Па прынцыпе аператыўнасці. Амаль 15 гадоў у Ляхавіцкім райвыканкаме дзейнічае служба «Адно акно»

Прыкладна дзесяць хвілін спатрэбілася сям’і ляхавічан Каваленкаў, каб аформіць заяву на атрыманне сямейнага капіталу і стаць на ўлік маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў.
– Нават і не думала, што так хутка можна аформіць усё неабходнае. У нашай сям’і 1 снежня мінулага года нарадзілася трэцяе дзіця. Таму звярнуліся ў службу «Адно акно» райвыканкама, каб напісаць заяву, а таксама сталі на ўлік для паляпшэння жыллёвых умоў. Пакуль мы жывём у маёй сястры і, канешне, марым пра ўласнае жыллё, – расказвае мнагадзетная маці Наталля Каваленка.

Амаль 15 гадоў у райвыканкаме дзейнічае служба «Адно акно» (створана ў верасні 2007 года). На яе ўскладзены прыём заяў па 192 адміністрацыйных працэдурах. Служба працуе па заяўным прынцыпе, стала надзвычай запатрабаванай сярод землякоў.
У першую чаргу, з-за істотнага спрашчэння і паскарэння афармлення дакументаў, вырашэння пытанняў, з якімі насельніцтва звяртаецца ў дзяржаўныя структуры. За гады існавання службы нямала гараджан і вяскоўцаў адчулі яе перавагі.
І сапраўды, заяўніку зручна: прыходзіць у «Адно акно», якое знаходзіцца на першым паверсе будынка райвыканкама, і падае толькі пакет неабходных для працэдуры дакументаў, устаноўленых заканадаўствам. Далей за справу бяруцца спецыялісты службы. Калі ёсць неабходнасць, накіроўваюць запыты ў дзяржаўныя органы і арганізацыі, прычым не толькі Беларусі. Праграмнае забеспячэнне «Адно акно» дапамагае аўтаматызаваць міжведамаснае ўзаемадзеянне пры ажыццяўленні адміністрацыйных працэдур. Таксама служба падключана да інфармацыйнай базы Нацыянальнага кадравага агенцтва.
– Часцей звяртаюцца жыхары Ляхавіцкага раёна па пытаннях, якія адносяцца да сферы жыллёвых адносін. Найбольш запатрабаваная працэдура – пастаноўка на ўлік маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Так, сёлета за чатыры месяцы ад грамадзян прынята ўжо 22 заявы. Дарэчы, грамадзяніну патрабуецца прадаставіць не такі аб’ёмны пакет дакументаў: пашпарт ці іншы дакумент, што сведчыць асобу ўсіх паўналетніх грамадзян, якія разам становяцца на ўлік, маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, пасведчанне аб нараджэнні непаўналетніх дзяцей. Плюс дакументы на права пазачарговага ці першачарговага прадастаўлення жылога памяшкання (пасведчанне інваліда ці шматдзетнай сям’і), пасведчанне аб даходзе і маёмасці кожнага члена сям’і. На прадастаўленне арэндных жылых памяшканняў грамадзяне падалі
63 заявы (на 54 больш, чым за аналагічны мінулагодні перыяд), яшчэ 21 заява датычылася ўключэння ў асобныя спісы маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў (на дзесяць больш, чым за чатыры месяцы 2021 года), – адзначае галоўны спецыяліст службы «Адно акно» Юлія Кунцэвіч.
Таксама грамадзяне звяртаюцца ў службу за выдачай дазволу на рэканструкцыю жылых ці нежылых памяшканняў, дазволу на правядзенне работ па вода- і газазабеспячэнні, водаадвядзенні, атрыманнем дазвольнай дакументацыі на ўзвядзенне жылога дома і нежылых капітальных пабудоў. Таксама частай прычынай звароту становяцца жаданне зрабіць перапланіроўку ў кватэры, неабходнасць рэгістрацыі дагавора найму і г. д.
Даволі часта пры звяртанні ў розныя інстанцыі неабходна запоўніць заяву, з правільнасцю афармлення якой у некаторых узнікаюць пэўныя праблемы.
Але толькі не ў тых, хто звяртаецца ў «Адно акно». Тут распрацаваны ўзоры і бланкі заяў, што дазваляе не траціць шмат часу, каб правільна сфармуляваць сутнасць свайго звароту. На стэндзе каля службы «Адно акно» разнастайныя карысныя звесткі, у тым ліку і аб часе прыёму грамадзян і юрыдычных асоб, правядзення прамых ліній кіраўніцтвам райвыканкама і яго структурных падраздзяленняў, іншая інфармацыя.
Ёсць і яшчэ адна адметная зручнасць для грамадзян. Спецыялісты службы «Адно акно» загадзя ўдакладняюць у заяўніка, якім спосабам ён хацеў бы атрымаць праект рашэння па яго заяве – па пошце ці асабіста.

Зручны і графік работы «Аднаго акна»: з панядзелка
па пятніцу з 8 да 17 гадзін (перапынак з 13 да 14 гадзін), а вось па серадах «Адно акно» вядзе прыём з 8 да 20 гадзін без перапынку на абед. Неабходную інфармацыю кожны жадаючы можа атрымаць па тэлефонах 142, 6-09-59.

Галіна КАНЬКО.