Хто ў «Случ», а хто і ў «Чайку»

Доўгачаканы, бесклапотны, прыгожы і такі насычаны падзеямі час – летнія канікулы для школьнікаў. Планы, мары, задумы – многае ператвараецца ў жыццё, прыносіць незабыўныя ўражанні. Хто на мора, хто ў падарожжа, а некаторыя рабяты з задавальненнем едуць аздаравіцца ў санаторыі, лагеры адпачынку. Напрыклад, 45 хлопчыкаў і дзяўчынак правялі цудоўныя дні ў дзіцячых санаторыях “Случ”, “Беларусь” у Друскінінкаі, “Асілак”, “Налібокская пушча”, “Баравічок”, “Зялёны бор”. Яшчэ 6 дзяцей адпачывалі ў здраўніцах краіны разам з маці (санаторыі “Колас”, “Нёман”, “Світанак”), для 5 дзяцей-інвалідаў былі вы-дзелены пуцёўкі ў “Пралеску”, “Сонейка”, “Свіцязь”.

Але, здаецца, самыя яскравыя ўражанні прывозяць рабяты з аздараўленчых лагераў, якія дзейнічаюць на тэрыторыі раёна. Найперш, гэта “Чайка” – самае любімае месца адпачынку юных ляхавічан. З пачатку летніх канікул тут аздаравіліся 315 школьнікаў, яшчэ 70 рабят – у профільным спартыўна-аздараўленчым лагеры на базе той самай “Чайкі”. А наперадзе яшчэ жнівень – адпачынак працягваецца! За чацвёртую змену, якая называецца”Зорны горад” і мае на мэце пашырыць веды ў галіне астралогіі, адпачнуць яшчэ 102 хлопчыкі і дзяўчынкі. Дарэчы, плануецца яшчэ і пятая змена ў “Коласе” (на базе “Чайкі”), дзе аздаравяцца 90 падлеткаў.

Для тых, хто любіць падарожнічаць, цікавіцца гісторыяй роднага краю, каму па душы сустрэць ранішнюю зорку ў турыстычнай палатцы на беразе рэчкі ці на лясной паляне, дзейнічаў профільны перасоўны лагер “Рабінзоны”. Колькі прыгод на яго рахунку, колькі з’едзенай кашы, прыгатаванай на кастры, і цудоўных песень пад гітару…

Для эрудытаў несумненна цікавым быў адпачынак у аздараўленчым лагеры “Эўрыка”, а профільны абаронна-спартыўны “Выратавальнік”, арганізаваны сумесна з РАНС, пашырыў веды і ўмацаваў спрыт і моц рабят, якім падабаецца экстрым.

Акрамя таго, на базе 15 школ раёна працавалі летнікі з дзённым знаходжаннем вучняў, дзе адпачнулі за лета амаль 600 хлопчыкаў і дзяўчынак.

Наогул, амаль усе вучні школ раёна сёлета не абдзелены ўвагай. Хто ў паходах, на экскурсіях, для 50 падлеткаў арганізавана другасная занятасць, для спартсменаў – свой профіль. Галоўнае, каб 1 верасня ўсе дзеці прыйшлі ў школу з выдатным настроем, поўныя сіл і энергіі. Дарослыя пра гэта паклапаціліся.

Ніна ПЛЕСКАЦЭВІЧ,

галоўны спецыяліст па аздараўленні насельніцтва раёна.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *