Дыялог на педагагічную тэму. За завочным круглым сталом «ЛВ» сабраліся прадстаўнікі вялікай дружнай педагагічнай сям’і Ляхавіччыны

Для кагосьці сёлетні верасень – першы месяц самастойнай працы, для некаторых бягучы навучальны год – адзін з чарговых на працягу не аднаго дзесяцігоддзя прафесійнай кар’еры. Хтосьці прыйшоў у прафесію па прызванні, ёсць такія, хто спраўдзіў мару дзяцінства ці з’яўляецца прадаўжальнікам сямейнай дынастыі. Але ўсе яны маюць адну агульную рысу – любоў да дзяцей. Яны настаўнікі, такія розныя прадстаўнікі вечнай і адной з самых гуманных прафесій, але такія аднолькавыя ў сваім памкненні зрабіць свет дабрэйшым і ў сваім прызначэнні – сеяць разумнае, добрае, вечнае.

Напярэдадні прафесійнага свята – Дня настаўніка, – якое ў Беларусі традыцыйна адзначаецца ў першую нядзелю кастрычніка, за імправізаваным завочным круглым сталом «ЛВ» сабраліся прадстаўнікі вялікай дружнай педагагічнай сям’і Ляхавіччыны з розных устаноў адукацыі. Пра шлях у прафесію, пра калег і, канешне, пра вучняў, пра самыя запамінальныя моманты ў прафесійнай дзейнасці разважаюць тыя, хто працуе сёння, і шаноўныя ветэраны педагагічнай працы.

Святлана ЯКУБОЎСКАЯ, начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама:
– Бясспрэчна, наша скарбніца, галоўны рэсурс адукацыі раёна – педагагічныя кадры. Ад іх прафесіяналізму напрамую залежыць якасць работы школы, дзіцячага садка, пазашкольнай установы.
Больш за 86 працэнтаў педагогаў маюць вышэйшую адукацыю, больш за 75 працэнтаў – першую і вышэйшую кваліфікацыйныя катэгорыі, а настаўнікі СШ № 1 Сяргей Абярган і Ніна Юрчык – катэгорыю «настаўнік-метадыст».
Заўжды рады маладому папаўненню, толькі ў бягучым навучальным годзе да работы прыступілі 13 маладых калег. На працягу трох гадоў наша гімназія ўдзельнічае ў рэспубліканскай праграме «Настаўнік для Беларусі», дзякуючы чаму таксама адбываецца настаўніцкае папаўненне.
Адзін з прыярытэтных накірункаў – работа з адоранымі дзецьмі. Вынік уражвае: дыпламантамі абласной прадметнай алімпіяды ў мінулым навучальным годзе сталі навучэнцы, падрыхтаваныя таленавітымі педагогамі Палінай Белавус і Святланай Бурак з гімназіі, Інай Бортнік і Ліліяй Маслоўскай з СШ № 1. Рабяты СШ № 1
і № 2 сталі ўладальнікамі прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі за выніковае выступленне на конкурсе даследчых і біёлага-экалагічных работ. Падрыхтавалі дыпламантаў Таццяна Маляр і Таццяна Місюк. Навучэнцы СШ № 1 пад кіраўніцтвам настаўніка Марыны Глушко неаднаразова былі прызёрамі рэспубліканскіх конкурсаў, навукова-практычных канферэнцый выхаваўчай накіраванасці. Інавацыі па праве лічацца важнай ўмовай эфектыўнага развіцця творчага патэнцыялу педагогаў. І тут у нас нямала дасягненняў: на базе сямі ўстаноў адукацыі арганізавана работа шасці рэспубліканскіх інавацыйных пляцовак.

Таццяна МІСЮК, настаўніца СШ № 2:
– Усё, што было ці ёсць, пачыналася з мары… Яшчэ ў дзіцячым узросце гуляла ў школу: вучыла лялек, суседскіх хлопчыкаў і дзяўчынак. Мара не з’яўляецца сама па сабе. Прыкладам стала мая першая настаўніца, дзякуючы якой я ўлюбілася ў гэту прафесію. На трэцім курсе Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта пайшла працаваць настаўнікам біялогіі ў адну са школ. Мой працоўны педагагічны шлях на Ляхавіччыне пачаўся з 2001 года з СШ № 2, потым быў цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, па сумяшчальніцтве Начаўская школа, і вось зноў родная СШ № 2. Побач – цудоўныя калегі. Кіраўніцтва школы заўжды падтрымлівае ідэі і пачынанні, дапамагае ў іх рэалізацыі.
Першаступеннай якасцю кожнага педагога, на мой погляд, павінна быць любоў да дзяцей. Няма кепскіх вучняў, ёсць дзеці, на якіх не хапіла духоўных сіл. У кожным вучні трэба імкнуцца разгледзець яго самыя лепшыя якасці, каб у далейшым выбудоўваць работу, абапіраючыся менавіта на іх.
Адначасова з навучаннем неабходна сфарміраваць асобу, каб яна магла разумець падзеі, што адбываюцца навокал, імкнулася да здаровага ладу жыцця, выбрала дастойны жыццёвы шлях, прымяніла атрыманыя веды ў паўсядзённасці. На ўроках паказваю, наколькі цікавы навуковы пошук, якімі выдатнымі якасцямі валодаюць навукоўцы, якое задавальненне прыносяць чалавеку новыя веды, вучу назіраць і рабіць высновы, эксперыментаваць, лагічна думаць. Яшчэ важна далучыць дзяцей да духоўнага свету і культуры, садзейнічаць разуменню таго, якія ідэалы маюць сапраўдную каштоўнасць.
Канешне, кожнаму настаўніку хочацца мець здольных вучняў, але ўсе дзеці розныя. Таму для мяне важна даць кожнаму самарэалізавацца, адчуць няхай і маленькі, але поспех. І толькі настаўнік-сябар можа даць дзецям тыя веды, якія не закладзены ні ў адной праграме, але будуць так неабходны ў далейшым дарослым жыцці, пабудаваць аснову, што дапаможа не зламацца перад рознымі перашкодамі і стаць дастойнымі грамадзянамі сваёй Радзімы.

