Ужо не кармацэх, а «карміць» працягвае. Прадукцыя Жарабковіцкага алейнавага заводзіка не складзе не залежваецца

Двукоссе ў загалоўку, па сутнасці, не патрэбна. Памяшканне, якое некалі з’яўлялася кармавым цэхам жывёлагадоўчай фермы «Жарабковічы» аднайменнага ААТ пасля рамонту і ўстаноўкі новага абсталявання працягвае карміць. Цяпер ужо не толькі жывёльныя статкі гаспадаркі ў прамым сэнсе, але і яе бюджэт, эканоміку – маштаб.

Цэх два
На працягу доўгіх гадоў гэтыя квадратныя метры «працавалі» кармавым цэхам комплексу па адкорме буйной рагатай жывёлы. Належным чынам прыстасаваныя, аснашчаныя неабходным дапаможным абсталяваннем, сваю ролю вытворцы камбікармоў ён выконваў спраўна. І якасна. Але ўсяму свой час, які для, умоўна, цэха нумар адзін застаўся ў мінулым. Новыя стандарты, патрабаванні, тэхналогіі і  схемы кармлення выціснулі яго з ланцуга вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі як нерацыянальнае звяно.
Да практычнага ажыццяўлення ідэі па наладжванні ўласнай перапрацоўкі насення рапсу ААТ «Жарабковічы» прыступіла ўлетку 2018 года. Зрабілі мэтавы, пад новыя патрабаванні, рамонт старога кармацэха, завезлі, усталявалі, наладзілі тэхналагічнае абсталяванне. У жніўні таго ж года адбыліся першыя тэставыя пускі ўласнага цэха па перапрацоўцы насення рапсу – акурат пад свежасабраны ўраджай культуры. А ўжо напрыканцы верасня новы вытворчы актыў гаспадаркі запрацаваў на поўную моц.
У якасці асноўнага абсталявання цэх аснашчаны двума прэсамі вінтавога тыпу з намінальнай прапускной здольнасцю кожнага па 200 кілаграмаў насення за 60 мінут рабочага цыкла. У выпадку поўнай загрузкі і работы на максімальна дазволеных абаротах за такі час «цэх два» здольны «адпрацаваць» 400 кілаграмаў сыравіны і атрымаць на выхадзе 120–130 кілаграмаў алею і 270–280 кілаграмаў макухі. У выпадку з рапсам (а ўстаноўка здольна працаваць і з насеннем іншых алейных раслін) атрымліваецца іменна такі расклад: выхад асноўнага і другаснага прадукту складае, адпаведна, 30–33 і 67–70 працэнтаў.
– У цэлым і ў пераразліку на сярэдняе значэнне яно так  і атрымліваецца. Але ёсць і аб’ектыўныя, залежныя ад зыходнай сыравіны нюансы. У якой ступені яна вільготная, наколькі якасная, якім працэнтам засмечанасці адрозніваецца. Важна, напрыклад, каб паказчык вільготнасці паступаючага ва ўстаноўку насення складаў не менш за шэсць з паловай і не перавышаў дзевяць працэнтаў.
У выпадку яго адхілення ў нейкі з бакоў, алею атрымаецца менш, выхад макухі, адпаведна, будзе большым, – гаворыць зменны аператар цэха Мікалай Пазяйчук (на здымку). Ад Мікалая ж даведваемся, што гэтымі днямі-тыднямі алейная вытворчасць
ААТ «Жарабковічы» працуе на мяжы сваіх праектных магчымасцяў: кожны тыдзень па 24 гадзіны ў суткі.
– Перапыняем работу цэха раз на тыдзень. На гадзіну-другую і для рэгламентнага абслугоўвання, як правіла. Паломкі здараюцца вельмі нячаста і звычайна лёгка выпраўляюцца. Работай цэха кіруе камп’ютар, ён жа адсочвае і выдае на сэнсарную панэль усе важныя параметры працэсу. Нам, аператарам, застаецца ўважліва назіраць і, калі камп’ютар укажа на нейкую некарэктнасць, правільна рэагаваць на яе, – працягвае дзяліцца сакрэтамі аператарскай справы Мікалай.
Для аператараў, якіх у цэху па колькасці працоўных змен –
чатыры, створаны ўсе замацаваныя нормамі аховы працы санітарна-бытавыя ўмовы. Ёсць куточак, дзе можна паабедаць, гардэробная, пакой з душам і іншае. Працуй, уважліва выконвай свае абавязкі. Яны і працуюць – ужо знаёмы нам Мікалай  Пазяйчук і яго калегі Аляксандр Бецька, Віктар Новік і Андрэй Свінабурка.

Прапанова  не паспявае  за попытам
Падчас размовы з намеснікам дырэктара ААТ «Жарабковічы» Леанідам Варвашэвічам яму паступіла, у тым ліку, і «тэматычнае» тэлефанаванне. Абанента з Оршы цікавіў факт наяўнасці рапсавага алею, гатоўнасці гаспадаркі яго прадаць і стартавая цана.
– Са збытам алею ніякіх пытанняў не ўзнікае. Купляць гатовы многія, амаль заўсёды і па дастаткова выгаднай для гаспадаркі цане. Прадукцыя на складзе не залежваецца.
Дакладней, не застойваецца. Разыходзіцца па розных прыватных структурах, бярэ «кандытарка», хлебазаводы і  іншыя, – тлумачыць рыначны расклад Леанід Варвашэвіч.
І не дзіва, дабавім ад сябе: рапсавы алей з’яўляецца і служыць цудоўнай альтэрнатывай усім іншым відам расліннага алею – сланечнікавага, кукурузнага ды і ў нечым дарагога аліўкавага. Як мінімум, роўны ім па галоўных спажывецкіх характарыстыках, шэраг яго якасных параметраў цэніцца нават некалькі вышэй. Ды і свой, родны, вырашчаны-выраблены на беларускай зямлі. Магчыма, і ў тым адна з прычын, што ўсё большая колькасць беларусаў аддае гэтаму прадукту сваю гастранамічную перавагу.

Другі не азначае  другасны
Як ужо адзначалася, пасля алею ад рапсавага насення застаецца адна толькі макуха.
У сухім рэштку і ў якасці другога прадукту перапрацоўкі. Але другі не азначае другасны і з’яўляецца не такім ужо і «сухім». У ёй  застаецца каля 10–11 працэнтаў патэнцыяльна тлушчавага кампанента, утрымліваюцца іншыя карысныя для жывёлы элементы і мікраэлементы.
– Макуху можна назваць кармавой дабаўкай да рацыёну буйной рагатай жывёлы. Дастаткова пажыўнай, здольнай павышаць паказчыкі прадукцыйнасці жывёльных статкаў. Характарызуецца высокім працэнтам утрымання пратэіну – да 35 адзінак. Часам макуху вобразна называюць «малакагонным сродкам». У выніку рэгулярнага і разумнага яе выкарастання ў рацыёне дойных жывёл павышаецца бялок і тлустасць малака, у жывёлы на адкорме растуць прывагі. Яшчэ макуха дапамае эканоміць грошы, паколькі адпадае неабходнасць у набыцці дарагога, напрыклад, сланечнікавага шроту, з’яўляецца яму роўнай альтэрнатывай. Усё, што атрымліваем,
скармліваецца на фермах гаспадаркі. Хоць маглі б і гандляваць – ёсць попыт, дазваляюць аб’ёмы, здараюцца магчымасці, – падсумоўвае Леанід Варвашэвіч.

Ад родных ніў
Усяму пачатак поле, сельскагаспадарчая ніва, на якой вырошчваецца культура, што пасля трансфармацыі становіцца тым, чым становіцца. Жарабковіцкі алей з’яўляецца ва ўсіх сэнсах прадуктам роднай нівы. Усё самі – сеюць, убіраюць,  перапрацоўваюць, прапрацоўваюць лагістыку рэалізацыі. Штогод гаспадарка засявае-вырошчвае плюс-мінус тысячу гектараў рапсу. Фундамент ураджаю наступнага года закладзены ў свае законныя тэрміны. Падрос і дастаткова раскусціўся, прайшоў патрэбную перадзімовую падтрымку, абяцае ў наступным ураджай.
Яго патрэбна нямала – чым больш, тым лепш для перапрацоўкі, бюджэту і ў цэлым эканомікі гаспадаркі. Вырошчваюць некалькі дзясяткаў гібрыдаў і сартоў рапсу – як айчыннай, так і замежнай селекцыі. Са старых, ужо меўшых выкарыстанне канструкцый нядаўна заклалі новы склад для захоўвання іменна рапсавага насення, з улікам усіх неабходных у падобным выпадку патрабаванняў складской тэхналогіі. І лагістыкі, паколькі будучы склад узводзіцца побач з асноўнай вытворчасцю – цэхам па перапрацоўцы насення рапсу.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара і з архіва «ЛВ».