Толькі сытая зіма бывае цёплай

Пытанні добраўпарадкавання сельскіх тэрыторый, эфектыўнасці выкарыстання зямель і падрыхтоўкі аб’ектаў да зімы стаялі на парадку дня кастрычніцкага пасяджэння раённага выканаўчага камітэта.

Фота з архіва «ЛВ»

Што тычыцца «зімовага» пытання, то дакладнае яго гучанне – «Аб гатоўнасці аб’ектаў жывёлагадоўлі сельскагаспадарчых арганізацый да зімова-стойлавага перыяду 2021–2022 гадоў». Як вядома, зіма ў шырокім для жывёлагадоўлі сэнсе пачынаецца сур’ёзна да яе каляндарнага надыходу. Прывядзенне ў належны стан выгульных дворыкаў і прыфермскіх тэрыторый, рамонт тэхналагічнага абсталявання, абнаўленне, пабелка, дэзынфекцыя памяшканняў фермаў, іх сезоннае ўцяпленне пачынаюцца, у шэрагу выпадкаў, яшчэ ўлетку. Але галоўнай крыніцай цяпла, у шырокім сэнсе, на фермах з’яўляюцца кармы, іх дастатковасць і патрэбная якасць.
– Асноўным фактарам, які вызначае гатоўнасць да зімова-стойлавага ўтрымання жывёлы, з’яўляецца забяспечанасць кармамі і, у першую чаргу, травяністымі, – адзначыў падчас выступлення па тэме пытання першы намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта – начальнік райсельгасхарчу Васілій Пыжык.
Агульнапрынятым паказчыкам дастатковай забяспечанасці кармамі лічыцца наяўнасць 32 цэнтнераў кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы. Па стане на заключную дэкаду кастрычніка, сельгасарганізацыямі раёна было нарыхтавана амаль
30 умоўных адзінак на ўмоўную галаву. Неабходна дадаць, што на той час корманарыхтоўка ў раёне працягвалася – гаспадаркі ажыццяўлялі ўборку кукурузы. Але і запас у тры дзясяткі адзінак зусім не выглядае бедны,  і перавышае леташнюю аналагічную лічбу больш чым на чатыры пункты.
– Даны паказчык усяляе аптымізм перад надыходзячым зімова-стойлавым перыядам утрымання жывёлы, – канстатаваў дакладчык.
Але, акрамя наяўнасці корму, важным з’яўляецца і падача на стол – раздача кармоў. Часам на шляху ад, напрыклад, сянажнай траншэі да жывёлагадоўчай фермы травяністы прадукт страчвае ў якасці, губляе свой патэнцыял пажыўнасці. Уся справа ў нетэхналагічнасці аперацый па яго ўздыме з ёмістасцяў захоўвання і пагрузцы ў кормараздатчыкі.
– Пагрузка кармоў ажыццяўляецца ў асноўным франтальнымі пагрузчыкамі. Інакш кажучы, пры дапамозе каўша –  з парушэннямі, якія прыводзяць да разбурэння шчыльнасці пластоў корму, пранікненню туды паветра і ўзнікненню працэсаў другаснага браджэння з развіццём гніласных бактэрый і ўтварэннем алейнай кіслаты.
У выніку на кармавы стол трапляе сапсаваны корм, гаспадарка недаатрымлівае прадукцыю, пагаршаюцца паказчыкі ўзнаўлення і захаванасці пагалоўя, – тлумачыць начальнік райсельгасхарчу.
На МТФ і комплексах Ляхавіччыны ў наяўнасці 38 адзінак кормараздатчыкаў-змешвальнікаў. У кожнага з іх розны працоўны «стаж», свая ступень зношанасці. Усе з іх абсталяваны вагамі, але не ўсе прылады знаходзяцца ў рабочым стане. Патрабуюць рамонту агрэгаты ААТ «Шлях новы». У будучым  годзе ў планах КСУП «Ліпнянка», ВУ «Ляхавічы» ААТ «Бярозаўскі мясакансервавы камбінат», ААТ «Жарабковічы» і «Нача».
Дзве названыя апошнімі гаспадаркі, а таксама СВК «Ляхавіцкі» маюць намер набыць у будучым годзе па адным такім агрэгаце. Аднак гэтага недастаткова.
– Неабходна разгледзець пытанне набыцця гаспадаркамі раёна спецыяльнага абсталявання для якаснай выемкі кармоў са сховішчаў. Гэта могуць быць самаходныя кормараздатчыкі-змешвальнікі, фрэзы, каўшы-гільяціны, – упэўнены першы намеснік старшыні райвыканкама.
МТФ раёна абсталяваны сістэмамі водапаення. Сёння ўсе яны спраўна выконваюць свае функцыі. Але ў выпадку наступлення нізкіх тэмператур могуць узнікнуць недарэчнасці з падачай вады на фермах «Гайнінец»  ААТ «Жарабковічы», «Кулікі» і «Рагачы» КСУП «Ліпнянка», «Малое Гарадзішча» ВУ «Ляхавічы» ААТ «Бярозаўскі мясакансервавы камбінат».
– На гэтых фермах неабходна правесці ўцяпленне сістэм водапаення – рэзюмаваў дакладчык.
Пачынаючы прыкладна з сярэдзіны верасня гаспадаркі раёна прыступілі да правядзення розных ветэрынарна-прафілактычных мерапрыемстваў. Штомесячна згодна са схемамі і графікамі праводзіцца прафілактычная апрацоўка буйной рагатай жывёлы супраць вірусных, бактэрыяльных і грыбковых захворванняў.
Па стане на пачатак трэцяй дэкады кастрычніка, сельскагаспадарчыя арганізацыі раёна больш як на 60 працэнтаў справіліся з пабелкай жывёлагадоўчых памяшканняў, на 90 – з правядзеннем прафілактычнай дэзынфекцыі, адрамантавана-ўцеплена амаль 100 працэнтаў фермаў. А ужо з наступленнем першых устойлівых халадоў на фермах адбудзецца канчатковае ўцяпленне вокнаў, дзвярэй.
Аднак, як было адзначана, не чакаючы тэмпературных мінусаў, кіраўнікам і спецыялістам сельскагаспадарчых арганізацый неабходна прыкласці ўсе намаганні па падрыхтоўцы жывёла-
гадоўчых памяшканняў да зімы. Апошняя павінна быць ва ўсіх адносінах цёплай для жывёлы і нарматыўна-камфортнай для жывёлаводаў. З амаль 1,4 тысячы занятых у сельскай гаспадарцы раёна працаўнікоў жывёлаводы займаюць значную долю і адыгрываюць вельмі і вельмі важную ролю.

Іван КАВАЛЕНКА.