Валанцёрскі атрад “Нашчадкі” аграрнага каледжа суботнічаў разам з Ляхавіцкай райінспекцыяй

На Ляхавіччыне месячнік па добраўпарадкаванні і навядзенні парадку на зямлі набірае абароты. Чыстыя дні і суботнікі арганізоўваюць як прадпрыемствы і арганізацыі, так і навучальныя ўстановы.
У мінулы чацвер валанцёрскі атрад “Нашчадкі” аграрнага каледжа разам з райінспекцыяй прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя наводзілі парадак на землях агульнага карыстання ў раёне прамысловай зоны на вуліцы Працоўнай. Як вынік – прычэп смецця.
– Папрацавалі добра! Хоць і ўчастак быў з нялёгкіх – давялося выграбаць смецце з кустоўя, ніхто не гультайнічаў. З задавальненнем разам навядзём чысціню і на іншай тэрыторыі, – дзеліцца начальнік райінспекцыі Іна Траяноўская.
Наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ТЦСАН дружна ўзяліся за граблі і мяцёлкі і прыбралі тэрыторыю каля свайго аддзялення. Спадарожнікам ім стаў цудоўны настрой і сонечнае надвор’е.
А вы навялі парадак каля дома ці роднага прадпрыемства? Далучайцеся да чыстых тэрыторый!

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА