Што змянілася на Чкалава, 12 у Ляхавічах?

Напрыканцы мінулага тыдня па вуліцы Чкалава, 12 у Ляхавічах пачаліся работы па добраўпарадкаванні дваровай тэрыторыі. Але ж пачатак гэтай гісторыі датуецца яшчэ сакавіком. Падчас сакавіцкай сустрэчы жыльцоў дома з прадстаўнікамі аддзела архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама, землеўпарадкавальнай і камунальнай службаў абмяркоўвалася набалелая тэма добраўпарадкавання дваровай тэрыторыі. Пытанні з незаконна пабудаванымі гаспадарчымі пабудовамі, міні-агародамі вырашыліся. Пра гэта раёнка пісала раней.

Яшчэ на што асабліва прасілі звярнуць увагу жыльцы – адрамантаваць, аднавіць дзіцячую пляцоўку, уладкаваць паркоўку для аўтаўмабіляў і іншае. Днямі абяцанні пачалі выконвацца.
Аднак паразуменне жыльцы дома з работнікамі камунгаса знайшлі не адразу. У рэдакцыю “ЛВ” звярнуліся жыхары дома са скаргай на выдаленне дрэў, якія не адно дзесяцігоддзе радавалі мясцовых жыхароў. Пладовыя дрэвы высаджвалі самі жыльцы дома, як-ніяк гэта памяць.
Як адзначылі ў аддзеле архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама, дрэвы выдалілі не без прычыны. Па-першае, частка дрэў знаходзілася ў ахоўнай зоне ліній электраперадачы. Па-другое, расчышчалася месца для ўстаноўкі дзіцячай пляцоўкі.
І хоць частка работ была праведзена, жыльцы дома звярнуліся з прапановай перанесці дзіцячую пляцоўку. Паколькі такі варыянт вызначыўся блізкім размяшчэннем да паркоўкі і праезнай часткі, а гэта пытанні да забеспячэння бяспекі дзяцей. Пасля сустрэчы жыхароў з прадстаўнікамі аддзела архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ, камунальнай службы пагадзіліся з жыльцамі. Камунгас днямі расчысціў новае месца для пляцоўкі, работы па ўстаноўцы арэляў, горкі і іншага інвентара пачаліся. Падрамантуюць і горку, што размяшчалася тут раней.
Таксама ўстанавілі прыстасаванне для выбівання дываноў і сушкі бялізны. На набыццё інвентара для дзіцячай пляцоўкі зрасходавана больш за 3000 рублёў.
Рыта КРАСАВІЦКАЯ.