Канфлікт вакол цішыні. Праблема, з якой у «ЛВ» ад імя землякоў звярнуўся жыхар вёскі Мыслабаж, слушная і патрабуе ўвагі

Праблема, з якой у «ЛВ» ад імя землякоў звярнуўся жыхар вёскі Мыслабаж, слушная і патрабуе ўвагі.

Справа ў наступным. Паляўнічы домік, што знаходзіцца ва ўласнасці Ляхавіцкага лясгаса, даўно заваяваў папулярнасць не толькі ў жыхароў раёна, якія любяць адпачынак на свежым паветры. Сюды прыязджаюць адзначаць розныя прыемныя падзеі: дні нараджэння, вяселлі, прафесійныя святы і г. д. Аднак, па словах вяскоўца, іншы раз кампаніі адпачывальнікаў так развесяляцца, што рэха разносіцца па ўсім наваколлі, музыка не дае спакойна спаць. І часцей за ўсё такі разгуляй бывае ў даволі позні час. Зразумела, у такой сітуацыі не пазайздросціш тым, хто жыве на бліжэйшай вуліцы.
– Мы жывём на вуліцы Садовай, гэты паляўнічы домік знаходзіцца побач.
Ён закрыты высокай агароджай, і што там робіцца – нам невядома. А вось музыка іграе так моцна, што вушы закладвае,
ды і гоману іншы раз столькі, што не схавацца нават дома. Здараецца, што нецвярозыя адпачывальнікі выходзяць за межы ўгоддзяў, і становіцца страшна, бо мала што можа здарыцца ў плане бяспекі. Неаднойчы раней звярталіся ў лясгас, каб прынялі якія-небудзь меры, і гулянні праходзілі больш ціха. У адказ нам гаварылі, што ўсе мерапрыемствы заканчваюцца не пазней за 23 гадзіны. Калі было вельмі гучна і немагчыма заснуць, нават выклікалі міліцыю. Супрацоўнікі РАУС прыязджалі, фіксавалі парушэнне, адпраўлялі прадпісанні кіраўніцтву лясгаса. Аднак усё паўтаралася зноў, – расказвае жыхар Мыслабажа Юрый Трыбух.
Паспрабуем разабрацца ў сітуацыі, каб не дапусціць аналагічных у далейшым. Меркаванне аднаго боку канфлікту агучана. Далей – каментарый уласніка гасцявога доміка – Ляхавіцкага лясгаса.
– Наш гасцявы комплекс прызначаны для правядзення разнастайных мерапрыемстваў, адпачынку. І, што прыемна, карыстаецца папулярнасцю. Стараемся ствараць такія ўмовы, каб людзям, якія прыязджаюць сюды, было камфортна і ўтульна. Але пры гэтым і адпачывальнікі павінны прытрымлівацца пэўных правілаў, з імі кожную групу ў абавязковым парадку знаёміць наш адміністратар. У прыватнасці, у адным з пунктаў значыцца: «пасля 23.00 адпачывальнікам забараняецца правядзенне на тэрыторыі шумных мерапрыемстваў, неабходна з 23.00 да 7.00 захоўваць цішыню». Тлумачыцца, што калі яна будзе парушацца, то незадаволеныя жыхары бліжэйшых дамоў могуць выклікаць міліцыю. Тэму, узнятую
Юрыем Васільевічам Трыбухом, канешне ж, ведаем, бо заяўнік з ёю да нас звяртаўся неаднойчы. Хаця іншыя жыхары дамоў, якія знаходзяцца недалёка ад комплексу, не скардзяцца на парушэнне правілаў. Таксама часта інспектуем па вечарах, ці не парушаюцца правілы адпачынку ў комплексе. Парушэнняў не выяўлялася, – патлумачыла намеснік дырэктара лясгаса Наталля Адаменка.
Ведаюць гэту праблему і ў райвыканкаме. Вось што сказала намеснік старшыні райвыканкама Святлана Юрлевіч:
– Гасцявы домік лясгаса прадастаўляе паслугі банкетнай залы без пражывання для правядзення ўрачыстасцей, а таксама аказвае паслугі ў якасці міні-інтэрната. Госці знаёмяцца з правіламі пажарнай бяспекі і электрабяспекі, правіламі паводзін і знаходжання ў гасцявым доміку і на яго тэрыторыі. Акрамя таго, папярэджваюцца, што ў выпадку парушэнняў указаных нормаў, а таксама пры стварэнні шуму ў перыяд з 23.00 да 7.00 можа быць выклікана міліцыя. Наколькі ведаю, лясгас заказваў паслугі РУП «Баранавіцкі ЦСМС», што на спецыяльных прыборах правярае ўзровень шуму. Перавышэнняў дапушчальных межаў не выяўлена. З данымі экспертызы азнаёмілі і Юрыя Трыбуха. Зразумела занепакоенасць заяўніка, які клапоціцца за ўласную бяспеку і жадае жыць у камфорце. Таму будзем трымаць сітуацыю на кантролі.
Як бачна, задзейнічана ў вырашэнні канфлікту і міліцыя.
– Супрацоўнікі РАУС неаднойчы выязджалі на выклікі па званку з вёскі Мыслабаж. Аднак ніякіх супрацьпраўных дзеянняў з боку адпачывальнікаў у гасцявым доміку не было зарэгістравана. Аналагічна ніякіх правапарушэнняў накшталт з’яўлення ў грамадскіх месцах у нецвярозым стане, парушэння парадку, хуліганстваў не выяўлена. Кіраўніцтву Ляхавіцкага лясгаса выдадзены рэкамендацыі па рэалізацыі мерапрыемстваў, накіраваных на захаванне парадку і правапарадку на падведамаснай тэрыторыі, – зазначае начальнік аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС Сяргей Хмарук.
У любога канфлікту заўжды ёсць дзве супрацьлеглыя пазіцыі, і кожны бок прыводзіць свае, па яго меркаванні, самыя дзейсныя довады. Але адно відавочна: агонь спрэчкі можна патушыць, калі сесці за імправізаваны стол перамоў і вырашыць пытанне адзін раз і назаўсёды. Пры гэтым, магчыма, давядзецца і прытрымаць уласныя эмоцыі і не зусім неабгрунтаваныя прэтэнзіі. Будзем узаемаветлівымі.

Галіна КАНЬКО.