Збірай партфель летам

Які тавар сёння самы хадавы на рынку і ў магазінах? Канцылярскія прылады і школьная форма. А гэта значыць, што не за гарамі новы навучальны год. Бацькам давядзецца прыкласці нямала намаганняў, каб сабраць сваіх школьнікаў да 1 верасня. І зрабіць гэта, акрамя іншага, яшчэ і эканомна для сямейнага бюджэту.

Сучасная і на розныя густы школьная форма, камфортны абутак, пісьмовыя прылады, партфелі і многае іншае, што спатрэбіцца і першакласнікам, і выпускнікам, у вялікім асартыменце паступаюць у буйныя спецыялізаваныя гандлёвыя цэнтры, магазіны, на школьныя кірмашы, якія па ўсёй краіне пачалі працаваць з 15 ліпеня. З гэтай даты па 7 верасня можна купіць тавары для школы ў пашыраным асартыменце. “ЛВ” пацікавіўся, што прапануюць дзецям і іх бацькам гарадскія і сельскія гандлёвыя аб’екты нашага раёна.

Спецыялізаваная палатка сустракае пакупнікоў каля магазіна “Дзіцячы свет “Аліса”. Спачатку тут прадаваліся толькі сшыткі, ручкі, алоўкі і іншыя канцылярскія дробязі, цяпер асартымент пашырыўся – з’явілася некалькі партфеляў і сёе-тое з адзення. Асноўны наплыў школьнікаў і іх бацькоў усё ж у самой “Алісе”. Ужо з пачатку ліпеня сюды завезены новыя партыі адзення (асабліва шмат для дзяўчынак) і канцтавараў, на падыходзе – новая партыя касцюмаў для хлопчыкаў. Неабходным асартыментам школьных тавараў – ад алоўка да адзення –папаўняюцца таксама магазіны аграгарадкоў і вёсак.

– Мама, давай зойдзем у “Алісу”. Хоць памераем сарафан, а то Насці ўжо купілі. Я таксама такі хачу. І кашулю белую з фальбонамі, – настойліва церабіла маці дзяўчынка гадоў 9.

Сарафан аказаўся сапраўды прыгожым і стыльным, на дзяўчынцы сядзеў — як па ёй шыты, відаць, што спадабаўся не толькі малой, але і яе маці. Доўга не раздумваючы, купілі, як, дарэчы, і белую кашулю з фальбонамі. Усё разам – сарафан вытворчасці “Дзілма-плюс” (Драгічын) і кашуля ЗАТ “Калінка” (Салігорск) – “заважыла “ на 550 тысяч рублёў.

– З дачкой прасцей, яна яшчэ малая, убачыла ў сяброўкі і такую ж захацела. Канешне, задаволена, што адразу купілі, і што айчыннай вытворчасці: беларускай якасці давяраю больш, чым замежнай. Да таго ж нашы цяпер выпускаюць для дзяцей сучасныя мадэлі. Форму купляем штогод. Носіць Даша акуратна, а вось расце хутка, таму ўсё, што малое, аддаём пляменніцы. А для сына, ён пойдзе ў 10 клас, падабраць касцюм будзе цяжка. Тут пакуль нічога для яго не ўбачыла, на ляхавіцкім рынку — таксама, давядзецца, як і летась, ехаць у Баранавічы. Канцылярскія тавары амаль усе набылі ў “Алісе” – кошт і асартымент нас задаволілі, – разгаварылася Святлана Міхайлаўна.

Школьныя зборы напрыканцы ліпеня і ўвесь жнівень для “Алісы” рэч звыклая. І сёлета паліцы прыемна ўражваюць разнастайнасцю і багаццем асартыменту.

– Атрымалі зарплату – і адразу сюды, да 1 верасня трэба сабраць сына 4-класніка і дачку-выпускніцу, – адлічвае па сотні сшыткаў у лінейку і клетку клапатлівая маці. – На апошні момант такія пакупкі не адкладваем. Кожны год ужо на пачатку жніўня набываем школьныя прылады па зараней складзеным спісе. Затое потым не бегаем па магазінах.

