Нюансы лазневага абслугоўвання. На парадку дня чарговай апаратнай нарады ў старшыні Ляхавіцкага райвыканкама

Фото https://pixabay.com

Выкананне санітарна-эпідэміялагічнага заканадаўства пры аказанні лазневых паслуг насельніцтву – адно з пытанняў парадку дня чарговай апаратнай нарады ў старшыні райвыканкама.

Галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Ляхавіцкага раёна Віталій Ціханаў расказаў, што ў раёне выконваецца сацыяльны стандарт па лазневым абслугоўванні:
4,5 месца на адну тысячу чалавек у горадзе, 4,9 месца на адну тысячу чалавек у сельскай мясцовасці. Разам з тым колькасць лазняў за апошнія пяць гадоў істотна зменшылася:
з 20 працуюць сем, з якіх чатыры – на балансе КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ».
Пастаянна супрацоўнікі райЦГіЭ праводзяць кантрольна-наглядныя мерапрыемствы. Сёлетнія праверкі выявілі парушэнні практычна ва ўсіх лазнях. Усё гэта вынік нерэгулярнай работы аб’ектаў, якія працуюць у асноўным адзін-два разы ў месяц (акрамя гарадской), у астатнія дні зачынены. Нерэгулярнае ацяпленне садзейнічае размнажэнню цвілі, грыбка, так разбураюцца сцены, столь, падлога. Галоўны дзяржаўны санітарны ўрач раёна звярнуў увагу, што гэта спрыяе перадачы кантактна-бытавым шляхам такіх хвароб, як педыкулёз, кароста. Вось некалькі прыкладаў: захворванне педыкулёзам у Ляхавіцкім раёне за чатыры месяцы гэтага года склала 4,3 на 100 тысяч насельніцтва (абласны паказчык – 2,4), каростай –
8,65 і 8,73 адпаведна.
Санітарнай службай выяўлены недапрацоўкі ў плане ўтрымання памяшканняў лазняў. Ёсць заўвагі да ўтрымання мыйных
і парыльных аддзяленняў у Ляхавічах, Крывошыне, аграгарадках Падлессе,
Ліпск. Месцамі паламаныя сцены, столі, падлогі, развялася цвіль у лазнях у Падлессі і Ліпску. Нямала заўваг і ў дачыненні добраўпарадкавання тэрыторый каля лазняў. У вёсцы Крывошын каля лазні неўпарадкавана захоўванне паліўнага матэрыялу, лаўка для адпачынку паламана. Аналагічная сітуацыя і ў Падлессі. Віталій Ціханаў падкрэсліў, што ўсіх вышэйпералічаных праблем можна было пазбегнуць, калі б на належным узроўні праводзіўся вытворчы кантроль за выкананнем санітарных правілаў, супрацьэпідэмічных і прафілактычных мерапрыемстваў. Пасля рэйдаў супрацоўнікаў райЦГіЭ былі выдадзены прадпісанні кіраўніцтву Ляхавіцкай ЖКГ на ўхіленне недапрацовак. Па стане на 26 мая некаторыя аператыўна выпраўлены.
Так, у лазнях у Крывошыне і Падлессі заменены гнілыя са слядамі цвілі драўляныя трапы, у гарадской – у індывідуальныя шафы для пераадзявання ўсталяваны ручкі, зроблены рамонт адмосткі будынка. На тэрыторыі каля аб’екта ў Крывошыне ўпарадкавана захоўванне паліўнага матэрыялу, прыбрана смецце, адрамантавана лаўка для адпачынку, як і ў Падлессі, набыта дастатковая колькасць інвентару для прыбірання, забяспечана яго маркіроўка і ўмовы для захоўвання. Выкананы і іншы пералік работ.
Віталій Ціханаў нагадаў, што ўсе лазні, якія на балансе камунгаса, патрабуюць бягучага абнаўлення і рамонту.
Справаздачу аб лазневым абслугоўванні насельніцтва трымаў і дырэктар КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» Андрэй Чайкоўскі. Па яго словах, за сёлетнія студзень – красавік праведзена 1 960 памывак (на 10 працэнтаў больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года). Сабекошт адной памыўкі – 29,7 рубля, пры гэтым кошт білета – 4 рублі. Дырэктар камунгаса адзначыў павышаны попыт і запатрабаванасць не толькі ў ляхавічан, але і жыхароў суседніх раёнаў гарадскіх лазні і саўны. Былі названы і найбольш запатрабаваныя паслугі: пракат фена, продаж прахаладжальных напіткаў і спадарожных тавараў (мыйных рэчаў, венікаў і іншага). Андрэй Чайкоўскі запэўніў, што тэме навядзення парадку, рамонтным работам, абнаўленню інвентару і абсталявання, пашырэнню паслуг будзе нададзена больш істотная ўвага.
Старшыня райвыканкама Мікалай Мароз указаў кіраўніцтву Ляхавіцкай ЖКГ не толькі звяртаць пільную ўвагу на парадак і выкананне санітарных мерапрыемстваў, але і на неабходнасць пашырэння лазневых паслуг, пры гэтым за колькасцю не забываць пра якасць.
У прыватнасці, чаму б не разглядзець магчымасць здачы ў арэнду лазняў? Пытанне будзе па-ранейшаму на кантролі ўлады.

Галіна КАНЬКО.