Ляхавічы: у «Ласунак» на абед

З нядаўняга часу ў кафэ «Ласунак» можна паабедаць па сацыяльна нізкіх цэнах ці наогул бясплатна.

Паслуга гэта для землякоў з I і II групай інваліднасці, сацыяльна ўразлівых катэгорый грамадзян, якія знаходзяцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі.
Каб атрымаць сертыфікат на сацыяльны абед, неабходна звярнуцца ў раённую арганізацыю Таварыства Чырвонага Крыжа (тэл. 6-67-97), дзе і вызначаць ступень складанасці праблемы. Дапамога ажыццяўляецца ў рамках праекта, які рэалізуе раённая арганізацыя Таварыства Чырвонага Крыжа разам з ТЦСАН і райпо.
Штодзённа сем землякоў з абмежаванымі магчымасцямі а палове першай гадзіны ў «Ласунку» атрымліваюць паўнацэнны абед. Повары з рэстарана «Ластаўка» гатуюць смачна, утульная абстаноўка стварае пазітыўны настрой.
Валанцёры Чырвонага Крыжа – наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання для пажылых грамадзян ТЦСАН, што ініцыявала праект, Людміла Фаміна, Стэфаніда Званковіч і Валянціна Сакалоўская – суправаджаюць адзінокіх і адзінока пражываючых да кафэ. Калі неабходна, абед могуць даставіць і дадому.
– Заўсёды важна, каб побач былі людзі, якія могуць працягнуць руку дапамогі. Такім добрым сябрам у цяжкіх сітуацыях выступаюць ТЦСАН і раённая арганізацыя Чырвонага Крыжа, якія не толькі аказваюць сацыяльна-псіхалагічную падтрымку, але і могуць пачаставаць смачным абедам. Што часам вельмі неабходна тым, каму па стане здароўя цяжка спраўляцца з дамашнімі клопатамі, – падкрэслівае загадчыца аддзялення дзённага знаходжання для пажылых грамадзян Святлана Яраш.
Праект будзе працаваць і ў наступным годзе.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.