У добры шлях да ведаў! На мінулым тыдні СШ № 1 г. Ляхавічы атрымала падарунак на колах, набыты за сродкі раённага бюджэту

Дарога да ведаў становіцца яшчэ больш камфортнай. На мінулым тыдні СШ № 1 атрымала падарунак  на колах, набыты за сродкі раённага бюджэту

Для некалькіх дзясяткаў школьнікаў раёна дарога да ведаў стала яшчэ больш кароткай. І справа не ў карэкцыі маршрутаў, якія і без таго ашчадна распрацаваны, зацверджаны, прайшлі абкатку не толькі коламі, але і часам. А і таму, што  з 13 кастрычніка пачала праходзіць ва ўмовах свежага камфорту. Таго самага, выгадна іншага, які заўсёды і гарантавана прапануе сваім пасажырам новы, толькі-толькі з заводскага стапеля аўтатранспартны сродак.

Аўтобусны  дэбют

Перадача ці, улічваючы момант урачыстасці, прэзентацыя аўтобуса адбылася на парковачнай пляцоўцы сярэдняй школы № 1 горада Ляхавічы. Дзе ён, у адпаведнасці
з раскладам руху школьных аўтобусаў, і атрымае пастаянную прыпіску. Будзе штодня выходзіць на лінію даволі працяглых – да Куршынавічаў, напрыклад, і больш блізкай адлег-ласці маршрутаў па падвозе школьнікаў да месца вучобы. Для большасці хлопчыкаў і дзяўчынак такім месцам з’яўляецца, канешне ж, першая гарадская. Але не толькі. Новы аўтобус будзе дастаўляць на вучобу дзяцей з усіх, размешчаных на маршруце следавання населеных пунктаў раёна ў гарадскія ўстановы адукацыі. А пасля заканчэння ўрокаў – круг у адваротным напрамку.
Марка аўтобуса добра вядома. У тым ліку і па рабоце ў сістэме школьнай адукацыі Ляхавіцкага раёна, у аўтагаражы якой, так ужо атрымалася, ёй адведзена прыярытэтнае месца. Большасць школьных пасажырскіх перавозак адбываецца на аўтобусах іменна гэтай маркі. Аднак «наш» экзэмпляр мае, як мінімум, адну важную перавагу – павялічаную ўмяшчальнасць салона. Камфортна, у адпаведнасці з усімі галіновымі нарматывамі і, што асабліва варта падкрэсліць, патрабаваннямі бяспекі ў аўтобусе можа размясціцца 31 пасажыр. Гэта значна больш, чым у аднайменных аўтобусах-папярэдніках.
А перад прэзентацыяй транспартны сродак атрымаў дадатковую, не прадугледжаную заводам-вытворцам «опцыю». У якасці аўтараў ідэі і яе непасрэдных выканаўцаў выступілі настаўнікі СШ № 1,
якія ў адпаведнасці з момантам святочнасці «размалявалі» жоўты контур новага транспартнага сродку.
А сродкамі інсталяцыі сталі паветраныя шары. Гэты факт, між іншым, прыйшоўся даспадобы і будучым першым пасажырам аўтобуса. На інфармацыю пра тое, што дамоў яны так і паедуць – у па-святочнаму ўбраным аўтобусе, адрэагавалі мажорна-гучна.
Але спачатку – чырвоная стужка, перарэзалі якую начальнік аддзела па адукацы райвыканкама Святлана Якубоўская. І – у добры шлях да ведаў!

Маршруты пабудаваны

Па шэрагу момантаў першая школа такой і з’яўляецца сярод устаноў агульнай адукацы Ляхавіцкага раёна. У тым ліку па колькасці выхаванцаў з негарадской прапіскай. У аддзеле па адукацыі райвыканкама паведамілі, прыкладна кожны трэці з 604 навучэнцаў дастаўляецца на вучобу на школьных аўтобусах. З улікам апошняга набытку і звязаных з ім некаторых карэкціровак аўтобусны парк СШ № 1 складаецца з трох адзінак транспарту, кола маршрутаў якога дастаткова і рознабакова разгалінавана. Акрамя ўжо названых Куршынавічаў, аўтобусы СШ № 1 працуюць таксама для юных пасажыраў-навучэнцаў, месцам пражывання якіх з’яўляюцца аграгарадкі Тальмінавічы і Русінавічы, вёскі Мядзведзічы, Ганчары, Савейкі, Альхоўцы, Задвор’е, Ураджайная, Каранеўшчына і іншыя.
Стартуюць школьныя аўтобусы рана. Ужо ў шэсць з паловай гадзін вадзіцелі павінны прайсці перадрэйсавы медыцынскі кантроль. І толькі затым – за руль.
– З гэтага пачынаецца бяспека, якая ў рабоце з нашай катэгорыяй паса-жыраў крытычна важная. Быць вадзіцелем школьнага аўтобуса азначае быць высокім прафесіяналам, адказным і чулым работнікам, дысцыплінаваным чалавекам. Установы адукацыі нашага раёна абслугоўваюць 19 адзінак пасажырскага
транспарту, – адзначае намеснік начальніка аддзела па адукацыі райвыканкама Марыя Саракавік.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара.