Гонар служыць Айчыне. Дзень прызыўніка прайшоў у Ляхавічах

Дзень прызыўніка прайшоў у Ляхавічах 19 красавіка. Сімвалічна, што павесткі на тэрміновую ваенную службу ва Узброеных Сілах Беларусі 15 юнакам уручылі ў музеі баявой і працоўнай славы СШ № 2.

БОЛЬШ ФОТА ПА СПАСЫЛЦЫ

Абарона краіны – свяшчэнны абавязак кожнага мужчыны, падкрэсліла намеснік старшыні райвыканкама старшыня раённай прызыўной камісіі Галіна Бацэнка і пажадала прызыўнікам
быць вернымі воінскай прысязе і дастойна прайсці армейскі шлях.
З наказам да будучых салдатаў звярнуўся начальнік адасобленай групы Ляхавіцкага раёна ваеннага камісарыята г. Баранавічы, Баранавіцкага і Ляхавіцкага раёнаў Арцём Кірута, які адзначыў, што служба ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь забяспечвае ваенна-ўліковай спецыяльнасцю, загартоўвае фізічна і маральна, садзейнічае станаўленню характару.
– Любіце сваю Радзіму, будзьце яе патрыётамі і годна выконвайце свой воінскі абавязак, – пажадаў начальнік адасобленай групы Ляхавіцкага раёна.
Урачыстасць і важнасць дня ўзмацніла экскурсія, якую правёў па музеі кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні СШ № 2 Віталій Толкач.
Больш за два дзясяткі навабранцаў з Ляхавіччыны ў бліжэйшы час папоўняць армейскія рады, некаторыя з іх будуць праходзіць тэрміновую службу на кантрактнай аснове.
А ўжо 27 красавіка першая партыя нашых землякоў адправіцца з Ляхавічаў на прызыўны пункт у Брэст. А адтуль накіруецца ў воінскія часці і падраздзяленні.
Служыце Айчыне і ведайце, што вас вельмі чакаюць дома!

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.