Працоўная нядзеля для любімай Беларусі. 7 лістапада на Ляхавіччыне прайшоў аўтапрабег «Помнім гісторыю. Будуем будучыню»

7 лістапада на Ляхавіччыне прайшоў аўтапрабег «Помнім гісторыю. Будуем будучыню». Адной з кропак на патрыятычным маршруце стаў Курган Славы, дзе прайшоў марафон чысціні.

Умеюць беларусы шанаваць і прымнажаць традыцыі, паважаюць гісторыю і вучаць гэтаму падрастаючае пакаленне – у гэтым моцнае адзінства нашай беларускай сям’і. Мінулая нядзеля чарговы раз пацвердзіла – разам мы можам многае, любая справа ладзіцца, калі адчуваецца адзінства, калі аб’ядноўвае многае, але самае галоўнае – бязмерная любоў да сваёй Радзімы.

Стартавай кропкай на маршрутным лісце аўтапрабегу стаў стадыён «Колас». У знакавы дзень – 7 лістапада – нераўнадушныя ляхавічане сталі ўдзельнікамі аўтапрабегу «Помнім гісторыю. Будуем будучыню».


З цудоўным настроем, натхненнем на добрыя справы ляхавічане ўпрыгожвалі свой транспарт дзяржаўнай сімволікай. Ганарова развяваўся ў паветры наш родны беларускі сцяг. І, нібы ў адным страі, узнімалася ў вышыню чырвона-зялёнае палотнішча.
Радасна віталі ўдзельнікаў аўтапрабегу гараджане і вяскоўцы – гасцінна сустракалі, махалі, віншавалі. Першы прыпынак гісторыі сустрэў патрыётаў у аграгарадку Навасёлкі. Брацкай магіле, дзе пахаваны 30 воінаў Савецкай Арміі, прыехалі пакланіцца ўдзельнікі аўтапрабегу. Кветкі да помніка, хвіліна маўчання – як даніна памяці, як абяцанне тым, хто склаў галовы за наша мірнае жыццё, – мы не дапусцім вайны. Наша незалежнасць – наш гарант шчаслівага жыцця. І пакуль у кожным жыве памяць, нясгасна баліць рана той вайны, мы застанемся моцнымі і няскоранымі нікому.
На маршруце вёска Жарскія. Тут у брацкай магіле пахаваны 20 савецкіх салдатаў, расстраляных нямецкімі фашыстамі. Традыцыйны рытуал памяці ў гонар людзей, што аддалі жыццё дзеля нас.


Фінішна-працоўнай кропкай на патрыятычным маршруце «Помнім гістрыю. Будуем будучыню» стаў Курган Славы. У чэрвені 41-га тут грымелі кровапралітныя баі. Цяпер тут узвышаецца Курган Славы – як помнік мужнасці, стойкасці савецкіх салдатаў. А для ляхавічан гэта месца стала свяшчэнным – сімвал Вялікай Перамогі ў майскія святы становіцца цэнтрам увагі ўдзячных нашчадкаў, многіх пакаленняў мірных шчаслівых людзей.
Сёлета пачалася маштабная рэканструкцыя гэтага векапомнага месца. Гістарычны насып хутка мадэрнізуецца – з’явяцца пліты з імёнамі загінулых. Адноўлены помнік будзе вітаць і нагадваць пра падзеі тых крывавых часоў кожнаму, хто наведае Курган Славы ці будзе ехаць гэтай дарогай.
Ад імя раённай улады старшыня раённага выканаўчага камітэта Мікалай Мароз і старшыня раённага Савета дэпутатаў Леанід Калбаса, прадстаўнікі арганізацый і прадпрыемстваў
раёна ўсклалі кветкі, свяшчэнная хвіліна маўчання – мы памятаем!
Свой уклад у справу пераўтварэння гэтага месца ўнеслі і ўдзельнікі аўтапрабегу. Панядзельнічалі на славу. Фронт работы не малы, але ж такой талакой нераўнадушных і зацікаўленых любая справа за радасць. Апалае лісце, смецце, сухое галлё – цяпер на іх месцы чысціня і парадак, а на душы ўдзельнікаў такога працоўнага марафону – задаволенасць ад выкананай работы.
– У такі знакавы дзень, у такім важным для гісторыі нашага краю месцы нераўнадушныя землякі сабраліся, каб успомніць яшчэ раз герояў той вайны. Пад мірным небам у атмасферы сяброўства мы праехаліся па патрыятычным маршруце. З намі прадстаўнікі розных арганізацый, прадпрыемстваў і ўстаноў Ляхавіччыны. З намі падрастаючае пакаленне, якое з дзяцінства вучыцца шанаваць і любіць Радзіму. У Год народнага адзінства такія справы гучаць мацней. Курган Славы чакаюць вялікія змены. І сённяшняя працоўная акцыя – гэта значны ўклад у добраўпарадкаванне Кургана Славы, – адзначае начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ніна Прыхач.
Сапраўды, патрыятычны аўтапрабег маладзее. Усё часцей да акцыі далучаюцца прадстаўнікі Маладзёжнага парламента пры райсавеце, БРСМ. А яшчэ такая традыцыя аўтапрабегу – цяпер і сямейная. Нядзеля для любімай Беларусі.

Маргарыта КУХТА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Кацярына ЗАПЛЁЦІНА, начальнік юрыдычнага аддзела райвыканкама:
– Усёй сям’ёй вырашылі прыняць удзел у такой пачэснай місіі. Працаваць на свяшчэнным для ляхавічан месцы – гонар. Гэта мінімум, што мы можам зрабіць дзеля тых, хто аднойчы ахвяраваў усім, каб мы жылі сёння стваральна, выхоўвалі годных грамадзян. Таму лічу, што дзеці павінны выхоўвацца на такім прыкладзе. Тут і гістарычная памяць, і навука, як трэба шанаваць тое, што створана дзеля міру. На свежым паветры і працуецца па-іншаму, тым больш побач з такой адзінай камандай.