Наталля ШЫРЭЙ, выхавальнік дзіцячага сада № 3:
– Чаму я выбрала прафесію выхавальніка? Таму, што тут няма калі сумаваць; што ні дзень – новыя эмоцыі, цікавыя гісторыі, неверагодныя прыгоды. Мой агульны педагагічны стаж –
14 гадоў, з якіх сем – у дзіцячым садзе № 3 горада Ляхавічы, куды я прыйшла працаваць пасля таго, як мая сям’я пераехала з Казахстана ў Беларусь. Удзячна лёсу, што трапіла ў дружны калектыў, дзе працуюць выдатныя педагогі, якія ведаюць сваю справу, а яшчэ яны цудоўныя, добразычлівыя і шчырыя, гатовыя заўжды прыйсці на дапамогу. Вельмі люблю сваю работу і лічу прафесію выхавальніка лепшай для жанчыны. Бо адно з галоўных прызначэнняў прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва – мацярынства. Ахапіць усіх сваіх маленькіх гарэз клопатам, пяшчотай і ўвагай, і пры гэтым даць неабходныя для дашкалят веды – мая штодзённая задача. А як цікава адказваць на пытанні гэтых няўрымслівых «чамучак»! Зараз у маёй старэйшай групе 24 выхаванцы. Да чаго ж прыемна кожную раніцу бачыць, як яны з радасцю бягуць у дзіцячы садок, у сваю любімую групу!
Наладжана і ўзаемаразуменне з бацькамі, якія даверылі мне самае каштоўнае – сваіх дзяцей. Быць выхавальнікам у дзіцячым садку – складана і адказна. Але я шчаслівая, што займаюся важнай і цудоўнай
справай – выхаваннем маленькіх патрыётаў нашай любімай Беларусі.

Паліна БЕЛАВУС, настаўніца гімназіі:
– Для мяне настаўнік – гэта павага і пашана. З цеплынёй і ўдзячнасцю ўспамінаю сваіх настаўнікаў Навасёл-
каўскай сярэдняй школы, якія заўжды стараліся стварыць атмасферу дабрыні, увагі, чуласці. Менавіта дзякуючы іх прыкладу, я выбрала прафесію педагога.
Яшчэ на ўроках сваёй першай настаўніцы Дануты Станіславаўны Каржанеўскай вырашыла: вырасту, таксама буду вучыць дзяцей. А Марына Валяр’янаўна Бегель захапіла мяне матэматыкай. Цяпер мае настаўнікі – мае калегі.
У сучасным свеце быць настаўнікам цяжка, але цікава. Новыя адкрыцці, новыя тэхналогіі навучання. У гімназіі працую шосты год настаўнікам матэматыкі. У мяне з’явіліся вопыт, упэўненасць, разуменне. І ўсё гэта, дзякуючы ў тым ліку, маім калегам – прафесіяналам, якія ў любы момант гатовы даць параду, падбадзёрыць, падзяліцца каштоўным вопытам. Так, здараюцца і цяжкасці, але, калі бачу сваіх вучняў, усё дрэннае забываецца.
Лічу, настаўнік – перш за ўсё, сябар дзецям, дарадчык і саюзнік. Люблю сваю прафесію. Быць педагогам – гэта разумець і асэнсоўваць вялікую адказнасць перад дзяржавай, грамадствам, бацькамі вучняў, у першую чаргу, – перад дзіцем. Гэта не проста прафесія, а лад жыцця.

Ганна ДРОЗД, былая настаўніца Альхоўскай школы:
– У вялікім сусвеце ў кожнага чалавека ёсць свая малая радзіма, дзе ён нарадзіўся, вырас, дзе яго карані, яго крылы. Для мяне малая радзіма –
вёска Альхоўцы, я не толькі тут нарадзілася, але і працавала каля
40 гадоў настаўніцай пачатковых класаў у тутэйшай школе. Жыву ў роднай вёсцы і цяпер.
Школа – самая светлая, яскравая, кранальная старонка ў маім жыцці. Гэта і мае аднакласнікі, і калегі, і, канешне ж, вучні. Для любога чалавека настаўнік – памяць пра дзяцінства, пра школу, успаміны, што застаюцца на ўсё жыццё. З падзякай і цеплынёй успамінаю настаўнікаў Альхоўскай школы Івана і Лізавету Вялічкаў, Лявонція і Настассю Шуставых, Сямёна і Надзею Шагуноў, Алену Пірштук, Надзею Станкевіч, Алену Папчэня, Галіну Плаўскую, Іосіфа Пірштука і іншых, якія вучылі дабрыні, адказнасці, праўдзівасці, любві да Радзімы, быць чалавекам. На жаль, яны пайшлі з жыцця, але памяць пра іх застанецца ў сэрцах калег і ўдзячных вучняў.
Ва ўсе часы школе быць, заўжды быць настаўніку, даваць рабятам веды, прывіваць маладому пакаленню павагу да гісторыі нашай краіны, вучыць шанаваць спадчыну і традыцыі беларусаў, выхоўваць гонар за дзяржаву, памяць пра гераічнае мінулае беларускага народа.
Мне прыемна, што стала пачынальнікам сямейнай дынастыі настаўнікаў. Прафесію педагога выбралі мае дачка, нявестка і тры пляменніцы.

Падрыхтавала Галіна КАНЬКО.