Наш выдатнік у ваеннай форме. Наш зямляк з аграгарадка Ліпск стаў лепшым курсантам Ваеннай акадэміі
Лепшы курсант факультэта ракетных войскаў і артылерыі і ракетна-артылерыйскага ўзбраення Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь, а таксама лепшы ва ўсёй акадэміі! Ганаровага статусу наш зямляк – ураджэнец аграгарадка Ліпск Алег Дыдышка, а зараз курсант галоўнай кузні ваенных кадраў краіны ўдастоены па выніках 2021/2022 навучальнага года.
– Курсант дасягнуў высокіх паказчыкаў у навукова-даследчай дзейнасці, мае мноства спартыўных дасягненняў, а таксама з’яўляецца кандыдатам на атрыманне стыпендыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і прэтэндуе на залаты медаль і дыплом з адзнакай пасля заканчэння ВНУ. Алег Дыдышка з’яўляецца ўзорам выканання службовага абавязку і надзейным абаронцам Радзімы. Мы ганарымся, што такі курсант навучаецца на нашым факультэце, – характарызуе Алега Дыдышку намеснік камандзіра дывізіёна курсантаў падпалкоўнік Аляксей Пляшкоў.
«ЛВ» заўсёды радуецца дасягненням землякоў і з задавальненнем расказвае пра іх.
Пра прафесію афіцэра і ваенную форму Алег пачаў марыць у старэйшых класах.
Удачы не чакаў, а «даследаваў» навучальныя ўстановы, каб не памыліцца з выбарам. Сярод магчымых варыянтаў перамагла галоўная ваенная ВНУ краіны. У 2020 годзе пасля заканчэння Ліпскай СШ юнак паспяхова здаў цэнтралізаванае тэсціраванне, вытрымаў іншыя іспыты і стаў курсантам.
І пачалося жыццё па распарадку: пад’ём, зарадка, трэніроўкі і заняткі. Пагружэнне ў курсанцкія будні прайшло без асаблівых цяжкасцяў – вясковы юнак звыклы да вырашэння бытавых і іншых пытанняў, якія часам выклікаюць цяжкасці ва ўчарашніх школьнікаў.
– У памяці засталіся самыя першыя дні вучобы і новыя сяброўствы. А самыя яркія моманты – прыняцце прысягі на вернасць Айчыне і беларускаму народу. Сведкамі ўрачыстасці сталі і мае бацькі, – дзеліцца Алег.
Вучоба захапіла юнака. Новыя тэрміны выклікалі цікавасць, а прадметы па спецыяльнасці патрабавалі штодзённай стараннай падрыхтоўкі. У выніку заслужыў пасведчанне выдатніка. Актыўнаму і мэтанакіраванаму курсанту на другім курсе выкладчык падпалкоўнік Андрэй Сталярэнка прапанаваў даследаваць тэму «Вакамерная падрыхтоўка даных». Курсанту давялося працаваць з рознымі крыніцамі інфармацыі, вельмі дапамагаў выкладчык. Даследаванне вытрымала адбор у акадэміі, а зараз Алег рыхтуецца да адбору паміж ВНУ. У заліковай кніжцы ў курсанта таксама поўны парадак –
дзявяткі і дзясяткі.
Бацькі – Аляксандр і Жанна Дыдышкі – не раз атрымлівалі ад камандавання падзячныя пісьмы за выхаванне сына.
Акрамя вучэбных поспехаў, у нашага земляка дастойныя спартыўныя паказчыкі. Яшчэ ў школьныя гады захапляўся лёгкай атлетыкай. Любоў да спорту перадаў настаўнік фізічнай культуры і спорту Аляксандр Кірмель. Алег удзячны ўсім педагогам
школы, якія былі ў яго жыцці.
У акадэміі значную частку часу займае агульнавайсковая і фізічная падрыхтоўка. Таму з’явіліся і новыя дасягненні. Па ваенна-прыкладным шматбор’і (падцягванне, бег, паласа
перашкод, кіданне гранаты на дальнасць) заслужыў першы разрад, вызначаўся ў складзе каманд у гіравым і лыжным спорце нават на рэспубліканскім узроўні.
Юнак любіць чытаць навуковую літаратуру, цікавіцца навуковымі фактамі. Жыццярадасны і нераўнадушны, Алег не пасуе перад цяжкасцямі, імкнецца на ўсё знайсці адказы.
Што значыць быць абаронцам Айчыны для лепшага
курсанта?
– Радзіма для мяне не проста словы, а самае дарагое ў жыцці, як сям’я, мама, бацька і сёстры. Быць патрыётам сваёй краіны, умець прымаць аператыўныя рашэнні і несці адказнасць за свае дзеянні. Усё тое, што вызначае сапраўдных мужчын, – адзначае Алег Дыдышка.
Днямі ён пабываў у роднай школе, дзе расказаў рабятам пра Ваенную акадэмію, асаблівасці і бонусы навучання ў ваеннай ВНУ і адметнасці паступлення. Пасля прафарыентацыйнай гутаркі з’явіліся і жадаючыя таксама стаць афіцэрамі.
Былы вучань перадаў адміністрацыі Ліпскай школы падзяку ад камандавання Ваеннай акадэміі за выхаванне надзейных абаронцаў Айчыны.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.