Нераўнадушныя сэрцы студзеньскіх юбіляраў. Па іх біяграфіі можна адсачыць гісторыю Ляхавіччыны

Так было заўсёды, так ёсць і, напэўна, будзе: на ветэранаў можна спадзявацца ва ўсіх добрых справах. Яны не пашкадуюць свайго часу, не створаць праблем для іншых, а з усёй адказнасцю, кампетэнтна, дакладна, своечасова выканаюць даручэнне, калі трэба, дапамогуць, арганізуюць, паклапоцяцца. Па іх біяграфіі можна адсачыць гісторыю Ляхавіччыны. Жыццё, працоўная і грамадская дзейнасць нашых землякоў Рамана Русакевіча, Васілія Падзіны, Людмілы Палтарак, Аляксандры Матчэня – сапраўдная скарбніца вопыту, мудрасці, адказнасці, вернасці традыцыям. Яны былі і застаюцца прыкладам для новых пакаленняў не толькі як выдатныя прафесіяналы, але і як людзі, якія бязмежна любяць сваю Радзіму. У студзені 2022 года кожны з іх адзначае важкі жыццёвы юбілей. Каб падрабязна расказаць пра кожнага, не хопіць газетнай старонкі. Іх прозвішчы добра вядомыя ў той галіне, дзе яны працавалі, іх і сёння ўзгадваюць з пашанай і павагай, сардэчна і цёпла.

Раман Русакевіч – сапраўдны  аксакал у райспажыўкааперацыі раёна. Яго шлях у прафесіі хрэстаматыйны, калі параўноўваць з армейскім, можна сказаць, – ад салдата да генерала. Пачынаў з прадаўца ў вясковым магазіне ў Тухавічах, узначальваў магазін у райцэнтры, потым рэвізорская справа, удасканальваў работу сельпо, якім кіраваў пяць гадоў. Менавіта пры Русакевічы  36 магазінаў Ляхавіччыны лічыліся лепшымі гандлёвымі кропкамі, а 13 сталовых – узорнымі прадпрыемствамі грамадскага харчавання. Потым – дырэктар аптовай базы, першы намеснік старшыні праўлення райпо, дырэктар аптгандлю і старшыня райспажыўсаюза. Шмат дала вучоба на двух факультэтах прэстыжнага інстытута народнай гаспадаркі і ў школе кіраўнікоў народнай гаспадаркі.
Безліч грамат і падзячных пісьмаў за добрасумленую працу, умелае кіраўніцтва, удасканальванне работы спажыўкааперацыі, Раман Іванавіч – адзіны ў раёне, хто мае ганаровае званне «Заслужаны работнік сферы абслугоўвання Рэспублікі Беларусь».

Цяжка падлічыць, колькі разоў з яе вуснаў прагучалі ў адрас маладажонаў пажаданні кахання і згоды, колькім шчаслівым бацькам яна ўручыла пасведчанні аб нараджэнні іх дзяцей. З асаблівай тактоўнасцю яна абслугоўвала наведвальнікаў, якія страцілі дарагога і блізкага чалавека…
Больш за два дзесяцігоддзі шчыравала ў загсе Людміла Палтарак, спачатку галоўным спецыялістам, потым 16 гадоў узначальвала гэту службу. Уважлівасць, ветлівасць, чуласць, дабрыня і дружалюбнасць былі яе візітоўкай як прафесіянала і як чалавека. Як неаднойчы падкрэслівала Людміла Іванаўна, работа супрацоўнікаў загса – гэта не толькі святочныя ўрачыстыя рэгістрацыі, але і штодзённыя непасрэдныя зносіны з людзьмі. Таму даводзіцца быць не толькі граматным юрыстам, але і псіхолагам: умець выслухаць наведвальніка, калі патрабуецца – даць слушную параду.

Сапраўдны падпалкоўнік, ветэран Узброеных Сіл, мужны, адказны – гэта пра Васілія Падзіну, які пачынаў воінскую службу стралком танкавага палка, а з лістапада 1984-га амаль восем гадоў узначальваў раённы ваенны камісарыят. У пацвярджэнне бездакорнай службы – шэраг узнагарод, у тым ліку медаль трох ступеняў «За бездакорную службу». Не менш сумленна працаваў у іншых арганізацыях. І заўжды быў актыўным грамадскім актывістам. Васілій Сямёнавіч – адзін з арганізатараў стварэння Ляхавіцкай раённай арганізацыі Беларускага саюза афіцэраў, узначальваў яе 16 гадоў. Наш шаноўны зямляк і сёння сцвярджае, што ганарыцца арміяй, у якой служыў, сённяшнім маладым
пакаленнем абаронцаў Айчыны, якія надзейна стаяць на варце незалежнасці Беларусі.

Была, ёсць і, напэўна, будзе актыўнай жыццёвая пазіцыя гэтага чалавека. На якой бы пасадзе ні працавала – ветфельчарам, лабарантам, старшынёй прафкама навучэнцаў Ляхавіцкага аграрнага каледжа, – Аляксандра Матчэня поўнасцю аддавала сябе рабоце, за гэта заўжды паважалі ў калектыве, бо яе падтрымка дзейсная, яна дапамагала не толькі ўрэгуляваць працоўныя канфлікты, але і вырашаць сямейныя праблемы. Добра ведалі Аляксандру Васільеўну і ў раёне. Ініцыятыўная, неабыякавая, яна ўваходзіла ў склад райкама прафсаюза і, адпаведна, у раённых камісіях – жыллёва-бытавой і грамадскага кантролю. Нават пасля выхаду на заслужаны адпачынак Аляксандра Матчэня ў гушчыні спраў: прымае ўдзел у грамадскіх падзеях, месячніках па добраўпарадкаванні, ушанаванні юбіляраў, з’яўляецца намеснікам старшыні раённага савета ветэранаў і ўзначальвае ветэранскую пярвічку каледжа.

Усе гэтыя нашы шаноўныя ветэраны працы нарадзіліся ў першы месяц года, але кожны мае трапяткое, гарачае сэрца, якое сваёй спагадай,дабрынёй, клопатам растопіць любыя перашкоды.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.