Запрашаем у сям’ю. Сям’я ляхавічан у абласным конкурсе «Сэрца аддаю дзецям» стала пераможцай

Кожны хлопчык і дзяўчынка маюць права на шчаслівае дзяцінства, у якім будуць любячыя тата і мама. Магчымасць адчуць бацькоўскую любоў і клопат даюць разнастайныя формы дзіцячага ўладкавання, сярод якіх прыёмная сям’я

У доме смачна пахне выпечкай – кулінарыць мама Надзя. Побач з ёй памочніцы Улада і Жэня. Яны не толькі назіраюць, як цеста становіцца прыгожым пірагом, але і стараюцца ўсяляк памагчы, быць сапраўднымі гаспадынькамі. Бацька Аляксандр заварвае чай, і дзяўчынкі адразу пераключаюцца на сервіроўку стала.

У ляхавічан Аляксандра і Надзеі Новікаў дзве прыёмныя дочкі –  старэйшай Уладзе 14, а Жэні ў лютым споўніцца пяць гадоў.
У абласным конкурсе «Сэрца аддаю дзецям» сям’я стала пераможцай у намінацыі «лепшая прыёмная сям’я» і ўзнагароджана дыпломам I ступені галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама.


Рыхтаваліся адказна і творча, шчыра ўдзячны спецыялістам сацыяльна-педагагічнага цэнтра за дапамогу да даволі складанага спаборніцтва, якое ўключала два завочныя этапы. На кожны рыхтавалі відэасюжэты пра свае сямейныя традыцыі і лад жыцця, адказвалі на пытанні і г. д. У конкурсе-рэкламе «Прыёмная сям’я: 10 фактаў «за» неабходна было стварыць друкаваную рэкламную прадукцыю па прапагандзе замяшчальнага бацькоўства. Новікі выдалі каляндар на 2022 год, дзе на кожнай старонцы красуецца важкі аргумент на карысць сямейнага выхавання. Сярод іх – «падтрымка ў цяжкую хвіліну жыцця», «гарантыя задавальнення жыццёвых патрэб» і іншыя.
Дарэчы, у абласным конкурсе ўдзельнічалі і бацькі-выхавальнікі дома сямейнага тыпу Лідзія Канапельчанка і Віталій Манахаў. У іх – сертыфікат удзельнікаў.


«ЛВ» завітаў у госці да Новікаў. З першых крокаў па доме адчуваецца атмасфера клопату і любві. Тут усё проста і шчыра. Няма дзяцей сваіх і чужых – нашы! Кроўных у Надзеі Паўлаўны і Аляксандра Сцяпанавіча двое – сын Аляксей і дачка Анастасія, якія ўжо маюць свае сем’і, і іх рабяты з радасцю бягуць да дзядулі і бабулі.
Статус прыёмнай сям’і Новікі атрымалі ў 2010 годзе. Паехалі ў госці да сяброў, якія тады ўзялі на выхаванне дзяўчынку, і загарэліся ідэяй самі.


