Слухаць, чуць і вырашаць праблемы

У рэспубліканскім семінары-нарадзе «Актуалізацыя метадаў і формаў работы з насельніцтвам на мясцовым узроўні» прымала ўдзел і кіраўніцтва Ляхавіцкага раёна – старшыня райвыканкама Мікалай Мароз і старшыня райсавета дэпутатаў Юрый Чаранкевіч

Людзей трэба слухаць і чуць – патрабаванне Кіраўніка дзяржавы да работы са зваротамі грамадзян адназначнае. Аляксандр Лукашэнка на семінары-нарадзе агучыў такую статыстыку: каля 70 працэнтаў скаргаў, што паступаюць у рэспубліканскія органы дзяржаўнага кіравання, маглі і павінны былі вырашыцца на мясцовым узроўні. І гэта сур’ёзная недапрацоўка арганізацый на месцах, сельвыканкамаў патрабуе перагляду падыходу, узмацнення адказнасці.

Прэзідэнт акцэнтаваў увагу на тым, што важнейшая задача бягучай пяцігодкі – ураўнаваць сацыяльныя стандарты для гарадской і сельскай мясцовасці. Вяскоўцы, чыімі намаганнямі фарміруецца харчовая бяспека краіны, не павінны адчуваць сябе горшымі за гараджан. Безумоўна, для вырашэння гэтай задачы нам давядзецца сур’ёзна папрацаваць. У тым ліку, напрыклад, па пытанні будаўніцтва і ўтрымання дарог, што найбольш хвалюе сельскае насельніцтва, па пытаннях ЖКГ.
Сёння ў краіне праводзіцца грунтоўная работа па дэбюракратызацыі, спрашчэнні адміністрацыйных працэдур. Спынюся толькі на двух момантах, па якіх ужо распрацавана заканадаўчая база, што істотна спросціць жыццё многім людзям. У прыватнасці, літаральна днямі Прэзідэнт падпісаў указ, якім прадугледжваецца магчымасць будаўніцтва індывідуальных жылых дамоў без праектнай дакументацыі. Ідзе размова і пра магчымасць выкупу арэнднага жылля. І гэта яшчэ адзін вялікі крок насустрач запытам насельніцтва.
На нарадзе ўздымаліся многія праблемы, актуальныя і для нашага рэгіёна. Як старшыню камісіі па садзейнічанні занятасці насельніцтва, мяне асабліва «зачапіла» размова пра ўтрыманскія настроі пэўнай часткі насельніцтва. На жаль, такія грамадзяне ёсць і ў нашым раёне: гадамі не працуюць, не плацяць падаткі, ніякім чынам не ўдзельнічаюць у развіцці дзяржавы. Прапановы працаўладкавацца іх не цікавяць, хаця ў базе вакансій раёна – больш за 200 пазіцый. Істотная сацыяльная падтрымка ў некаторых людзей «нарадзіла» спажывецкія адносіны да дзяржавы, калі чалавек перакананы, што яго павінны забяспечыць усім, пры гэтым сам не гатовы браць на сябе абавязацельствы, прыкладаць нейкія намаганні. Між тым, людзі павінны ўсвядоміць: некаторыя пытанні яны могуць і павінны падзяліць з дзяржавай. Размова не толькі пра сумленнае выкананне працоўных абавязкаў, а і пра навядзенне і захаванне чысціні каля свайго дома, на сваёй вуліцы, у сваім населеным пункце.
Не сакрэт, што ў апошні час абмяркоўвалася пытанне, ці патрэбны
наогул Саветы дэпутатаў. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: патрэбны, калі яны добра працуюць. Народныя абраннікі павінны быць у прамым сэнсе ў цэнтры падзей: актыўна працаваць з людзьмі, аб’ядноўваць, арганізоўваць на стваральныя справы. У такой дзейнасці старшыням сельвыканкамаў надзвычай важна мець надзейную падтрымку і апору ў выглядзе старастаў, якіх у Ляхавіцкім раёне 63.
Райсавет дэпутатаў праводзіць сур’ёзную работу з рэзервам кадраў. Літаральна ў гэтыя дні ідзе фарміраванне новага складу мясцовага маладзёжнага парламента. У яго маюць шанц трапіць самыя актыўныя і ініцыятыўныя маладыя прадстаўнікі працоўных калектываў і грамадскіх аб’яднанняў. Наша задача – паказаць маладым работу заканадаўчага органа ўлады, прыцягнуць іх да вырашэння розных пытанняў, пачуць ініцыятывы моладзі і дапамагчы іх рэалізаваць, даць магчымасць быць карыснымі свайму раёну і сваёй дзяржаве. Гэта патрэбна для фарміравання лідарскіх якасцяў і адчування ўласнага дачынення да агульнай справы. Апошняе, дарэчы, актуальна не толькі адносна моладзі.

Юрый ЧАРАНКЕВІЧ, старшыня раённага Савета дэпутатаў.