Будаваць адносіны з грамадзянамі па-партнёрску і адкрыта

У рэспубліканскім семінары-нарадзе «Актуалізацыя метадаў і формаў работы з насельніцтвам на мясцовым узроўні» прымала ўдзел і кіраўніцтва Ляхавіцкага раёна – старшыня райвыканкама Мікалай Мароз і старшыня райсавета дэпутатаў Юрый Чаранкевіч

Быць удзельнікам рэспубліканскага семінара-нарады «Актуалізацыя метадаў і формаў работы з насельніцтвам на мясцовым узроўні» – падзея не з разраду звычайных. Як кіраўніцтва да дзеяння гучала
выступленне Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Як заўжды,
гэта было моцна, важна і важка, тычылася нашай паўсядзённай работы, якая накіравана на павышэнне дабрабыту насельніцтва.

Сёння мы гаворым пра канструктыўную зваротную сувязь, дыялог паміж уладай і людзьмі, які павінен стаць эфектыўным механізмам у будаўніцтве нашага камфортнага жыцця для людзей. Мы не павінны замоўчваць праблемы, не даваць ніякіх лішніх нагод для фэйкаў. Галоўнае, адкрыта гаварыць пра сітуацыю, вызначаць яе і быць першымі, хто пра гэта заяўляў. Вось рэцэпт супраць фэйкаў, якія часам нават не ўзнімаюць ніякай праблемы. Толькі «заводзяць» наша грамадства на негатыўны настрой, падбухторваюць бунтаваць, а не вырашаць праблему.
Яшчэ адзін важны момант, на які варта звярнуць увагу, – дыялогавая пляцоўка. У нашым раёне гэту нішу займае раённая газета. Тэлеграм-каналы і іншыя сацыяльныя сеткі могуць стаць (і, дарэчы, сёння гэта работа пачалася) інфармацыйным партнёрам раённай улады і кіраўнікоў арганізацый ці, можна сказаць, падтрымкай да таго, каб праблема была пачута. І галоўнае, каб з гэтых жа крыніц прагучала праўдзівая інфармацыя кампетэнтнага чалавека, а не проста адпіска. Добра зарэкамендавалі сябе і прамыя лініі, і прыёмы грамадзян. Апошнім часам увайшлі ў практыку сустрэчы з працоўнымі калектывамі, дзейнасць інфармацыйна-прапагандысцкіх груп, дзе кожны можа падзяліцца набалелай праблемай, узняць хвалюючыя пытанні і атрымаць адказ з першых вуснаў.
Увогуле, любая тэма павінна, у першую чаргу, абмяркоўвацца грамадзянамі – як пазітыўная, так і негатыўная.
Палітычныя падзеі апошніх гадоў паказалі, наколькі важна абмяркоўваць з народам пытанні і падзеі. Таму за галоўны прынцып варта ўзяць шчырасць і адкрытасць. Ісці ў калектывы і размаўляць, па-чалавечы абмяркоўваць, і як мага больш землякоў далучаць да гэтага працэсу. Тады і вынік будзе адпаведны. Прэзідэнт адзначыў, не трэба баяцца людзей.
Сапраўды, настаў час, калі прадстаўнікам мясцовай улады трэба перафарматаваць сваю работу, ісці да людзей. Наш галоўны партнёр у будаўніцтве шчаслівай краіны – народ.
Безумоўна, варта пераглядзець работу са зваротамі грамадзян. Калі да нас ідуць за дапамогай, значыць, нам давяраюць! І гэты давер трэба апраўдаць. З гэтага пачынаецца плённая работа: не абяцаць, не ставіць нейкіх нерэальных тэрмінаў, не блытацца ў дэталях фармалізму, не адкідваць ад сябе – а браць і вырашаць. Пажадана ўключыць у гэты працэс і грамадзян. Ключавое слова – РАЗАМ. Ніхто, акрамя жыхароў раёна, не зробіць Ляхавіччыну больш прыгожай, і ніякі бюджэт не здолее вырашыць усе праблемныя пытанні, бо на гэта патрэбны час і ўзаемаразуменне. Важна, калі Ляхавіччына рыхтуецца да чарговай культурнай падзеі, уключыцца ў яе арганізацыю ўсім і кожнаму.
Мы збераглі мір у нашай Беларусі. Нягледзячы на ўзрастаючы знешні націск, санкцыі і абмежаванні, мы развіваем эканоміку, умацоўваем сацсферу, трымаем марку. І многае ў гэтым плане залежыць ад нас, людзей, якім даверылі кіраўніцтва рэгіёна. Наш наступны крок павінен быць не да падзей, што адбыліся ва Украіне, а крокам
да працвітання незалежнай Беларусі.
Я за моцную дзяржаву, дзе шчаслівыя дзеці, дзе для моладзі шмат перспектыў, дзе ствараюцца сем’і, дзе берагуць і паважаюць вопыт, а, самае галоўнае, дзе мірна.
Таму будзем і далей працаваць, адкрыта, праўдзіва, па-партнёрску будуючы адносіны з грамадзянамі!

Мікалай МАРОЗ, старшыня раённага выканаўчага камітэта.