Сардэчны механізм патрыётаў. Ляхавіччына стала патрыятычнай кропкай на маршрутным лісце рэспубліканскага аўтапрабегу «Сімвал адзінства»

Вось і Ляхавіччына стала патрыятычнай кропкай на маршрутным лісце рэспубліканскага аўтапрабегу «Сімвал адзінства», што чарговы раз падкрэсліў значнасць і важкасць Года гістарычнай памяці для кожнага з нас.

Прадстаўнікоў РГА «Патрыёты Беларусі» сустракалі на гасціннай дараўскай зямлі, каля помніка воінам-вызваліцелям, што захоўвае трагічнае мінулае ваеннага ліхалецця. Патрыётаў тут ведаюць як даўніх сяброў, як чаканых гасцей – сустракаюць духмяным хлебам і шчырай песняй.


І вось калона з чырвона-зялёнымі сцягамі з гонарам імчыць да плошчы Перамогі. Узначальвае яе вядомая беларусам машына патрыётаў з дзяржаўнай сімволікай, гучыць «Здесь моё небо, мой дом, моё сердце…». І ляхавічане вітаюць удзельнікаў аўтапрабегу на плошчы Перамогі ў райцэнтры.
Тут каля помніка загінулым воінам-вызваліцелям сімвалічна гучаць словы пра нашу еднасць, адзінства ў імкненні берагчы краіну. І такая атмасфера ў кожным рэгіёне, што значыцца ў патрыятычным маршруце.
Вельмі кранае і ідэя аўтапрабегу, у кожным пункце патрыёты атрымліваюць дэталь, з якой потым збяруць адзіны механізм. Сімвалічную дэталь старшыні «Патрыётаў» Мікалаю Зарубіцкаму ўручыў кіраўнік раёна Мікалай Мароз.
А цяпер і на Ляхавіччыне з’явілася першая шыльда з гістарычнымі данымі пра помнік. Яе і ўсталявалі на плошчы Леніна, і адразу пратэсціравалі. Гісторыі помнікаў і воінскіх пахаванняў цяпер праз QR-код можна будзе даведацца на сайце «Патрыётаў». Дзевяць такіх шыльдаў перададзены кіраўніку раёна, у хуткім часе яны зоймуць сваё месца і раскажуць гісторыю, пра якую нельга і немагчыма маўчаць.
Кветкі да помніка і хвіліна маўчання – дзякуй за гэта сонца над галавой і блакіт – гэта сінонімы беларускага шчасця.
Дыялогавая пляцоўка прама на плошчы, квіз па ваеннай гісторыі, сувеніры ад патрыётаў – эмоцыі перапаўнялі, гонар за нас, беларусаў, адчуваўся ў кожным слове і пажаданні далей жыць у міры.
А яшчэ сімвалічныя закладкі з імёнамі і партрэтамі герояў «Патрыёты» перадалі ляхавіцкім школьнікам, якія, у сваю чаргу, проста не хацелі адпускаць прадстаўнікоў грамадскага аб’яднання – фатаграфавалі, літаральна завальвалі пытаннямі. Прыемна бачыць такую патрыятычную пераемнасць.
Кіраўніцтва раёна, прадстаўнікі арганізацый і прадпрыемстваў, навучэнцы школ і каледжа праводзілі ўдзельнікаў аўтапрабегу. Далей на маршруце – Курган Славы, даніна павагі і памяці тым, хто загінуў пад Завіннем.
Час з «Патрыётамі» праляцеў незаўважна, але кожная хвіліна засталася ў сэрцы. А яны рушылі далей, іх сустракала ганцавіцкая зямля.
Маргарыта Кухта-Маслоўская.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.