У Ляхавічах стартаваў дабрачынны марафон «Калядны падарунак»

«Жаданне ў далоньцы».

На адкрыцці акцыі «Жаданне ў далоньцы» спявала выхаванка ЦКРНіР Ангеліна Галіцкая.

Па Беларусі крочыць навагодняя дабрачынная акцыя “Нашы дзеці”. Да маленькіх грамадзян краіны заўсёды павышаная ўвага дзяржавы. Да дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця – двойчы ўважлівыя адносіны і клопат. У Ляхавіцкім раёне 17 гадоў запар у рамках рэспубліканскай акцыі праходзіць дабрачынны марафон “Калядны падарунак”.Яго арганізатары – раённы выканаўчы камітэт, аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, раённая арганізацыя ГА “Белая Русь”, ЦКРНіР 13 снежня аб’явілі аб афіцыйным старце марафону. Перад абедам у пятніцу ў магазін “Дзіцячы свет “Аліса” спяшаліся прадстаўнікі раённай улады, кіраўнікі арганізацый і прадпрыемстваў горада, індывідуальныя прадпрымальнікі, настаўнікі, медыкі, работнікі міліцыі і РАНС. Менавіта тут праходзіла акцыя “Жаданне ў далоньцы”, якая ўжо трэці год дапамагае спраўджвацца навагоднім марам не толькі выхаванцаў цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, але і іншых дзетак-інвалідаў, што пражываюць у нашым раёне.

Падчас мінулагодняга дабрачыннага марафона было сабрана падарункаў на суму больш як 20 мільёнаў рублёў.

– На працягу двух тыдняў у магазіне “Дзіцячы свет “Аліса” і іншых гандлёвых кропках райцэнтра любы жадаючы, прадпрыемствы і арганізацыі могуць зрабіць падарунак дзецям з абмежаванымі магчымасцямі. Пералічаныя сродкі пойдуць на стварэнне безбар’ернага асяроддзя для паўнацэннай жыццядзейнасці падапечных ЦКРНіР, – адзначыла, адкрываючы дабрачынны марафон “Калядны падарунак”, намеснік старшыні райвыканкама Святлана Юрлевіч.

Невялікая ёлачка, упрыгожаная 83 маленькімі далонькамі з кардону, напалову апусцела. Жадаючых зрабіць падарунак падчас акцыі “Жаданне ў далоньцы” знайшлося нямала – у магазіне, можна сказаць, не было дзе яблыку ўпасці. Кожны з прысутных з асаблівым настроем набываў ці цацку, ці кніжку, ці цукеркі – для дзетак, каб падарыць ім радасць.

Усяго падчас акцыі было набыта дзіцячых падарункаў больш чым на 4,5 мільёна рублёў. А старшыня ГА “Белая Русь” Святлана Юрлевіч перадала ЦКРНіР даверанасць на набыццё цацак для дзяцей.

Вечарам у ГДК адбыўся дабрачынны канцэрт эстраднай групы “Экспрэс”. Сімвалічна, што адкрылі яго выхаванцы цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Яны ніколі не застаюцца ў баку ад добрых спраў. Вынік выступлення – 6 мільёнаў рублёў, якія папоўняць скарбонку марафона. Сума ахвяраванняў, сабраных у дабрачынную скрыню напрыканцы двух пятнічных мерапрыемстваў, склала амаль 800 тысяч рублёў. І гэта толькі пачатак. Дабрачынная навагодняя акцыя “Нашы дзеці” працягнецца да 10 студзеня. Рабіць дабро – так проста.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Жадаючых зрабіць падарунак было нямала

Чарга не радзела...

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *