Зазірніце ў «Адно акно». Як працуе «Адно акно» ў Ляхавіцкім райвыканкаме

Час паказвае, з кожным годам расце папулярнасць і запатрабаванасць службы «Адно акно», якая дзейнічае па заяўным прынцыпе ў райвыканкаме.


Усё тлумачыцца проста: землякі ў адным месцы атрымліваюць разнастайныя адміністрацыйныя працэдуры, пачынаючы ад падачы заявы да выдачы рашэння выканаўчага органа.
– Галоўнае ў нашай рабоце – якасць, даступнасць і хуткасць. Немалаважныя і ўважлівыя адносіны да наведвальнікаў. Трэба ўмець чуць і слухаць. Менавіта так стараемся працаваць з кожным, хто звяртаецца ў нашу службу. Мы беражом час чалавека, яму няма неабходнасці хадзіць з аднаго ведамства ў другое для збору патрэбных дакументаў. У сярэднім за месяц спецыялістамі службы «Адно акно» адпраўляецца 300–400 запытаў у разнастайныя структуры для ажыццяўлення адміністрацыйных працэдур. Цікавы факт: у залежнасці ад працэдуры, пытанне можа вырашыцца мінімум за 15 мінут, максімум за месяц, – гаворыць галоўны спецыяліст сектара па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб райвыканкама Юлія Кунцэвіч.
Камфорт для заяўніка відавочны. Грамадзянін прыходзіць у будынак райвыканкама і падае толькі мінімальны пакет неабходных для працэдуры дакументаў, устаноўленых заканадаўствам. Далей
за справу бяруцца спецыялісты «Аднаго акна». Акрамя Юліі Кунцэвіч, у службе працуе спецыяліст па рабоце з дакументамі Алена Леснік, яны прымаюць заявы і выдаюць рашэнні па 202 адміністрацыйных працэдурах.
Дарэчы, нядаўна «Адно акно» памяняла месца прапіскі – кабінет № 113 райвыканкама. Цяпер служба месціцца ў больш прасторным памяшканні. Таксама на стэндах размешчана абноўленая інфармацыя, усталявана безбар’ернае асяроддзе для грамадзян з абмежаванымі магчымасцямі. Пры жаданні грамадзянін можа падаць заяву ў электроннай форме самастойна – для гэтых мэт ёсць камп’ютар. Прыём у «Адным акне» праводзіцца ў рабочыя дні да 17 гадзін, а ў сераду – да 20 гадзін без перапынку на абед. Усё для зручнасці наведвальнікаў.
Акрамя вочнага прыёму, спецыялісты «Аднаго акна» праводзяць кансультаванне па тэлефоне 142. За мінулы год у даведачна- інфармацыйную службу паступіў 281 тэлефонны званок ад грамадзян і юрыдычных асоб.
Як адзначыла Алена Леснік, летась найбольш запатрабаванымі ў землякоў-заяўнікаў працэдурамі былі прыняцце рашэнняў аб пастаноўцы на ўлік маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў (139); аб прадастаўленні арэнднага жылля (103); выдача даведкі аб прадастаўленні аднаразовай субсідыі на будаўніцтва, рэканструкцыю ці набыццё жылога памяшкання (83). У дачынен-
ні юрыдычных асоб – гэта атрыманне дазвольнай дакументацыі на праектаванне ці рэканструкцыю аб’екта (94); узгаднення пераліку тавараў, абавязковых да наяўнасці для рэалізацыі ў гандлёвым аб’екце (110); аб узгадненні праектнай дакументацыі на будаўніцтва ці рэканструкцыю аб’екта (66).

Галіна КАНЬКО.