Дыялог без павышаных тонаў. Тэма звароту жыхароў дома № 12 па вуліцы Чкалава ў Ляхавічах тычылася добраўпарадкавання двара

Тэма звароту жыхароў дома № 12 па вуліцы Чкалава ў райцэнтры тычылася добраўпарадкавання двара гэтага шматкватэрніка. Запыт грамадзян раённай уладай быў пачуты, і сёлета з раённага бюджэту выдаткаваны сродкі на гэтыя мэты, камунгас неўзабаве пачне азначаныя работы.

– Каб двойчы не вяртацца да тэмы добраўпарадкавання адносна дома № 12 па вуліцы Чкалава, райвыканкам прыняў рашэнне і аб навядзенні парадку на землях агульнага карыстання, якія прылягаюць да азначанай тэрыторыі. Справа ў тым, што там не адно дзесяцігоддзе існуюць незаконна ўзведзеныя гаспадарчыя пабудовы, раскватараваны міні-агароды, што псуюць гарадскі пейзаж. Ды і зноў жа небяспека дастаткова маленькай іскрынкі, каб на тутэйшых «шанхаях» (на здымку справа) разгарэўся пажар. Гаспадарам незаконна захопленых участкаў прапанавана добраахвотна да 15 сакавіка гэтага года знесці пабудовы і вывезці сваю маёмасць. У адваротным выпадку ўсё будзе разбурана сіламі камунгаса для далейшага добраўпарадкавання тэрыторыі. Для растлумачэння і адказаў на пытанні арганізавалі сход жыльцоў дома № 12, –
каменціруе сітуацыю начальнік аддзела архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама Марына Завадская.
Вечарам у мінулую пятніцу адбылася сустрэча жыльцоў дома з прадстаўнікамі аддзела архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ, землеўпарадкавальнай службы, КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ». Варта адзначыць, што дыялог атрымаўся канструктыўным. Грамадзяне ўважліва выслухалі прадстаўнікоў органаў улады і іншых службаў. І, нягледзячы на тое, што цяжка развітвацца са сваімі гаспадарчымі пабудовамі і агародзікамі, з разуменнем аднесліся да прапановы разабраць незаконныя будынкі. Аднак узнялі пытанне аб магчымасці падоўжыць тэрмін зносу хаця б на месяц-другі. Марына Завадская запэўніла, што гэты запыт будзе разгледжаны.
Таксама жыльцы дома ўзнялі тэму рэканструкцыі дзіцячай пляцоўкі і замены на ёй абсталявання, пашырэння плошчаў для паркоўкі аўтатранспарту ўладальнікаў тутэйшых кватэр. Задавалася і пытанне, што плануецца падчас рамонту дваровай тэрыторыі. Намеснік дырэктара камунгаса Віталій Калупановіч расказаў, што будуць уладкаваны пешаходныя дарожкі, на ўсёй тэрыторыі двара ад уезду ў яго пакладзецца асфальт, прывядуць у парадак і клумбы. Работы камунгас плануе правесці ў першым паўгоддзі 2023 года, вось чаму важна своечасова расчысціць загрувашчаныя тэрыторыі агульнага карыстання.
Жыльцы дома выказалі спадзяванне, што добраўпарадкаванне іх двара пройдзе якасна і ў тэрміны, і яго не чакае шматпакутны лёс гэтага дома, які перанёс капітальны рамонт некалькі гадоў назад.
– Такія сходы жыльцоў даюць добры плён. Мы маем магчымасць растлумачыць тую ці іншую сітуацыю і прапанаваць шляхі яе вырашэння. У сваю чаргу, грамадзяне на месцы разбіраюцца ў праблеме і адразу задаюць хвалюючыя пытанні. Сёння атрымаўся канструктыўны дыялог, – падкрэслівае Марына Завадская.
Галіна КАНЬКО.
Фота аўтара.