Маршрут дабрыні. У мінулы аўторак Ляхавіцкі раён наведаў дырэктар дабрачыннага фонда «Добра тут»

Безбар’ернае асяроддзе для людзей з абмежаванымі магчымасцямі – гэта адкрытыя дзверы ў свет зносін і знаёмстваў. На Ляхавіччыне пражываюць  1569 землякоў з інваліднасцю, 106 для перамяшчэння патрабуецца каляска. У мінулы аўторак наш раён наведалі дырэктар дабрачыннага фонда «Добра тут» –  прадстаўнік ірландскай дабрачыннай арганізацыі «Барэнскі Чарнобыльскі праект» Віліям Амара і намеснік дырэктара мінскага філіяла фонда Юрый Крук.

Яны перадалі тэрытарыяльнаму цэнтру сацыяльнага абслугоўвання лесвічны гусенічны пад’ёмнік для інвалідаў, а цэнтру карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі тэлескапічны двухсекцыйны пандус.
Дырэктар ЦКРНіР Наталля Маслоўская не хавае радасці ад падарунка:
– Такі пандус нашым выхаванцам жыццёва неабходны. Ён дапаможа хлопчыкам і дзяўчынкам пераадольваць невялікія перашкоды ў выглядзе бардзюраў, лесвічных пралётаў на вуліцы і ў памяшканні. Унікальнасць яго канструкцыі ў мабільнасці: можна складваць і перавозіць, суправаджаючым дзяцей у інвалідных калясках прымяняць у залежнасці ад сітуацыі.
Для саміх рабят з ЦКРНіР наяўнасць такога ўстройства –
магчымасць максімальнага доступу ў аб’екты сацыяльнай сферы. А, значыць, пашырэнне межаў тэрыторыі жыццядзейнасці. У ЦКРНіР атрымліваюць спецыяльную адукацыю і карэкцыйна-педагагічную дапамогу 75 рабят з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця,
18 з іх маюць інваліднасць, а шэсць перамяшчаюцца ў інвалідных калясках. Тут атрымліваюць раннюю комплексную дапамогу і дзеці да трох гадоў. Таму тэлескапічны пандус будзе зручным і для мам са звычайнымі каляскамі.
– Лесвічны гусенічны пад’ёмнік будзе выкарыстоўвацца для аказання дапамогі землякам з інваліднасцю пры ўваходзе ў ТЦСАН, а таксама стане выручалачкай для тых, хто пражывае ў шматкватэрніках, не абсталяваных пандусамі. Не трэба тлумачыць, як такое ўстройства аблегчыць ім жыццё, – адзначае начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Дзіяна Трысцень.
Добрыя справы, што вызначаюць дзейнасць фонда «Добра тут» – дапамога людзям з інваліднасцю і дамам-інтэрнатам, а валанцёры фонда займаюцца з дзецьмі і дарослымі, якія маюць асаблівасці ў развіцці. За 13 гадоў дзейнасці дабрачынная арганізацыя ажыццявіла шмат праектаў і дапамагла вялікай колькасці людзей. Дарэчы, пасля таго, як Віліям Амара пабываў у нашым раёне, далей ён адправіўся ў Клецкі, дзе дапамога патрабуецца сям’і, пацярпелай ад пажару. Маршрут дабрыні працягваецца.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота з архіва ЦКРНіР.