Чакаем паляпшэння. Дарожная скарга, падмацаваная фотаздымкамі, паступіла ў чат-бот тэлеграм-канала «ЛВ»

Яшчэ адна дарожная скарга, падмацаваная фотаздымкамі, паступіла ў чат-бот тэлеграм-канала раёнкі. «Так страшна зрабілі рамонт дарогі, што прайсці стала праблемна, а з дзіцячай каляскай ці веласіпедам увогуле немагчыма», – напісала ў сваім паведамленні абураная ляхавічанка.

Днямі ў рэдакцыю «ЛВ» са скаргай патэлефанаваў жыхар райцэнтра: «Дапамажыце разабрацца. Пясок расцягнуты па праезнай частцы. Калі пройдзе дождж, на гэтым участку дарогі можна атрымаць траўму». Размова ў абодвух выпадках ідзе пра гарадскі завулак Грушаўскі. Пабывалі карэспандэнты «ЛВ» і па ўказаным адрасе. Відавочна, што дарожнае ўладкаванне свежае, хадзіць там сапраўды нязручна, не гаворачы пра язду на веласіпедзе. За добраўпарадкаванне гарадскіх вуліц, завулкаў, плошчаў нясе адказнасць КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ».
– Некалькі тыдняў назад, як толькі дазволіла надвор’е, згодна з планам зрабілі падсыпку дарогі па завулку Грушаўскім пясчана-гравійнай сумессю. Пакуль пакрыццё свежае, будзе пэўны дыскамфорт для тых, хто ходзіць па гэтым участку. Але з часам ПГС утрамбуецца, і стан дарогі істотна палепшыцца, – запэўніў начальнік участка «Добраўпарадкаванне» Ляхавіцкай ЖКГ Уладзімір Несцяровіч.
Галіна КАНЬКО.