Зімовая сесія лёгкаатлетаў. Ляхавіцкія спартсмены вярнуліся з абласных спаборніцтваў з россыпам узнагарод

У горадзе над Бугам адбылася спартакіяда выхаванцаў спартыўных школ Брэстчыны па лёгкай атлетыцы. І на гэтым свяце «каралеўскага» спорту юныя ляхавічане былі зусім не статыстамі. Заваявалі россып індывідуальных прызоў і, што асабліва ганарова, атрымалі каманднае права на ўдзел у такім жа, але цяпер ужо рэспубліканскага маштабу спаборніцтве.

Спартакіяда навучэнцаў ДЮСШ, СДЮШАР, абласнога цэнтра алімпійскага рэзерву па лёгкай атлетыцы –  спаборніцтвы не новыя, адзначаныя ў календары юнацкага спорту колерам аптымістычнай перспектыўнасці. Праводзяцца традыцыйна ў канцы года і нярэдка маюць параўнанне з зімо-вай вучнёўскай сесіяй. З выстаўленнем адзнак у адпаведнасці з занятым месцам, ацэнкай асабістай перспектыўнасці кожнага з атлетаў-удзельнікаў.
Экзамен праходзіў у абласным цэнтры пад зводамі спецыялізаванага манежнага памяшкання. Сабраў блізкую да рэкорднай колькасць каманд-удзельніц, якіх было аж 23. Сваё прадстаўніцтва мелі ўсе раёны Брэстчыны, а некаторыя, напрыклад, Іванаўскі, Столінскі, Пінскі, горад Брэст, і ўвогуле прыехалі не адной камандай.
Спаборнічалі юнакі і дзяўчаты 2007–2008 гадоў нараджэння па так званай зімовай праграме спартакіядных лёгкаатлетычных стартаў. Што гэта азначае? Быў спрынт, бег бар’ерны і з перашкодамі, «гладкі» на сярэднія дыстанцыі. А яшчэ – спартыўная хадзьба, трохэтапная бегавая эстафета, усе віды скачкоў, штурханне ядра. «Доўгія» кіданні – кап’ё-дыск-молат – бадай, тое адзінае, што манежны фармат тур-ніру не прадугледжваў.
Як і ўсе іншыя, каманду Ляхавіччыны фарміравалі сямёра выхаванцаў СДЮШАР  раёна – пяцёра юнакоў і дзве дзяўчынкі. Моцная ў плане спартыўных кандыцый, згуртаваная ў сэнсе кожны гатовы падтрымаць кожнага камандная сямёрка.
Куды вывела дарожка манежа? Сапраўдным трыумфатарам спартакіяды стаў наш Цімур Плеўскі. Вучань СШ № 1 прыйшоў да абсалютнага выніку: быў першым у спаборніцтвах па спартыўнай хадзьбе на дыстанцыю як дзве, так і тры тысячы метраў. Дуплетам выстраліў і Радзівон Бут з СШ № 2, які да тытула лепшага ў бегу на тры тысячы «гладкіх» метраў дабавіў серабро дыстанцыі ў дзве тысячы метраў з перашкодамі. Начаўскай школьніцы Еве Кудравец не знайшлося роўных у бегу на паўтары тысячы метраў з перашкодамі, а на алімпійскіх спартакіядных 800-х мет-рах у нашай бягунні фініш атрымаўся бронзавым. Такое ж месца, але толькі ў бегу на паўтары тысячы метраў спартакіяднай дыстанцыі заняў Вячаслаў Пірштук, які вучыцца ў Навасёлкаўскай сярэдняй школе. А ўжо названыя Пірштук, Бут і трэці ўдзельнік Дзмітрый Біза склалі тройку бронзавых прызёраў-эстафетчыкаў.
Усе гэтыя тытулы-прызавыя месцы, як і некалькі іншых ляхавіцкіх пападанняў у васьмёрку, у суме лагічна трансфармаваліся ў пятае агульнакаманднае месца. Вышэй толькі Брэст, Баранавічы, Бяроза. А сярод сельскіх раёнаў (такі залік прадугледжаны рэгламентам спартакіяды) у каманды лёгкаатлетаў Ляхавіччыны вельмі высокае другое месца. І – пропуск на Рэспубліканскую спартакіяду выхаванцаў ДЮСШ-СДЮШАР па лёгкай атлетыцы. Як расказаў трэнер-выкладчык СДЮШАР раёна Андрэй Іванюценка, рэспубліканскі форум юных майстроў-прыхільнікаў каралевы спорту адбудзецца на мяжы будучых студзеня-лютага.
– Спартакіяду прыме Гомель. Актыўна рыхтуемся ўжо зараз, спадзяёмся на ўдалае выступленне, – адзначыў трэнер.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота з архіва СДЮШАР.