– Тады па тэлебачанні пастаянна круцілі сацыяльны ролік пра тое, што ў кожнага дзіцяці павінна быць сям’я. Падумалі, узважылі, і пасля ўсіх неабходных працэдур  у нас з’явілася Алена, праз час Ксенія, – расказвае Надзея Паўлаўна.
Надзея і Аляксандр не з тых, хто сядзіць склаўшы рукі. Па натуры яны людзі ў добрым сэнсе неспакойныя. Жылі доўгі час у Казахстане. Па жыццёвых абставінах ім давялося пераехаць на радзіму мужа – у Ляхавічы. Тут галава сям’і пабудаваў вялікі дом, пасадзілі сад, агарод. Надзея працавала прадаўцом, Аляксандр адкрыў уласную справу. Пасля крутых віражоў жыццё пайшло наладжаным ходам.
Вопыт настаўніцкі – абодва па адукацыі педагогі (яна – фізікі-матэматыкі, ён – рускай мовы і літаратуры) – дапамагаў у многіх выхаваўчых момантах з дзяўчынкамі.
Алена падрасла, вывучылася і паляцела з гнязда, якое стала родным. Зараз перапісваецца-перазвоньваецца з прыёмнымі бацькамі і дасылае фотаздымкі сваіх дзяцей, прыязджаюць усе разам у госці. Сваёй стала і Ксенія –   сёння вучыцца ў каледжы сферы абслугоўвання. Яна таксама заўсёды імчыць у гэты гасцінны дом.
Улада з Жэнькай – родныя сёстры, маюць сваю гісторыю і на пытанне карэспандэнта «ЛВ», якія яны, тата Саша і мама Надзя, адказваюць: добрыя, а Улада дадае: «Класныя! Мяне навучылі многім дамашнім прамудрасцям».
Канешне, без падводных камянёў не абыходзіцца ні ў адной сям’і. Але цярпенне, мудрасць, зацікаўленасць і любоў пераадольваюць усе праблемы.
Мама стараецца парадаваць родных смачненькім – гатуе нароўні з поварам-прафесіяналам, акрамя традыцыйных баршчоў і супоў –
манты, бешбармак, грузінчыкі, штрудлі і г. д. Усе стравы – пальчыкі абліжаш. Родныя і знаёмыя даўно ацанілі смак пірагоў, тартоў, пячэння і іншай выпечкі ад Надзеі Паўлаўны. Карэспандэнтам «ЛВ» таксама пашанцавала паспрабаваць печыва – гэта вельмі смачна! На святы – Новы год, 8 Сакавіка, дні нараджэння за вялікім сталом збіраецца да двух дзясяткаў чалавек. Гэта і ёсць складнікі шчасця.
Дзень ідзе за днём. Улада рыхтуецца да алімпіяды па фізіцы. Вельмі ёй падабаецца гэты прадмет, а яшчэ беларуская мова і іншыя. У вольны час любіць плесці розныя вырабы з бісеру. Жэня з захапленнем знаёміцца з літарамі з дапамогай цікавай гульні – пасля заканчэння навучання ёй паабяцалі сюрпрыз. Любіць маляваць, а яшчэ чытаць кніжкі разам з бацькамі. Яна вельмі жыццярадасная і для ўсіх ззяе яркім сонейкам. Хваліцца, што ўмее рабіць фокусы.
Абавязкі ў сям’і маюцца як у дарослых, так і ў дзяцей. І гэта не выклікае непаразумення, а наадварот – аб’ядноўвае.
– У нашай сям’і заведзена рабіць усё разам: прыбіраць дом, адпачываць у кафэ, хадзіць у лес… Асноўнае правіла – гаварыць заўсёды праўду, – раскрывае сакрэты шчаслівага бацькоўства галава сям’і. А гаспадыня дома дапаўняе:
– Галоўны «інгрэдыент» любых адносін – любоў.
У бацькоў з дзецьмі ўстаноўлена асаблівая эмацыянальная сувязь і даверлівыя адносіны. Дзяўчынкі ведаюць, што цёця Надзя і дзядзя Саша – іх надзейная кропка апоры, падтрымка і хуткая дапамога.
Ідэальная сям’я па ўяўленні дзевяцікласніцы Улады – гэта любячыя бацькі – такія, як Новікі.
– Паверце, быць прыёмным бацькам нескладана, калі ты гэтага вельмі хочаш. Кожнае дзіця для нас –  самае-самае! У іх мы імкнёмся выхаваць прыстойнасць, дабрыню, арганізаванасць, спагадлівасць, шчодрасць, добразычлівасць, уменне сябраваць – тое, што дапаможа стаць добрым чалавекам, –  дзеліцца прыёмная мама.
У Ляхавіцкім раёне 17 дзяцей выхоўваюцца ў 13 прыёмных сем’ях, плюс два дзясяткі хлопчыкаў і дзяўчынак жывуць у дзіцячых дамах сямейнага тыпу, яшчэ 25 – у апякунскіх сем’ях .
– У нашай краіне інтарэсы дзяцей –  у цэнтры дзяржаўнай увагі. Прыёмная сям’я – адна з формаў уладкавання шчаслівага дзяцінства. Сям’я Аляксандра і Надзеі Новікаў –  прыклад бацькоўства. Пра прыёмных дзяцей яны заўсёды расказваюць з захапленнем і радасцю. Высокай ацэнкай працы Новікаў можа служыць тое, што, стаўшы дарослымі, дзеці не спыняюць з імі сувязі, – падкрэслівае начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Святлана Якубоўская.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Рэцэпт пірага ад Надзеі Новік

Для прыгатавання дражджавога цеста спатрэбіцца паўшклянкі цукру (у залежнасці ад начынкі можна больш ці менш), адна чацвёртая частка 100-грамовага пачка дражджэй, шклянка малака, дзве сталовыя лыжкі мукі.
Усё перамяшаць і даць дражджам распусціцца хвілін 10. Калі «шапачка» пачне падымацца, у асобны посуд дадаём яйка, чайную лыжку солі (без горкі), палавіну пачка маргарыну ці сметанковага масла, дзве сталовыя лыжкі алею, ванілін, муку (дадаць столькі, каб цеста атрымалася не вельмі тугім). Усё перамяшаць і дадаць сумесь з дражджамі. Замясіць цеста і некаторы час даць яму падняцца. Пасля падзяліць цеста на дзве няроўныя часткі: адну неабходна раскатаць і пакласці на яе начынку – варэнне, фарш ці іншую. Калі начынка радкаватая, то цеста можна пасыпаць крухмалам.
З другой часткі цеста робім рашотку, борцікі – упрыгожванне пірага па гусце гаспадыні.
Універсальнасць рэцэпта ў тым, што з цеста можна выпякаць і пірог, і пышкі. Для апошніх цеста раскатаць і выразаць кружкі. Калі не рабіць адтуліны, то пышкі можна начыняць згушчонкай ці іншым крэмам.