэнным, што ёсць у нашым жыцці. Мы разумеем адказнасць, якая ляжыць на кожным з нас. Таму вакцынацыя – спосаб не спыняць вучэбны працэс, працаваць у здаровых умовах. Тым больш, для нас, педагогаў, якія штодня сустракаюцца не з адным дзясяткам хлопчыкаў і дзяўчынак, важна мець належную абарону ад віруса, каб не дазволіць яму далей распаўсюджвацца, – пераканана Марыя Генадзьеўна.
Медыкі размерана праводзяць агляд кожнага жадаючага прышчапіцца ад каранавіруснай інфекцыі. Вымяраюць тэмпературу цела, артэрыяльны ціск, узровень кіслароду ў крыві, высвятляюць іншыя нюансы пра стан здароўя чалавека і г. д. Калі ёсць спрэчныя моманты, вакцынацыю адкладваюць на пэўны час.
– Прышчэпка ад гэтага віруса – хвалюючая падзея. Пашчасціла не хварэць на каранавірус, але разумею, што ніхто не застрахаваны ад гэтага. Таму лепш сябе засцерагчы, і калі ўсё ж захварэць, то ў лёгкай форме. Рабіць, не рабіць прышчэпку – выбар кожнага, але ж важна разумець, што адзінкава прышчапіцца – гэта ўсё роўна, што апусціць рукі перад вірусам. Варта фарміраваць калектыўны імунітэт – гэта і значыць даць адпор каварнай хваробе, – расказвае ляхавічанін Андрэй Вялічка.
Вакцынацыя – працэс маштабны і неабходны здароваму грамадству. Дарэчы, жадаючых зрабіць прышчэпку і сказаць гучнае «не» каранавіруснай інфекцыі ў раёне ўсё больш. А значыць, мы рухаемся ў правільным  напрамку.
На гэтым тыдні маршрут вакцынацыі прайшоў праз купалаўку, райпо і іншыя арганізацыі. Па стане на 15 кастрычніка, сем тысяч землякоў атрымалі першую  дозу вакцыны, поўны курс прайшлі
4864 чалавекі.

Маргарыта КУХТА.
Фота аўтара.