У пустуючых свой лёс. Якая сітуацыя з пустуючымі дамамі ў Ляхавіцкім раёне?

Сумная тэндэнцыя: усё часцей, асабліва ў невялікіх вёсачках, можна ўбачыць пустуючыя, іншы раз паўразваленыя хаты, у якіх яшчэ нядаўна віравала жыццё. Шчаслівымі можна назваць пабудовы, якія знаходзяць новых уласнікаў. На жаль, многіх чакае зусім іншы лёс – знос ці разбурэнне. Якая сітуацыя з пустуючымі дамамі ў Ляхавіцкім раёне – пытанне, што разглядалася на чарговай апаратнай нарадзе ў райвыканкаме ў мінулы панядзелак.

Галоўны спецыяліст аддзела архітэктуры, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Наталля Маслоўская расказала, што сёлета спецыяльнай раённай камісіяй абследавана 142 пустуючыя і старыя дамы, з іх 30 уключаны ў рэестр пустуючых. Два дамы прададзена, знесена 52:
17 – уласнікамі, 21 – суб’ектамі гаспадарання, 14 – згодна з Указам № 116 «Аб адчужэнні жылых дамоў у сельскай мясцовасці і ўдасканаленні работы з пустуючымі дамамі».
Змяніўся падыход да вызначэння дамоў, якія адносяцца да пустуючых і старых. Калі раней уласнік або грамадзянін, які мае права на валоданне і карыстанне пабудовай, павінен быў на працягу трох гадоў як мінімум 30 дзён штогадова пражываць у ёй, то цяпер дастаткова хаця б аднаго дня на працягу трох гадоў для таго, каб пры-
знавацца ўласнікам. Вызначаны пералік асоб, якія маюць права валодання і карыстання маёмасцю: нашчадкі, члены і былыя члены сям’і ўласніка, грамадзяне, якія пражываюць па спадчыннай адмове і падпісалі дагавор пажыццёвага ўтрымання ці дагавор найму, патлумачыла дакладчык.
Найбольш дамоў знесена ў Ганчароўскім сельсавеце – 11, Альхоўскім –
дзевяць, Крывошынскім – восем, Жарабковіцкім – сем.
– Найбольшая колькасць такога кшталту будынкаў – у Ганчароўскім сельсавеце. З пачатку года работнікамі сельвыканкама абследавана больш за 300 домаўладанняў, з іх 137 – не выкарыстоўваюцца для пастаяннага пражывання больш за год. Па выніках абследавання адпраўлены прадпісанні аб прывядзенні будынкаў у належны стан наступным арганізацыям: КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ», райпо, ААТ «Жарабковічы», ІП Рамейка А. І. (в. Куршынавічы), ІП Самсон (в. Ганчары), СФГ «ЛагуЦін», «ЖарСК», ПВГУП «Цвірко і К».
З мэтай навядзення парадку на зямлі і добраўпарадкавання сельскіх населеных пунктаў разабраны 11 пустуючых дамоў у Гайнінцы, Гарадзішчы, Асосах, Савейках. Праведзена высечка драўнінна-хмызняковай расліннасці на трох участках пустуючых домаўладанняў, якія перададзены судом на баланс сельсавета, – адзначыла Наталля Маслоўская.
Было нагадана, што згодна з Указам № 116, дамы ў сельскай мясцовасці цяпер могуць прадавацца як за адну базавую велічыню, так і з аўкцыёна. Рашэннем Брэсцкага аблвыканкама ў Ляхавіцкім раёне абавязковы продаж з аўкцыёна на тэрыторыі Ляхавічаў, вёсак Набярэжная, Патапавічы, Літва, Вялікай Лотвы, аграгарадка Дарава. У астатніх населеных пунктах такія дамы могуць прадавацца і без правядзення аўкцыёна за адну базавую велічыню ці на аўкцыёне з першапачатковай цаной адна БВ. Сёлета такім чынам прададзены дом за 2508 рублёў (чысты прыбытак – 780 рублёў) у Конькаўскім сельсавеце і дом за адну базавую велічыню ў Ганчароўскім сельсавеце.
Што тычыцца райцэнтра, то, па словах дакладчыка, сёлета тут абследавана 30 домаўладанняў. Аднак аднесці іх да катэгорыі пустуючых немагчыма па розных прычынах: аплачваюцца падаткі, абавязковыя плацяжы і іншае.
З уласнікамі і патэнцыяльнымі нашчадкамі такіх пабудоў праводзіцца работа па навядзенні парадку.
Наталля Маслоўская падкрэсліла: асноўная мэта Указа № 116 – стварэнне максімальна празрыстай сістэмы работы з нерухомасцю ў сельскай мясцовасці.
Галіна КАНЬКО.