Гарачая размова на дарожную тэму. Што вырашыў сход грамадзян у Куршынавічах?

На пад’ездзе да будынка Куршынавіцкага лясніцтва стала відавочна, што запланаваны сельскі сход грамадзян пройдзе на высокай узрушанай ноце.

Тэма важная і актуальная, прычым не толькі для тутэйшых людзей, але і для жыхароў навакольных вёсак (Старыя Буды, Новыя Буды, Гашчын, Стараселле, Хацяж) – асфальтаванне аўтамабільнай дарогі Н-2 Ганчары – Куршынавічы – Ляхавічы. Гэта пытанне больш за пяць гадоў сапраўды хвалюючае. У якія толькі інстанцыі ад раённага да рэспубліканскага ўзроўню ні звярталіся вяскоўцы, каб паездка на асабістым ці грамадскім транспарце была камфортнай, каб не даводзілася кожны раз думаць, якімі выдаткамі для ўласнага бюджэту абыдзецца чарговы рамонт аўтамабіля пасля такога дарожнага ваяжу. Ды і здароўю чалавека мала прыемнага ад паездак па выбоінах. Выпрабавана на сабе: шкада было рэдакцыйны аўтамабіль, што падскокваў на камянях, якімі ўсыпана дарога.
Пасля калектыўнага звароту на сустрэчу з заяўнікамі-вяскоўцамі, а іх сабралася больш за паўсотню чалавек, прыехалі прадстаўнікі раённай ўлады – старшыня раённага Савета дэпутатаў Юрый Чаранкевіч, намеснік старшыні райвыканкама Аляксей Галяк, а таксама генеральны дырэктар РУП «Брэстабл-дарбуд» Сяргей Дзямко, начальнік аддзела дарожнай гаспадаркі, транспарту і сувязі камітэта па архітэктуры і будаўніцтве Брэсцкага аблвыканкама Анатолій Савянок, прадстаўнікі раённай дарожнай службы.
Дыялог атрымаўся гарачым, прадметным. «Немагчыма ехаць па такой дарозе», «нават ужо не падлічваю, колькі грошай патраціла на рамонт свайго аўтамабіля», «чаму павінна прыязджаць да бацькоў у Куршынавічы праз Ганцавічы», «пыл такі стаіць, што нічога не відаць і дыхаць немагчыма», «бак прабіў, колы прапароў», «шкло не аднойчы разбівалася», «а як дзецям у школу ездзіць – стрэсеныя ўсе, тут не да вучобы», «пасля дажджу і ўвогуле ніякі транспарт не можа праехаць, грэйдзіраванне робяць рэдка». І гэта толькі частка агучаных грамадзянамі прэтэнзій і да якасці дарогі, і да работы ДРБУ-200. Кожны мог выказацца, задаць пытанне. Але больш за ўсё вяскоўцам хацелася пачуць канкрэтны і дакладны адказ: калі апранецца ў асфальтаванае пакрыццё дарога з Мядзведзічаў у Куршынавічы.
Сяргей Дзямко расказаў, што на 2020 год было запланавана асфальтаванне, выдаткаваны сродкі, ДРБУ-200 заказала праектна-каштарысную дакументацыю на добраўпарадкаванне дарогі. Аднак колішняе кіраўніцтва раёна вырашыла перанакіраваць фінансаванне на іншую дарогу. Адпаведна, з цягам часу зробленая праектна-каштарысная дакументацыя страціла свае паўнамоцтвы, а страты на яе выраб у памеры 35 тысяч рублёў ляглі на выдаткі ДРБУ-200. Аб’ект быў перанесены на 2022 год. У красавіку – маі 2022 года Камітэт дзяржкантролю Брэсцкай вобласці падчас планавай праверкі «Брэстаблдарбуда» прааналізаваў абгрунтаванасць уключэння аб’ектаў рэгіёна ў Дзяржаўную праграму «Дарогі Беларусі» на 2021–2025 гады. Выяўлена, што на азначанай аўтадарозе быў выкананы бягучы рамонт гравійнага пакрыцця. Гарантыйны тэрмін устаноўлены па 31 лютага 2023 года. Такім чынам, да гэтай даты асфальтавання не будзе. Сяргей Дзямко паведаміў, што Брэсцкім аблвыканкамам узгоднена выключэнне бягучага рамонту з асфальтаваннем на ўчастках указанай дарогі з пераліку аб’ектаў для рамонту ў 2022 годзе.
Ад імя раённай улады Юрый Чаранкевіч і Аляксей Галяк падтрымалі ініцыятыву вяскоўцаў і паабяцалі ўключыць у раённую праграму добраўпарадкавання дарог на 2023 год асфальтаванне аўтамабільнай дарогі Н-2 Ганчары – Куршынавічы – Ляхавічы. Пакуль іншага раскладу не прадбачыцца. Адно відавочна, ДРБУ-200 неабходна больш увагі надаваць гэтаму ўчастку і рэгулярна праводзіць грэйдзіраванне, каб хоць крыху зменшыць непрыемныя наступствы.
Галіна КАНЬКО.
Фота аўтара.