Карпызаўскія хронікі

Зусім не марсіянскія, а вельмі зямныя гэтыя хронікі. Але хапае ў іх акрамя простага жыццёвага і быццёвага ўзвышанай тэматыкі. Завецца яна, гэта тэматыка, любоўю. Да блізкіх, наогул, да людзей, да самай лепшай у свеце работы (у чым Іосіф Цімафеевіч перакананы абсалютна) — журналістыкі а, дакладней, — газетнай справы, да роднай зямлі, якую ўспяваў газетным радком і песціць нястомна працавітымі рукамі. І працяг у гэтым пераліку можа быць бясконцым. Паверце, Іосіф Карпыза жыве не пасіўным назіральнікам, а актыўнай дзеючай асобай дня сённяшняга. І яго прафесійна-дакладны погляд, відушчае сэрца, багатая палітра пачуццяў і адчуванняў пра гэта сведчаць.
У год юбілею раёнкі святкуе і свой юбілей — на 5 гадоў больш важкі. І яшчэ адна круглая дата — 50 гадоў назад у 1963-м ён пачаў працаваць у ляхавіцкім «Будаўніку камунізму» адказным сакратаром. Вельмі строгім, вельмі граматным, патрабавальным і творчым. Тады яго каньком былі нарысы пра землякоў — маленькія шэдэўры таленавітага журналіста. Ці то на пасадзе намесніка рэдактара, ці рэдактара (раёнкай кіраваў на працягу 11 гадоў — да 2003-га), ці цяпер, калі «дабірае» нескарыстаны некалі адпачынак, ён жыццялюб і мудры дарадчык, уважлівы чалавек і калега назаўсёды. Мы яго і дасёння называем і лічым хадзячай энцыклапедыяй, незласлівым, але аб’ектыўным крытыкам, наогул, добрым чалавекам. А гэта «пасада», згадзіцеся, вельмі важная і адказная. Ён прымаў на работу новыя кадры, дапамагаў, падказваў, патрабаваў. А сёння па-добраму радуецца за сваю запатрабаваную чытачамі раёнку.
Пра нашага Цімафеевіча можна гаварыць бясконца: эрудыт, дачнік, складальнік красвордаў. А яшчэ, і ў першую чаргу, клапатлівы муж, бацька, дзядуля, цікавы субяседнік, сябар надзейны і спрачацца з ім… адно задавальненне, і быць на адной хвалі таксама. Нейк непрыкметна ў карпызаўскія хронікі падкралася лічба 75. Ды бляск вачэй нібы абвяргае, маўляў, памылачка выйшла… Здароўя Вам, шаноўны Іосіф Цімафеевіч, вялікага шчасця, дабрабыту, радасці ў жыцці і па-ранейшаму маладой бадзёрасці. Віншуем!

За вялікі асабісты ўклад у развіццё раённай журналістыкі і ў сувязі з юбілеем Іосіф Карпыза ўзнагаро-джаны Ганаровай граматай Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы аблвыканкама (так яно называлася на момант падпісання загаду аб узнагароджанні).

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *