Педклас паказаў клас! Каманда навучэнцаў педкласа СШ №2 удастоена дыплома І ступені галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама

Вось ужо сем гадоў, як у СШ № 2 створаны педагагічны клас. Як паказаў час, ён дапамог многім хлопчыкам і дзяўчынкам вызначыцца ў выбары будучай прафесіі і даў пуцёўку ў жыццё не аднаму дзясятку выпускнікоў, якія пасля заканчэння школы выбралі педагагічныя спецыяльнасці ў ССНУ і ВНУ.

Адны яшчэ спасцігаюць тэорыю, другія ўжо рэалізоўваюць сябе ў выбранай прафесіі – вучыць і выхоўваць падрастаючае пакаленне. І амаль усе з цеплынёй і ўдзячнасцю ўспамінаюць сваіх на-
стаўнікаў з СШ № 2, якія не толькі вучылі іх разумнаму, добраму, вечнаму, але і дапамагалі жыццёвымі парадамі і проста былі і застаюцца надзейнымі старэйшымі сябрамі.
– Па жаданні ў педклас прыходзяць навучэнцы 10 і 11 класаў. Распрацавана методыка навучання, у абавязковай праграме – факультатыў «увядзенне ў педагагічную прафесію». Не толькі тэорыя важная для будучых настаўнікаў, старшакласнікі назіраюць за работай настаўнікаў і самі праводзяць урокі,арганізоўваюць мерапрыемствы для акцябрат і піянераў, знаёмяцца з работай выхавальнікаў у дзіцячых садках. Выпускнікі педкласа могуць паступаць на педагагічныя спецыяльнасці ў ВНУ па субяседаванні, прадастаўляючы партфоліа са сваімі дасягненнямі. Дарэчы, прыкладна палова выпускнікоў педкласа і каля 30 працэнтаў усіх выпускнікоў школы ў якасці прафесіі выбіраюць настаўніцкую, – расказвае намеснік дырэктара  СШ № 2 Таццяна Доруш.
У педкласе рабяты не толькі вывучаюць на павышаным узроўні тыя ці іншыя прадметы, але і ўдзельнічаюць у разнастайных творчых конкурсах, інтэлектуальных іспытах, прэзентацыях. У маі
ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А. С. Пушкіна адбыўся фінал І абласнога фестывалю педагагічных класаў. Удзел у ім узяла і каманда «Мара» СШ № 2. На адборачны тур, які праходзіў дыстанцыйна, «Мара» прадставіла відэапрэзентацыю «Педагагічны клас – гэта КЛАС!» і рэкламны буклет «Прафесія настаўніка – гэта…». А непасрэдна ў фінале ўсе ўдзельнікі праходзілі тэсціраванне, якое высвятляла іх веды па педагогіцы і псіхалогіі. Неабходна было праявіць сябе і ў конкурсе «Педагагічныя сітуацыі».
– Вельмі хваляваліся, бо такога кшталту фестываль-конкурс праводзіцца на Брэстчыне ўпершыню. Але нашы дзяўчаты – малайцы, яны з інтарэсам і натхненнем рыхтавалі і прэзентацыю, і фінальнае выступленне. Рады, што ўсё атрымалася, і ганарымся нашымі дзяўчатамі – Дзіянай Коршун, Аляксандрай Кузьміч, Лізаветай Архангельскай, Анастасіяй Кабяшовай, Арынай Харке, Уладзіславай Навагран, Палінай Шэмет. Разам з дзяўчатамі да фестывалю рыхтаваліся нашы педагогі – Наталля Сапега-Панько і Яна Сокал, – адзначае Таццяна Доруш.
Каманда «Мара» стала пераможцай і ўдастоена дыплома І ступені галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама. Віншуем з перамогай!

Галіна КАНЬКО.