Па словах начальніка аддзела гандлю райпо Вольгі Костач, для гандлёвых аб’ектаў ужо закуплена школьных тавараў больш як на 200 мільёнаў рублёў. Спецыялісты райпо адбіралі асартымент з улікам пажаданняў пакупнікоў (папярэдне ва ўсіх вясковых крамах і гарадскім магазіне “Аліса” вывучаўся попыт). Былі складзены спісы, якія ўлічвалі ўзрост вучняў, памеры адзення і абутку.

Дарэчы, сёлета райпо зноў прапануе магчымасць набыць тавары для школьнікаў у растэрміноўку на 6 месяцаў без першапачатковага ўзносу. Для гэтага аднаму з бацькоў неабходна прадаставіць даведку аб даходах паручыцеля і самому прыйсці з пашпартам. Будуць пэўныя скідкі на тавары школьнага асартыменту і для мнагадзетных сем’яў.

У райпо запэўнілі, што папаўняюцца таварамі і ралет райпо на гарадскім рынку, і вясковыя магазіны, дзе арганізаваны традыцыйныя куткі школьніка.  У “Алісе” многія пакупнікі пачыналі шопінг з пошуку школьнай формы.

Айчынныя вытворцы тавараў для дзяцей і школьнікаў прапануюць дастойны асартымент, у ляхавіцкіх магазінах яго прадставілі “Калінка”, “ Дзілма-плюс”, “Вяснянка”, “БелКрэда”, Баранавіцкая швейная фабрыка. Напрыклад, дзяўчынкам прапануюць касцюм (жакет і спадніца) за 429 тысяч рублёў. Калі купляць паасобку, выйдзе прыкладна такі ж кошт: сарафан – 214 тысяч плюс кашуля – 217 тысяч рублёў.

Касцюм для хлопчыкаў абы-дзецца ў межах 450-520 тысяч рублёў. Тут можна падабраць і кашулю – на святы і на кожны дзень. А яшчэ набыць спартыўны касцюм коштам ад 165 да 290 тысяч рублёў. А вось абутку, як дзявочага, так і хлапчуковага, не шмат, туфлі і чаравікі ў асноўным вытворчасці абутковай фабрыкі “Нёман”.

Ад чаго вочы разбягаюцца, дык ад разнастайнасці канцылярскіх тавараў. Для многіх важна купіць не што-небудзь, а тое, што неабходна ў першую чаргу, а яшчэ не надта дарагое. Можна, напрыклад, заплаціць за тонкі сшытак у лінейку 1100 рублёў, а можна – і 2500, аблюбаваўшы модную абгортку. Таму адказ на пытанне, у колькі абыдуцца пісьмовыя прыналежнасці, залежыць ад асабістых густаў і магчымасцей, пажаданняў і запатрабаванняў дзяцей. У “Алісе” сшыткі можна купіць за 900 і 1100, 4600 і 7900 рублёў за адзін. Ёсць выбар алоўкаў, ручак, фламастараў і іншай дробязі. Па вопыце настаўнікаў, не варта купляць яркія рэчы, напрыклад, сшытак з расфарбаванай абгорткай ці пенал з музыкай – яны толькі адцягваюць увагу школьнікаў ад вучобы.

У якасці галоўнага школьнага атрыбута можна набыць партфель, заплечнік ці сумку. Памеры, афарбоўка, матэрыял – самыя разнастайныя, як і кошт (ад 260 да 460 тысяч рублёў).

Поўная экіпіроўка першакласніка па падліках спецыяліс-таў Мінгандлю бацькам абыдзецца прыкладна ад 1,5 да 5 мільёнаў рублёў, а старшакласніка – ад 1,8 да 6 мільёнаў рублёў.

Дарэчы, школьнымі таварамі, акрамя райпо, гандлююць у кіёсках “Брэстаблсаюздруку”, а таксама прадпрымальнікі.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *