Дынаміка станоўчая, але праблемы ёсць. Што маем у Ляхавіцкім раёне сёлета па зборы другасных матэрыяльных рэсурсаў?

Выкананне задання па зборы другасных матэрыяльных рэсурсаў – адно з пытанняў, што знаходзіцца на пастаянным кантролі раённай улады. І гэта задача як агульнадзяржаўнай важнасці, так і кожнага грамадзяніна. Прычым, як з эканамічнай, так і з экалагічнай пазіцыі. Нават дашкольнік ведае, як важна збіраць і здаваць макулатуру, асобна сартаваць, напрыклад, шкло ад паперы, як шкодзіць навакольнаму асяроддзю раскіданы поліэтылен. Як і тое, што з адходаў паперы, пластыку, шкла пры правільнай і належнай перапрацоўцы можа атрымацца шмат патрэбных рэчаў. Напэўна, калі кожны добра пашукае ў сваіх дамах, кватэрах, дварах, то абавязкова знойдзе што-небудзь з другаснай сыравіны…

Факты і нагода для аптымізму
Што маем у Ляхавіцкім раёне сёлета па зборы другасных матэрыяльных рэсурсаў?
За тры кварталы гэтага года ў раёне сабрана 710 тон – 47,4 працэнта задання Дзяржпраграмы па ДМР. У разрэзе асобных відаў карціна наступная: нарыхтавана  36,7 працэнта макулатуры, 37,5 працэнта шкла, 75 працэнтаў палімераў,  75,6 працэнта зношаных шын, 95,7 працэнта адходаў бытавой тэхнікі, 75 працэнтаў адпрацаванага масла.
– Ляхавіцкі раён сёлета за дзевяць месяцаў выконвае даведзенае заданне Дзяржаўнай праграмы па зборы ДМР па чатырох з шасці відаў, дакладней, па адходах бытавой тэхнікі, поліэтылену, зношаных шын, адпрацаванага масла. Увогуле, сітуацыя, што склалася ў бягучым годзе, сведчыць пра станоўчую дынаміку па нарыхтоўцы другаснай сыравіны ў параўнанні з мінулым годам. Пры аднолькавых лічбах задання сёлета за тры кварталы назапашана 47,5 працэнта ДМР, а летась за аналагічны перыяд – 43,5 працэнта, – расказвае галоўны спецыяліст аддзела архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама Наталля Маслоўская. Разам з тым, па яе словах, найбольш праблемнай застаецца сітуацыя па зборы макулатуры і адходаў шкла.

А што аператары?
У нашым раёне два асноўныя аператары па зборы ДМР – камунгас і райпо.
За студзень – верасень КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» забяспечыла здачу 308,7 тоны другаснай сыравіны – 45,5 працэнта даведзенага гадавога задання. Лепшы паказчык дасягнуты па зношаных шынах – 103,4 працэнта, адходах бытавой тэхнікі – 81,6 працэнта.
Па райпо сітуацыя горшая – даведзеныя паказчыкі выкананы на 27,4 працэнта. Калі выкананне задання па нарыхтоўцы адходаў бытавой тэхнікі складае 166 працэнтаў, то па зношаных шынах – 4,5 працэнта, палімерах – 11,5 працэнта, паперы і кардону –  27,7 працэнта, шкла – 28,7 працэнта. Наталля Маслоўская назвала работу камунгаса па зборы ДМР недастатковай, а райпо – нездавальняючай.

У разрэзе прадпрыемстваў і арганізацый
У зборы другасных матэрыяльных рэсурсаў удзельнічаюць амаль усе прадпрыемствы, установы і арганізацыі раёна.
– Поўнасцю выканалі даведзеныя паказчыкі па зборы макулатуры ААТ «Ляхавіцкі льнозавод», «Ляхавіцкі кансервавы завод», «Нача», «Жарабковічы», ТАА «Санта Рытэйл», ДРБУ-200, прадстаўніцтва Белдзяржстраха, цэнтр забеспячэння дзейнасці бюджэтных арганізацый, усе сельвыканкамы. Па зборы адходаў шкла бясспрэчны лідар – райвыканкам: сабраны 341 працэнт ад патрэбнага. Добра спрацавалі аддзелы па адукацыі, ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, кансервавы, торфабрыкетны заводы, лясгас, раён электрасетак, райЦГіЭ, СДЮШАР, сельвыканкамы.
Па пластыку лепшыя вынікі ў аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, малочнага завода, ТАА «Трансэлектракамплект», ААТ «Шлях новы», «Нача», СДЮШАР, завода «Металапластмас», «Санта Рытэйл», цэнтра забеспячэння дзейнасці бюджэтных арганізацый.
Выканалі і перавыканалі заданне па зборы зношаных шын раён электрасетак, кансервавы завод, РАУС і РАНС; па адпрацаваным масле – «Нача» і аўтацэнтр «Вікторыя», – расказвае Наталля Маслоўская.
А вось шэраг прадпрыемстваў і арганізацый яўна недапрацоўвае. Напрыклад, ЗАТ «Белпрампрыбор», ТАА «Мясакамбінат Ляхавічы», ДП «Ліпнянка», увогуле за дзевяць месяцаў не здалі ні кілаграма пластыку, шкла; малочны завод, «Металапластмас», «Інтэрлак», «БелДан», «Фермент», «Еўрагандаль», ільнонасенстанцыя – шкла. Такі ж вынік па макулатуры ў вузла паштовай сувязі, мясакамбіната, «Фермента», «Еўрагандлю». Яўна недастатковая работа праводзіцца па зборы ДМР у ПМС, ветстанцыі, лячэбна-вытворчых майстэрнях «Крывошын» і іншых. Час, каб выправіць сітуацыю ёсць, але яго з кожным днём застаецца ўсё менш.
Акрамя выканання Дзяржаўнай праграмы па зборы другасных матэрыяльных рэсурсаў, Ляхавіцкаму раёну даведзена заданне па зборы ДМР для дзяржаўных патрэб: 250 тон адходаў паперы і кардону, 300 тон шкла. Па стане на 1 кастрычніка, паказчыкі выкананы на 63,5 працэнта. Аператар у асобе райпо не выконвае паказчыкі Дзяржзаказу ні па адходах макулатуры, ні шкла, а камунгас не справіўся пакуль з заданнем па шкле.

Патрабуецца перазагрузка
Пытанні збору другасных матэрыяльных рэсурсаў разглядаюцца на пасяджэннях райвыканкама, сесіях райсавета дэпутатаў. На апаратных нарадах у старшыні райвыканкама. І неаднойчы даводзіцца чуць меркаванні некаторых кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый: а дзе ўзяць тую ж макулатуру ці шкло? Так і хочацца адказаць на пытанне пытаннем: а ці добра шукаеце?
– Адной з прычын невыканання даведзеных заданняў па зборы ДМР з’яўляецца адсутнасць належнага кантролю за гэтым працэсам з боку кіраўніцтва арганізацый. Складаецца ўражанне, што некаторыя кіраўнікі не да канца разумеюць важнасць і неабходнасць выканання паказчыкаў па зборы другасных матэрыяльных рэсурсаў і Дзяржаўнай праграмы «Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе». Таму будзе разглядацца пытанне аб прыцягненні да дысцыплінарнай адказнасці службовых асоб устаноў і прадпрыемстваў, адказных за выкананне даведзеных заданняў, – тлумачыць Наталля Маслоўская.
Таксама, як расказалі ў аддзеле архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ, па ўзгадненні з сельвыканкамамі на чацвёрты квартал гэтага года распрацаваны графікі штомесячных аб’ездаў сельскіх населеных пунктаў для збору ў насельніцтва другасных матэрыяльных рэсурсаў. Павінен паспрыяць справе і чарговы месячнік па зборы ДМР, які пройдзе з 10 лістапада да 10 снежня.
Галіна КАНЬКО.